ПАСІЁНЫ (італьян. passione ад лац. passio пакута), страсці,
рэлігійнае дзейства, заснаванае на евангельскіх тэкстах пра пакуты і смерць Ісуса Хрыста. Як асобная літургічная цырымонія П. выкарыстоўваліся хрысц. царквой з 4 ст. У каталіцкім набажэнстве суправаджалася ўрачыстым спяваннем паводле спец. выпрацаваных для гэтай мэты рэчытатыўных формул (тонаў). Адбывалася ў час мес Вербнай нядзелі, серады, чацвярга і пятніцы перадвелікоднага тыдня. Першапачаткова П. рэчытаваліся салістам (дыяканам), з 13 ст. ёсць звесткі пра драматызаванае, падзеленае на ролі (апавядальнік, Хрыстос, хор іудзеяў і інш.) выкананне. З 15 ст. распаўсюдзіліся рэспансарыяльныя (манадыйныя эпізоды чаргаваліся з поліфанічнымі) і матэтныя (увесь тэкст быў апрацаваны поліфанічна) П. У 17 ст. ўзнік новы тып П. — аратарыяльны, у якім біблейскі тэкст дапаўняўся вершамі і гімнамі, а муз. трактоўка (эмацыянальны рэчытатыў саліста замест традыц. псалмодыі, арыі, вак. ансамблі, інстр. эпізоды) адпавядала барочнай стылістыцы (А.Скарлаці). Росквіт П. звязаны з пратэстанцкай традыцыяй («Страсці па Іаану», 1724, «Страсці па Матфею», 1729, І.С.Баха). П. ў правасл. набажэнстве («Страсці Хрыстовы») фіксуюцца ў слав. рукапісах з 12 ст. Яны выконваліся ў час ютрані Вял. пятніцы і ўключалі 12 урыўкаў з Евангелляў, вял. колькасць спеваў (антыфонаў, трапароў, стыхір і г.д.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎУСТА́Ў,
тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́ЖНЫ ПАРК, англійскі парк,
тып парку, якому ўласцівы свабодная планіроўка, маляўнічае размяшчэнне кампазіцыйных элементаў, што імітуе прыродны ландшафт. Пры стварэнні такіх паркаў творча перапрацоўваліся матывы натуральнай прыроды; партэры замяняліся лужкамі, геам. па форме басейны і каналы — азёрамі і рэчкамі, строгі рытм пасадак — асобнымі або свабодна згрупаванымі дрэвамі (курцінамі), прамыя алеі — сцяжынкамі. Для больш эфектнага выгляду ў кампазіцыю П.п. ўводзіліся невял. збудаванні ў выглядзе гатычнага сабора, замка, грота, бутафорскія пабудовы ў псеўдакіт. стылі і інш. малыя формы архітэктуры, каскады. У стварэнні паркавых перспектыў выкарыстоўваліся кулісы (сценкі са стрыжаных дрэў і кустоў). У многіх парках пейзажныя прынцыпы кампазіцыі спалучалі з рэгулярнымі.
П.п. ўзніклі ў сярэдзіне 18 ст. ў Еўропе. У іх развіцці важную ролю адыгралі філас. ідэі Асветніцтва, а таксама мастацтва Кітая. Першыя П.п. ў Еўропе створаны ў Вялікабрытаніі (арх. Ч.Брыджмен і інш.) і Францыі (арх. Р.Л.Жырардэн). З канца 18 ст. пашыраны ў Расіі (паркі ў Паўлаўску, Кузьмінках Маскоўскай вобл.), на Украіне (Уманскі дэндрапарк «Сафіеўка»), На Беларусі П.п. з’явіліся на мяжы 18—19 ст. ў сядзібных, палацавых комплексах (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Краскаўская сядзіба, Столінская сядзіба «Манькавічы», Вердаміцкі парк, Лагойскі палацава-паркавы ансамбль і інш.).
