Аско́р ’ачыстка ствала ад кары’ (Сцяшк.). Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *аскарыць, *аскараць, што павінен быў азначаць ’ачышчаць ад кары’; блізкі дзеяслоў вядомы ў польскай oskórować ’здымаць скуру; забяспечваць скураным пакрыццём’, аднак генетычна зразумела толькі другое значэнне, якое надаецца пры ўтварэнні дзеясловаў паводле мадэлі о‑ + корань назоўніка + ‑ити са значэннем ’прыдаць тое, што выражана назоўнікавым коранем’ (параўн. аснасціць, ашкліць). Для першага значэння больш характэрна выкарыстанне прэфікса ‑ад (параўн. і польск. odskórzanie ’здыманне скуры’). Пры замацаванні зафіксаванай дыялектнай формы з а‑, а не ad‑, магчыма, мела значэнне наяўнасць элемента ‑c‑, які ўспрымаўся не як частка кораня (што атаясамліваўся з кара, кор‑, а не з скор‑), а як прэфіксальны элемент з‑ (с‑).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Крумка́ч 1 ’воран, груган’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Шн., Сержп. Ск., Сержп. Грам., Федар. VII, Сл. паўн.-зах.). Параўн. крумкач, крункач і літ. krunkōčius ’тс’ (там жа, 2, 530). Балтызм, які ўзыходзіць да літ. kruñkti ’каркаць (пра варон)’. Наўрад ці неабходна разглядаць бел. крумкач, крункач як гібрыднае ўтварэнне (літоўскі корань, беларускі суфікс). Дакладным адпаведнікам бел. крункач з’яўляецца літ. krunkōčius ’воран’. Зразумела, што ўсе прыклады балтыйскай лексічнай інфільтрацыі ўзніклі ва ўмовах білінгвізму. Гл. Грынавецкене і інш. LKK, 16, 180; Лаўчутэ, Балтизмы, 69.
Крумка́ч 2 ’жаба’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Крумкач (назва жабы), відаць, узнікла як кантамінаваная форма ад кумкаць (толькі пра жаб) (гл.) і крумкаць 1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ка́зачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да казкі (у 1 знач.). Казачны сюжэт. Казачная канцоўка.
2. Які існуе толькі ў казках; нерэальны. Казачны горад. Казачныя асілкі. □ Верыцца [Ніне], што ў цемры над ёю, быццам казачны добры дух, заўсёды будзе бабуля — першая, найлепшая, адзіная... Брыль. // перан. Незвычайны, дзівосны, цудоўны. Вестка аб казачнай машыне... умомант абляцела ўсё наваколле. Дадзіёмаў. — Валі, напэўна, падабаецца слухаць казачную музыку Моцарта, Ліста, любавацца на карціны Гроггера і Матэйкі? Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
закла́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Гарантаванне звароту пазыкі шляхам перадачы крэдытору якой‑н. каштоўнай рэчы, маёмасці. Узяць грошы пад заклад. □ Стары, які загадваў усім на лодачнай станцыі, сказаў, што лодкі выдаюцца толькі дарослым і ў заклад за іх трэба пакідаць які-небудзь дакумент. Бяганская.
2. Рэч, пакінутая таму, хто даў пазыку. Выкупіць заклад. Вярнуць заклад.
3. Рэч, грошы, на якія паспрачаліся. Выйграць заклад.
•••
Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязда́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае здатнасці да чаго‑н.; няздольны. Няздатны да вучобы. Няздатны спяваць. □ Думала [Галя]: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Хіба яна такая ўжо няздатная, што нідзе сабе і месца добрага не знойдзе? Сабаленка.
2. Які не падыходзіць для чаго‑н.; непрыгодны. Можна было падумаць, што.. [Андрэй] толькі тое і робіць — смяецца ўвесь дзень, на другое няздатны. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падслепава́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Які дрэнна бачыць, вельмі блізарукі. Хасан падносіў папяросу да падслепаватых вачэй, спачатку чамусьці нюхаў яе і толькі пасля ўжо прыкурваў. Даніленка. Іваніха выпрамілася, уважліва агледзела чалавека — яго няголены падслепаваты твар, худыя брудныя рукі. Лось.
2. перан. Які мала прапускае або дае святла. Невялікія падслепаватыя вокны скупа прапускалі святло, хоць на дварэ ва ўсю свяціла веснавое сонца. Колас. Побач тулілася зямлянка з адным падслепаватым акном. Асіпенка. У хаце блішчаў падслепаваты агеньчык. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
радасло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да радаслоўя (у 1 знач); генеалагічны. Радаслоўная кніга. Радаслоўныя запісы.
2. у знач. наз. радасло́ўная, ‑ай, ж. Пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці. Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак. Толькі аднойчы Ягор Захаравіч прыадчыніў акенца ў сваю радаслоўную: — Бацька мой бунтаўшчыком быў. Карамазаў.
•••
Радаслоўнае дрэва гл. дрэва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
акра́вак, ‑раўка, м.
1. Абрэзак, кавалак, шматок чаго‑н. (скуры, тканіны і пад.). Вулічнае акно.. было заткнута кажушным акраўкам. Вітка. [Мікодым:] — Пашукай у куфры, можа, які акравак чырвонага ёсць! Сабаленка.
2. Наогул частка чаго‑н. Сцямнела неяк адразу, толькі там, дзе на сконе дня было паказалася сонца, дрыжаў акравак барвовага неба, як ад далёкага пажару. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калы́м, ‑у, м.
1. Выкуп, які ўносіцца жаніхом бацькам нявесты (у некаторых народаў Усходу, што захоўваюць перажыткі радавога быту). Пастух дзяўчыну пакахаў, А даць не мог калым багаты. Пысін.
2. Разм. Лёгкі пабочны заробак. — Цэлы вечар толькі і гаворкі — дзе тут больш зарабляюць, куды б гэта ўлезці, каб калым быў.., — пагардліва крывіў губы Грыша. Місько.
[Цюрк.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)