Адбылася ў красавіку 1990 у сувязі з невырашэннем праблем, звязаных з Чарнобыльскай катастрофай 1986. Паводле рашэння канферэнцыі прац. калектыву «Гомсельмаша» 26.4.1990, у 4-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС, работа прадпрыемства (30 тыс.чал.) была спынена. На інш. прадпрыемствах горада адбыліся мітынгі, спынілі работу станкабудаўнічы з-д імя Кірава, радыёзавод. Калоны рабочых прыйшлі на пл. Леніна, дзе адбыўся агульнагар. мітынг. Прынятая на ім рэзалюцыя патрабавала неадкладнага закрыцця ЧАЭС, прызнання Гомеля і вобласці зонай нац. і экалаг. Бедства. 7 — 8.7.1990 у час работы XXVIII з’езда КПССгар. забастовачны к-т з дапамогай гарсавета і гар. рады БНФ «Адраджэнне» арганізавалі ў Маскву марш-пратэст «За выжыванне». Пасля гэтага ў Гомель была накіравана ўрадавая камісія. 25.7.1990 паміж камісіяй, забастовачным к-там, СМБССР, абл. і гар. выканкомамі быў падпісаны пратакол, паводле якога Гомелю надаваўся статус горада, пацярпелага ад экалаг. бедства, і прадугледжвалася праграма дзярж. дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯКА́ЛЬНАЕ СВЯТЛО́,
свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв.проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАІ́МСКАЯ МО́ВА,
адна з цюркскіх моў (кыпчакска-агузская група). Пашырана пераважна на Украіне (Крым і зах.вобласці), у Літве і Польшчы. Мае 3 дыялекты: крымскі, тракайскі, галіцка-луцкі. Крымскі дыялект у значнай ступені асіміляваны з крымска-тат. мовай. Склад галосных гукаў адрозніваецца па дыялектах; у тракайскім і крымскім дыялектах 8 галосных: «а», «ы», «о», «у», «э», «и», «ӧ», «ӱ» ; у галіцкім дыялекце 6 галосных («ӧ», «ӱ» замяняюць «э», «и», напр., кӧз//кэз — вока); шыпячыя «ш», «ч» замяняюцца на свісцячыя «с», «ц». У сінтаксісе моцны ўплыў слав. моў; у лексіцы шмат славянскіх, у т. л. ў тракайскім дыялекце — бел. запазычанняў. Першыя рукапісныя пераклады Бібліі (14 ст.). Адзіная літ. мова не сфарміравалася, паколькі большасць караімаў выкарыстоўвала стараж.-яўр. пісьмо, а пазней лац. і кірылічны алфавіты. Друкаваныя выданні з 19 ст.
Літ.:
Мусаев К.М. Краткий грамматический очерк караимского языка. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГАГРА́ФЫ [ад логас + ...граф(ы)],
1) першыя стараж.-грэч. гісторыкі і географы, якія пісалі гіст. прозу. З’явіліся ў вобласціІонія ў сярэдзіне 6 ст. да н.э. Адрозніваюць старэйшае (6—1-я пал. 5 ст. да н.э.; Кадм Мілецкі, Гекатэй Мілецкі, Харон, Скілак і інш.) і малодшае (2-я пал. 5 ст. да н.э.; Ксанф, Ферэкід, Геланік і інш.) пакаленні. На аснове міфаў і паданняў яны спрабавалі ўзнавіць гісторыю грэч.полісаў, «варварскіх» краін, генеалогію арыстакратычных родаў, апісвалі чужыя землі і побыт народаў. Захаваліся фрагменты «Землеапісання» і «Генеалогіі» Гекатэя Мілецкага, «Персідскіх спраў» Харона, «Падарожжаў па Індыі» Скілака, «Лідзійскіх спраў» Ксанфа і інш. 2) Складальнікі суд. прамоў кліентаў у Стараж. Афінах (з канца 5 ст. да н.э.; Дэмасфен, Лісій і інш.) для выступленняў іх у час спрэчак у судзе. Рыхтавалі прамовы паводле характару, адукаванасці і інш. рыс кліента.
