самы паўднёвы геагр. пояс Зямлі. Уключае Антарктыду з прылеглымі астравамі і воды акіянаў, якія яе абмываюць. Займае 5% плошчы зямнога шара (амаль палавіна прыпадае на антарктычных пустыняў зону). Мяжу антарктычнага пояса звычайна праводзяць па ізатэрме 5 °C, самага цёплага месяца (студз. ці лютага). Характарызуецца адмоўнымі ці нізкімі дадатнымі значэннямі радыяцыйнага балансу, панаваннем антарктычных паветраных масаў, антарктычным кліматам, доўгай палярнай ноччу, халоднымі паверхневымі водамі, перавагай на сушы ландшафтаў зоны арктычных пустыняў, значнай ледавітасцю акіяна. Гл.Антарктыка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКААГУЛЯ́НТЫ [ад анты... + лац. coagulans (coagulantis) які вядзе да згусання] у медыцыне, лекавыя сродкі, якія памяншаюць скорасць згусання крыві і перашкаджаюць утварэнню тромбаў. Уплыў антыкаагулянтаў прамога дзеяння (гепарын, гірудзін і інш.) адбываецца праз зніжэнне актыўнасці трамбіну ў крыві, антыкаагулянты ўскоснага дзеяння (дыкумарын, пелентан, фенілін і інш.) — праз парушэнне працэсаў утварэння трамбіну ў печані. Выкарыстоўваюцца пры інфарктах, тромбафлебітах, трамбатычных і эмбалічных інсультах, пасля хірург. ўмяшання і інш. Проціпаказаны пры цяжарнасці, язвавай і нырачнакамянёвай хваробах, схільнасці да крывацёкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФРЫ́З (ад анты... + лац. freeze замярзаць),
вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕКЛЯМІ́ШАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (16.8.1861, г. Днепрапятроўск — 1920),
рускі скульптар, пераважна партрэтыст і жанрыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1878—87), пазней яе праф. (з 1894) і рэктар (1900—02 і 1906—11). У творчасці спалучаў уплыў перасоўнікаў і познаакадэмічнае мастацтва («Якія свежыя на дзіва былі ружы», 1892, «Вясковая любоў», 1896; партрэты А.А.Рыцоні, 1902, А.І.Куінджы, 1909; і інш.). Аўтар помнікаў Ермаку ў Новачаркаску (1904) і С.П.Боткіну ў Пецярбургу (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЎНШТЭ́ЙН (Аляксандр Яўсеевіч) (26.5.1902, г. Харкаў, Украіна — 1986),
савецкі біяхімік Акад.АНСССР (1964), АМНСССР (1945). Герой Сац. Працы (1972). Скончыў Харкаўскі мед.ін-т (1925). З 1928 у мед.навук. установах Расіі, з 1960 у Ін-це малекулярнай біялогіі АНСССР. Навук. працы па абмене амінакіслот і хіміі ферментаў. Адкрыў рэакцыі пераамінавання і абгрунтаваў іх ролю пры азоцістым абмене. Распрацаваў (разам з М.М.Шамякіным, 1952) агульную тэорыю дзеяння ферментаў, якія маюць вітамін B6. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ГА-ДНЯСТРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён эпохі неаліту, якія ў 6—4-м тыс. да н.э. насялялі парэчча Паўд. Буга і Днястра. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, часткова жывёлагадоўляй і земляробствам, жыло на невял. неўмацаваных паселішчах у наземных жытлах (пл. 12—36 м²). Асн. формы керамікі — вастрадонныя гаршкі, міскі, бомбападобныя пасудзіны з наляпнымі валікамі, арнаментаваныя «шышачкамі», пальцавымі зашчыпамі, хвалістымі стужачнымі кампазіцыямі, на познім этапе — грабеньчатым штампам. На думку даследчыкаў, Буга-Дняпроўская культура — адзін з этапаў фарміравання трыпольскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛАНО́ВА (Villanova),
культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІША́ПЫ (іран.),
каменныя статуі (выш. да 5 м) у выглядзе рыбы або слупа з расцягнутай на ім скурай быка. Упершыню выяўлены ў 1909 у Арменіі ў раёне Гегамскага хр. Знаходзіліся паблізу стараж. каналаў і азёр, якія выкарыстоўваліся для вадапою жывёлы. Зроблены, магчыма, у 2-м тыс. да н.э. і звязаны з культам божастваў урадлівасці і вады. Пазней армяне лічылі статуі выявамі злых духаў і называлі іх вішапамі, г. зн. дэманамі. Выяўлены таксама на Паўн. Каўказе, у Грузіі, Манголіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРО́ЎСКІ БОЙ 1942.
Адбыўся паміж партызанамі атрада М.М.Нікіціна (з ліп.партыз. брыгада М.М.Нікіціна) і ням.-фаш. карнікамі ў ліп. 1942 у Дзяржынскім р-не Мінскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. 14.6.1942 атрад карнікаў з 9 бронемашынамі і 6 танкамі ва ўрочышчы Доўгі Востраў (каля в. Александрова Дабрынёўскага с/с) акружыў партызан (120 чал.), якія на працягу 8 гадзін адбілі 21 атаку гітлераўцаў і прарвалі акружэнне. Гітлераўцы спалілі в. Александрова і расстралялі яе мужчынскае насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІБІДЭМІ́Я (ад а... + лібіда),
поўная адсутнасць лібіда. Уласціва пераважна жанчынам. Найчасцей вынік прыроджаных або набытых нейраэндакрынных расстройстваў, якія прыводзяць да недаразвіцця ўсёй палавой сферы (інфантылізму) або да другаснага зніжэння (амаль да поўнага знікнення) палавой цягі. Прычынай алібідэміі з’яўляюцца таксама інтаксікацыі наркотыкамі, нейралептыкамі, транквілізатарамі, постінфекц. пашкоджанні гіпаталамуса, узроставая інвалюцыя (гл. Клімакс). У выключных выпадках А. можа быць вынікам няправільнага выхавання. У мужчын надзвычай рэдкая і абумоўлена ў асноўным глыбокай паталогіяй гіпаталама-гіпафізарна-ганаднай сістэмы, часцей недаразвіццём усёй палавой сістэмы.