Участак пейзажнага парку з «Храмам дружбы» ў г. Паўлаўск Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́Д КО́ЛЬКАСНЫХ ЗМЯНЕ́ННЯЎ У Я́КАСНЫЯ адзін з асноўных законаў дыялектыкі, які раскрывае ўзаемную сувязь колькасных і якасных змяненняў у развіцці прыродных і сац. з’яў. Сфармуляваны Г. Гегелем на аб’ектыўна-ідэаліст. аснове. У матэрыяліст. дыялектыцы — усеагульны закон развіцця аб’ектыўнага свету. Змест закону раскрываецца праз усе катэгорыі дыялектыкі, перш за ўсё якасці, колькасці, меры і дыялектычнага скачка. Якасць і колькасць узаемавызначальныя, узаемаабумоўленыя катэгорыі і іх арган. ўзаемасувязь выяўляецца праз катэгорыю меры або таго адрэзка колькасных змяненняў, у межах якога прадмет (з’ява) застаецца сам сабой. Згодна з гэтым законам змена прыроды дадзенага прадмета (з’явы) — пераход ад адной якасці да другой, адбываецца толькі ў тым выпадку, калі колькасныя змяненні дасягаюць пэўнай мяжы, якая выходзіць за рамкі меры. Пераход рэчы ад аднаго якаснага стану да другога, узнікненне новай рэчы адбываюцца праз скачок. Адрозніваюць скачкі-выбухі і паступовыя скачкі, адзінарныя і комплексныя, прагрэсіўныя і рэгрэсіўныя і інш.Тып скачка абумоўлены зместам прадмета і ўмовамі, у якіх адбываецца фарміраванне і вырашэнне супярэчнасці. Узнікненне новай якасці (новага прадмета) непасрэдна ўплывае на колькасныя параметры рэчы, у т. л. на меру.
Літ.:
Гегель Г. Энциклопедия философских наук: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1974—77;
Яго ж. Наука логики: Пер. с нем. Т. 1—3. М., 1970—72;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),
рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П. (вобраз Грушніцкага ў рамане М.Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.Фадзеева «Разгром» паслужыў А.Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.Коласа «Дрыгва» паслужыў В.І.Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.Сяднёў).
Літ.:
Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ЛІВЕН (Sullivan) Луіс Генры (3.9.1856, г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 14.4.1924),
амерыканскі архітэктар; адзін з пачынальнікаў рацыяналізму, лідэр т.зв. чыкагскай школы. Вучыўся ў Масачусецкім тэхнал. ін-це ў Кеймбрыджы (1872), наведваў Школу прыгожых мастацтваў у Парыжы (1874). Зазнаў уплыў Г.Х.Рычардсана. У 1875—95 працаваў у Чыкага з інж. Д.Адлерам: будынак Аўдыторыума (1886—89) — самая вял. ў ЗША тэатр. зала, заключаная ў абалонку з 10-павярховых карпусоў гасцініцы і офісных памяшканняў, і інш. Распрацаваў новы тып вышыннага будынка, дзе раскрыў спецыфічныя маст.-вобразныя якасці небаскроба з метал. каркаса і ячэйкавай структурай. Выкарыстоўваў верт. цягі, спалучаў строгія плоскасці са складаным крывалінейным арнаментам з чыгуну ў духу стылю мадэрн: Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе (1890—91), Гаранты-білдынг у Буфала (1894—95), будынак фірмы «Карсан-Піры-Скот» у Чыкага (1899—1900). Уласную тэорыю рацыяналізму найб. поўна выклаў у арт. «Вышынны канторскі будынак з мастацкага пункту гледжання» (1896). Стварыў канцэпцыю арган. архітэктуры, пазней развітой яго вучнем Ф.Л.Райтам. Творчасць С. паўплывала на развіццё еўрап. функцыяналізму 1920-х г. Аўтар шэрагу літ. прац, у т. л.кн. «Гутаркі ў дзіцячым садзе» (1901—02).
Тв.:
Рус.пер. — [Избр. отрывки] // Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972.
І.М.Скварцова.
Л.Салівен. Уэйнрайт-білдынг у Сент-Луісе. 1890—91.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРУ́Х,
унутрана неабходнае самаадвольнае змяненне сістэмы ў выніку супярэчнасцей, апасродкаваных знешнімі ўмовамі і ўплывамі. Уласцівы аб’ектам усіх узроўняў пабудовы — ад мех., квантава-фіз. (змены ў субатамных, атамных і малекулярных сістэмах у выніку няўстойлівасці іх структур) і хім. (працэсы С. ў каталітычных сістэмах) да біял. і сац. ўзроўняў. На хім., біял. і сац. узроўнях С. выяўляецца ў адкрытых і цэласных сістэмах (арганізм, грамадства, біясфера); для іх характэрны вышэйшы тып С., якому ўласцівы пераход на больш высокую ступень арганізацыі — самаразвіццё. Прынцып С. разглядаўся яшчэ ў стараж.-грэч. філасофіі (Арыстоцель, Геракліт). Ідэю С. развіваў Г.Лейбніц, які выявіў дзейны пачатак у цялеснай субстанцыі. Вучэнне пра С. матэрыі прапанавалі франц. матэрыялісты (К.Гельвецый, П.Гольбах, Д.Дзідро). І.Ньютан і шэраг філосафаў-метафізікаў 18 ст. адмаўлялі магчымасць С. і сцвярджалі, што кожны рух мае знешнюю крыніцу (абсалютны першапачатак, Бог). Разгорнутую канцэпцыю С. і яго модусаў распрацаваў Г.Гегель, які разглядаў С. як формы самавыяўлення абсалютнай ідэі. Гл. таксама Рух, Развіццё, Самаарганізацыя, Сінергетыка.