3) У эпоху позняй стараж.-рым. дзяржавы чыноўнікі імператарскай адміністрацыі, якія адказвалі за фінансы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАГІЛЁЎСКАЯ ПРА́ЎДА»,
абласная грамадска-паліт. газета. Выдаецца з 10(23).1.1918 у Магілёве. Выходзіць 2 разы на тыдзень на бел. і рус. мовах. У 1918 (№ 1—10) наз. «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов», з № 11 «Известия Могилевского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских и рабочих депутатов», у ліст.—снеж. — «Известия Могилевского губернского революционного комитета». У сак.—кастр. 1918 у час акупацыі Магілёва ням. войскамі не выходзіла. Са студз. 1919 наз. «Соха и молот», з 10.10.1924 — «Магілёўскі селянін», з ліст. 1929 да 1941 — «Камунар Магілёўшчыны». У Вял.Айч. вайну выходзіла ў падполлі пад назвай «За Радзіму» як орган Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б (№ 1 выйшаў 24.3.1943). З 12.8.1956 наз. «Магілёўская праўда». Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця вобласці, рэспублікі. Змяшчае матэрыялы па пытаннях культуры, л-ры і мастацтва. З 1984 мае штотыднёвы дадатак «Днепровская неделя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАУ́Р’Я,
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласціПаўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСІ́ЎНАЕ ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,
права асобы выбірацца ў выбарныя дзярж. органы і органы мясц. самакіравання; права быць зарэгістраваным у якасці кандыдата, праводзіць перадвыбарчую прапаганду і агітацыю, карыстацца ўсімі інш. правамі. У многіх дзяржавах валоданне П.в.п. абумоўлена рознымі павышанымі (у параўнанні з актыўным выбарчым правам) выбарчымі цэнзамі: узроставым, аселасці, адукац., службовым. Маёмасныя цэнзы для ажыццяўлення П.в.п. (пры выбарах у агульнанац. прадстаўнічыя органы) устаноўлены ў Канадзе, Аргенціне, Бельгіі, Коста-Рыцы і інш. Найчасцей абмежаванні датычаць павышанага ўзроставага цэнзу. На выбарах у верхнія палаты парламентаў гэты цэнз асабліва высокі, напр., у ЗША, Японіі, Індыі П.в.п. валодаюць грамадзяне, якія дасягнулі 30 гадоў (у ніжнюю — 25 гадоў), у Італіі адпаведна 40 і 25 гадоў. На Беларусі членам Савета Рэспублікі можа быць грамадзянін, які дасягнуў 30 гадоў і пражываў на тэр. адпаведнай вобласці, г. Мінска не менш як 5 гадоў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата) можа быць грамадзянін, які дасягнуў 21 года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́Й (Зіновій Іосіфавіч) (27.1.1935, в. Падсадкі Пустамытаўскага р-на Львоўскай вобласці — 28.7.1984),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар.арт. Беларусі (1964). Вучыўся ў Кіеўскай (1957—59), скончыў Бел. кансерваторыю (1981). З 1954 саліст ансамбля Прыкарпацкай ваен. акругі, з 1957 у Кіеўскім, з 1960 у Львоўскім т-рах оперы і балета. У 1963—77 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі героіка-драм. і трагедыйнага плана. Лепшая роля — Атэла ў аднайм. оперы Дж.Вердзі. Сярод інш. партый: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Манрыка, Радамес, Герцаг («Трубадур», «Аіда», «Рыгалета» Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С.Танеева). Канцэртны рэпертуар спевака ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў, у т. л. творы бел. кампазітараў, неапалітанскія песні.
Літ.:
Жураўлёў Дз.М. Зіновій Бабій // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Пятровіч) (26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),
рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл.Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац.маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.