АЗЫ́Х,

стаянка першабытнага чалавека ў пячоры каля в. Азых (Нагорны Карабах, даліна р. Куручай). У напластаваннях таўшч. каля 14 м выяўлены матэрыялы ад ранняга ашэля да мусцье, у т. л. фрагмент сківіцы самага стараж. на Каўказе выкапнёвага чалавека — азыхантрапа (сярэдні ашэль). На думку некат. даследчыкаў, знаходкі аббітых галек у ніжніх пластах стаянкі даюць падставу меркаваць пра з’яўленне тут чалавека ў эпоху олдувай.

т. 1, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБВЯШЧЭ́ННЕ ПАМЕ́РЛЫМ,

паводле бел. права прызнанне па рашэнні суда грамадзяніна памерлым пры адсутнасці ў месцы яго пастаяннага жыхарства звестак пра яго месцазнаходжанне на працягу 3 гадоў, а калі ёсць падставы меркаваць, што ён прапаў без вестак пры абставінах, калі яму пагражала смерць, — на працягу 6 месяцаў. У выпадку яўкі або выяўлення месцазнаходжання такога грамадзяніна рашэнне аб абвяшчэнні памерлым адмяняецца судом.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРСЕ́Н, Арсен Адзелашвілі (? — 1843),

удзельнік сялянскага руху ў Грузіі ў 1-й пал. 19 ст. Адабраныя ў багацеяў каштоўнасці і маёмасць ён раздаваў беднякам, за што набыў павагу прыгнечанага народа. Яму прысвечана груз. нар. паэма «Песня пра Арсена» (створана ў 1840-я г., апубл. ў 1872). Яго вобраз як нар. героя ўвасоблены ў творчасці многіх пісьменнікаў, адлюстраваны ў драматургіі і кіно.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),

сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.​Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.

т. 3, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІКАВА (Таццяна Іванаўна) (н. 28.11.1947, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. празаік. Скончыла БДУ (1970). Друкуецца з 1962. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцей «Дзе лес шуміць» (1978), «Пры святле расстанняў» (1985) і інш. Асноўнае ў яе творах — маральна-этычныя аспекты грамадства, духоўныя пошукі героя. Адметнае ў маст. манеры — аўтарская занепакоенасць людскімі лёсамі, шматграннасць чалавечай душы, клопат пра заўтрашні дзень Сусвету.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГУ́ТАРКА КУЗЬМЫ́ З АПАНА́САМ»,

ананімны вершаваны твор бел. л-ры 19 ст. Упершыню апубл. І.Насовічам у «Записках имп. Рус. геогр. о-ва по отд. этнографии» (т. 5. СПб., 1873). Сюжэтную аснову «Гутаркі...» складае спрэчка паміж сялянамі пра тое, што прынесла бел. вёсцы скасаванне паншчыны. Ёсць у творы і быт. замалёўкі.

Публ.:

Гарэцкі М. Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век — 1905 год. Вільня, 1922.

т. 5, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙНЭ (Аркадзь Андрэевіч) (10.1.1919, г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. — 16.12.1942),

бел. паэт. Вучыўся ў Камуніст. ін-це журналістыкі ў Мінску (1938—41). Загінуў на Сталінградскім фронце. Друкаваўся з 1934 (вершы, артыкулы, рэцэнзіі, апавяданні). Вершы (зб. «Шчаслівая зорка», 1939) пра каханне, сяброўства, любоў да Радзімы.

Тв.:

: У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Аркадзь Гейнэ // Радзіме — радок і жыццё. Мн., 1986.

А.А.Гейнэ.

т. 5, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАСПЕРМІ́Я (ад гема... + грэч. sperma семя),

з’яўленне крыві (эрытрацытаў) у сперме, якая пры гэтым набывае чырвоны або «ржавы» колер. Найчасцей кроў трапляе ў сперму з семявых пузыркоў або прастаты пры іх захворваннях, а таксама пры наяўнасці камянёў у прастаце, разрыве невял. варыкозных вен, папілом, семявага бугарка і інш. Гемаспермія не зніжае жыццяздольнасці сперматазоідаў, але сведчыць пра захворванне палавых органаў, што патрабуе лячэння.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЎСТАФ’ЕЎ (Серафім Фёдаравіч) (н. 2.1.1914, г. Чыятура, Грузія),

бел. інжынер. Сын Ф.Ф.Еўстаф’ева. Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це торфу АН Беларусі, у 1954—70 у БПІ. Сканструяваў пнеўматычны барабан для перакочвання цыліндрычнага торфу пры яго сушцы, воданаліўны каток для ўшчыльнення грунту. Распрацаваў тэорыю праектавання і выяўлення на чарцяжах святлоценявых форм. Аўтар успамінаў пра Ф.​Ф.​Еўстаф’ева.

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЗВЕ́СТИЯ ЦК КПСС»,

«Известия Центрального комитета Коммунистической партии Советского Союза», савецкі інфармацыйны часопіс. Выдаваўся ў Маскве ў 1919—29 [пад назвамі «Известия ЦК РКП(б)» і «Известия ЦК ВКП(б)»] і ў 1989—91. Друкаваліся рашэнні вышэйшых органаў партыі, інфармацыя аб бягучай дзейнасці ЦК КПСС, яго кіруючых органаў, паведамленні пра кадравыя перамяшчэнні, біяграфіі асобных парт. функцыянераў, дакументы з архіваў партыі і інш.

т. 7, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)