Літ.:
Свидерский В.И. Противоречивость движения и ее проявления. Л., 1959;
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Солопов Е.Ф. Движение и развитие. Л., 1974;
Самоорганизация: кооперативные процессы в природе и обществе. Ч. 1—2. М., 1990;
Концепция самоорганизации в исторической ретроспективе. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДРАКО́Ў Сяргей Вячаслававіч (21.10.1876. г. Мглін Бранскай вобл., Расія — 2.8.1953),
бел. вучоны, журналіст. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях, скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1906). Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. У рэвалюцыю 1905—07 чл. Мінскага к-таБел.сацыяліст. грамады, рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии» (выйшаў 1 нумар 1.1.1906 у Мінску, забаронена царскімі ўладамі), дзе змясціў свой рэв. твор «Казка пра голых і сабаліныя футры», вершы на бел. мове Ф.Багушэвіча і Я.Лучыны Адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва«Мінчук». У 1907—10 у мінскіх газетах друкаваў паліт. казкі. З 1911 дырэктар доследнага поля ў Палтаўскай губ., з 1921 — Бел. агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне, праф.БДУ, БСГА. Працаваў у Інбелкульце (у 1923—25 адказны сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства) і Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 на навук. і пед. рабоце ў Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Аўтар апавяд. «Аграном Сэрадэля» (1924), навук.-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. С. — прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.Коласа «На ростанях». Збярог жывапісныя творы К.Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пейзаж». Перапісваўся з У.Караленкам.
Літ.:
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. №11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТА́Ў,
самы старажытны тып кірыліцкага пісьма (гл.Кірыліца). Узнік на аснове візант. У. Выкарыстоўваўся ў раннім слав. пісьменстве, у старабел. пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце. Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва У. звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісалі асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. У якасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп’е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (≠) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе. У. пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае і Мсціжскае (14 ст.) евангеллі (гл. адпаведныя арт.). Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найб. доўга і трывала У. ужываўся ў полацкіх граматах. Бел. граматы 2-й пал. 14 ст., напісаныя ў інш. мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў. У канцы 14 ст. заменены паўуставам і скорапісам.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Да арт.Устаў. Старонка Тураўскага евангелля. 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАЗЕАЛАГІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
тыпслоўніка лінгвістычнага, у якім сабраны і разгледжаны не асобныя словы, а фразеалагічныя адзінкі. Паводле прызначэння Ф.с. бываюць тлумачальныя, этымалагічныя і перакладныя, паводле крыніц матэрыялу — літ. мовы. нар. мовы і асобных гаворак.
Да тлумачальных Ф.с. бел.літ. мовы адносяцца «Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх літаратурных крыніц» Ф.М.Янкоўскага (1960), «Фразеалагічны слоўнік. Для сярэдняй школы» Н.В.Гаўрош, І.Я.Лепешава і Янкоўскага (1973). «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993). На матэрыяле бел.нар. мовы створаны тлумачальныя слоўнікі «Беларуская фразеалогія: Фразеалагізмы. іх значэнне, ужыванне» Янкоўскага (1968), «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Е.С.Мяцельскай і Я.М.Камароўскага (1972), «З народнай фразеалогіі» Лепешава (1991), «Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны» М.А.Даніловіча (2000). На матэрыяле гаворкі Мсціслаўшчыны падрыхтаваны 3 вып. тлумачальнага Ф.с. Г.Ф.Юрчанкі: «І коціцца і валіцца» (1972), «І сячэ і паліць» (1974), «Слова за слова» (1977). У «Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў» Лепешава (ч. 1—2. 1981—93) фразеалагізмы разгледжаны з боку іх паходжання. Перакладны Ф.с. — «Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу» Л.Корсак і Л.Марціновіч (1984), «Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем» З.Санько (1991), «Беларуска-польскі фразеалагічны слоўнік» А.Аксамітава і М.Чурак (2000).