БАРЫ́САЎСКІ ХРУСТАЛЁВЫ ЗАВО́Д.
Засн. ў 1895 у г. Барысаў як шкляная гута. Вырабляў шкляны і хрусталёвы посуд, лямпавае шкло. У 1910 працавала 260 рабочых, лакамабіль і паравы кацёл. У час грамадз. вайны разбураны, адноўлены ў 1921 як шкляны з-д, з 1978 — Барысаўскі хрусталёвы завод. Асн. прадукцыя (1995): вырабы са шліфаванага свінцовага хрусталю, каляровага і бясколернага шкла (усяго каля 700 найменняў). Прадукцыя экспартуецца ў Рас. Федэрацыю, Украіну, Казахстан, Маддову, краіны Прыбалтыкі, ЗША, Вялікабрытанію, Германію, Фінляндыю і Швецыю.
т. 2, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЎКРАІ́НСКІ КАМІТЭ́Т ПО́МАЧЫ АХВЯ́РАМ ВАЙНЫ́ (Беларуская грамада) у Барнауле, дабрачынная арганізацыя па аказанні дапамогі бежанцам 1-й сусв. вайны. Дзейнічаў з перапынкамі з пач. 1918 да канца 1920. Задачы: абарона матэрыяльных і юрыд. інтарэсаў бел. і ўкр. бежанцаў, культ.-асв. дзейнасць сярод іх. Старшыня М.Ф.Бліадухо. Супрацоўнічаў з к-тамі бежанцаў інш. нацыянальнасцяў. У 1918 уваходзіў у Міжнар. к-т бежанцаў у Сібіры (Барнаул). У час грамадз. вайны дзейнасць неаднойчы забаранялася ваен. і цывільнымі ўладамі Барнаула.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 403
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ НАРО́Д»,
грамадска-паліт., эканам. і літ. газета. Выдавалася 20.1—5.2.1919 у Гродне на бел. і рус. мовах. Інфармавала пра работу бел. арг-цый і дзярж. структур. Апублікавала першыя заявы Нар. сакратарыята БНР, пратэст бел. арг-цый супраць намеру польск. ўрада правесці выбары ў сейм на Гродзеншчыне, якая на той час не ўваходзіла ў склад польск. дзяржавы, інфармацыю пра адкрыццё ў шэрагу гарадоў Беларусі аддзелаў Бел. культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Выйшлі 2 нумары.
А.С.Ліс.
т. 2, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРЛЕ́ (Varlet) Жан Франсуа
(14.7.1764, Парыж — каля 1832),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 4, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,
армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.
т. 4, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КІНГІ,
скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважна гандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.
т. 4, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́ВІЧ Леанід Міхайлавіч
(н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),
бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).
І.Д.Сіпакоў.
т. 4, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧО́Ў Міхаіл Васілевіч
(24.3.1921, в. Бесцвіна Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 7.3.1981),
рускі перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1971). Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1951). Працаваў у час. «Славяне», на Усесаюзным радыё, у апараце СП СССР. Пераклаў на рус. мову раманы «Людзі на балоце» І.Мележа, «Вецер у соснах» і «Сорак трэці» І.Навуменкі, «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава. «Чужая бацькаўшчына» В.Адамчыка, аповесці В.Быкава «Альпійская балада», «Трэцяя ракета», «Мёртвым не баліць», асобныя творы П.Галавача, У.Карпава, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, І.Пташнікава, А.Савіцкага, Т.Хадкевіча, І.Шамякіна і інш.
т. 5, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЭ́ГА
(Garcilaso de la Vega; 6.2.1503, г. Таледа, Іспанія — 14.10.1536),
іспанскі паэт, буйнейшы прадстаўнік ранняга ісп. Адраджэння. Быў дыпламатам пры двары Карла V, удзельнічаў у ваен. паходах, доўгі час жыў у Неапалі. Рэфармаваў ісп. верш, шырока ўводзіў італьян. памеры і цвёрдыя страфічныя формы (актава, санет, канцона). У лепшых сваіх творах — санетах і эклогах — апяваў прыгажосць свету і чалавечых пачуццяў (выд. ў 1543).
Тв.:
Рус. пер. [Стихи);
Сонеты // Поэзия испанского возрождения. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 5, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НАЎ ВАЛ
(англ. Antonine Wall),
старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.
т. 1, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)