АРАБІ́ЗМ,
слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.
А.І.Жураўскі.
т. 1, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПЕДАГАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1907—14 у Гродне. Сярод арганізатараў выкладчыкі гімназіі і школ горада Я.Ф.Арлоўскі, К.У.Кемарскі, Д.Н.Кропатаў. Складалася з секцый: гісторыка-філал., прыродазнаўча-матэм., псіхал., выяўл. мастацтваў і музыкі; мела камісію па арганізацыі агульнадаступных чытанняў. Распрацоўвала навук. і пед. пытанні, праблемы эстэт. развіцця, папулярызавала дасягненні ў розных галінах навукі. Т-ва садзейнічала адкрыццю музея і кансерваторыі ў Гродне, правядзенню археал. раскопак у наваколлі горада, удзельнічала ў культ.-асв. мерапрыемствах. Выдавала час. «Педагогическое дело» (з 1911).
В.А.Цыбуля.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОС (Grosz) Жорж [сапр. Эрэнфрыд
(Ehrenfried) Георг; 26.7.1893, Берлін — 6.7.1959], нямецкі графік і жывапісец. Вучыўся ў АМ у Дрэздэне (1909—11). Арганізатар «Чырвонай групы» мастакоў (1924),
з 1928 чл. Асацыяцыі рэв. мастакоў Германіі. Пэўны час прымыкаў да экспрэсіяністаў і дадаістаў, пісаў вострапсіхал. партрэты. Аўтар графічных цыклаў («Твар пануючага класа», 1921; «Расплата будзе!», 1922; «Новы твар пануючага класа», 1932, і інш.), якія маюць антыбуржуазную, антымілітарысцкую накіраванасць. У 1932—59 жыў у ЗША, дзе стварыў шэраг сацыяльна-паліт. карцін («Мір», 1946).
т. 5, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Ф.Ф.Паўленкава, адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.Ф.Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).
т. 2, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛА́САЎ Уладзімір Васілевіч
(каля 1661—64—1711),
рускі землепраходзец. Сібірскі казак. У 1697—99 здзейсніў паходы на Камчатку, заснаваў астрог Верхнекамчацкі, абклаў данінай мясц народы. У 1701 за далучэнне Камчаткі да Расіі атрымаў чын казацкага галавы. Упершыню рознабакова апісаў прыроду і насельніцтва Камчаткі, даў звесткі пра астравы і землі паблізу ад Камчаткі і Чукоцкага п-ва, пра Курыльскія а-вы і Японію. Забіты ў час бунту служылых людзей. Імем Атласава названы бухта і вулкан на Курыльскіх а-вах.
т. 2, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎДЗЕ́ЕЎ Міхаіл Васілевіч
(22.11.1913, в. Гарадзецк Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобласці — 22.6.1979),
Герой Сав. Саюза (1942), ген.-маёр авіяцыі (1957). У Чырв. Арміі з 1932. Скончыў школу ваен. пілотаў (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, удзельнік абароны Перакопа, вызвалення Каўказа, Новарасійска, Румыніі і Балгарыі. Вызначыўся пры абароне Севастопаля, дзе ў паветр. баях збіў 6 самалётаў праціўніка. За час вайны зрабіў 498 баявых вылетаў, правёў 141 паветр. бой, збіў 17 самалётаў праціўніка.
т. 2, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРАМЕ́ЕЎ Сяргей Фёдаравіч
(5.5.1923, с. Віндрэй Тарбееўскага р-на, Мардовія — 24.8.1991),
сав. ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1983), Герой Сав. Саюза (1982). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1967). У Сав. Арміі з 1940. Удзельнік Вял. Айч. вайны. У пасляваенны час на камандных пасадах, у 1960—64 камандаваў танк. дывізіяй у Бабруйску. У 1984—88 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. З сак. 1990 саветнік прэзідэнта СССР. Нар. дэпутат СССР і чл. Вярх. Савета СССР у 1989—91. Ленінская прэмія 1980.
т. 2, с. 159
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ВА Марыя Аляксандраўна
(сапр. Броніна; 1897, в. Локшы, Віцебская вобласць — 28.4.1920),
адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля ў Бабруйску і Бабруйскім пав. ў гады грамадз. вайны і ваен. замежнай інтэрвенцыі. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Стварыла Ясеньскі раённы падп. к-т, які аб’ядноўваў 15 парт. ячэек у вёсках Бабруйскага пав. 25.4.1920 арыштавана польскімі акупантамі ў час павятовай падп. парт. канферэнцыі, што адбывалася на яе кватэры. Пасля катаванняў расстраляла разам з П.П.Фёдаравым. Яе імем названа вуліца ў Бабруйску.
т. 2, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГРЫ́НАВА,
вёска на Беларусі, у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобласці. За 13 км ад Талачына. 108 ж., 53 двары (1995). Узнікла на мяжы 15—16 ст. на тэр. Друцкага княства. У розны час належала Друцкім, Багрынаўскім, Адзінцэвічам, Сангушкам. У выніку адм. рэформы ВКЛ 1565—66 Багрынава ўвайшло ў Аршанскі пав. У пач. 20 ст. ў Багрынаве 192 ж., 25 двароў. Побач з вёскай група археал. помнікаў: гарадзішча, замчышча, курганны могільнік крывічоў (11 ст.).
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́Н Іван
(? — 17.2.1664),
украінскі дзеяч, вінніцкі і брацлаўскі палкоўнік, наказны гетман (1651). У час антыфеад. вайны 1648—51 паплечнік Б.Хмяльніцкага. Прыхільнік незалежнасці Украіны, выступаў супраць саюзу з Расіяй і з Польшчай. Вызначыўся перамогамі над польскімі войскамі на Брацлаўшчыне (1648), пад Вінніцай (1651), Жванцам (1653), Уманню (1654). У 1659 узначаліў паўстанне супраць укр. гетмана І.Выгоўскага, які перайшоў на бок польскай шляхты. У 1663—64 удзельнічаў у ваен. дзеяннях Польшчы супраць Расіі, абвінавачаны ў здрадзе і расстраляны польскімі ўладамі.
т. 2, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)