ГЕАГРА́ФІЯ СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае заканамернасці і асаблівасці тэрытарыяльнай дыферэнцыяцыі с.-г. вытворчасці. Уключае выяўленне і аналіз прыродных і сац.-эканам. фактараў яе размяшчэння, умоў і спецыфікі развіцця ў асобных краінах і раёнах. Разглядае с.-г. вытв-сць ва ўзаемасувязі з інш. галінамі. Ахоплівае агульную тэорыю размяшчэння і тэр. арганізацыю с.-г. вытв-сці, геаграфію асобных галін (раслінаводства, жывёлагадоўлі), тыпалогію і с.-г. раянаванне розных тэрыторый.
т. 5, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАКАЛІ́Т (ад гідра... + лакаліт),
купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.
т. 5, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ СТАДЫЯ́Л,
апошні стадыял паазерскага зледзянення на тэр. Беларусі. Адбыўся 14—15 тыс. гадоў назад. Ледавік займаў крайнія Пн і ПнЗ Беларусі. Сфарміраваўся озава-камавы і канцова-марэнны рэльеф Азершчынскай, Нешчардаўскай, Асвейскай, Браслаўскай і інш. градаў. У прылеглых да іх з Пд частках Полацкай і Суражскай нізін намножыліся зандравыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Утварыліся першыя надпоймавыя тэрасы Бярэзіны (бас. Дняпра) і самыя высокія тэрасы Нёмана, Віліі і Зах. Дзвіны.
т. 3, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ,
зборная назва вайсковых часцей, злучэнняў і аб’яднанняў у відах узбр. сіл (акрамя ВПС і ВМФ), а таксама абагульняльная назва сіл і сродкаў аператыўнага і тэр. аб’яднанняў (войскі фронту, войскі арміі, войскі ваеннай акругі і інш.), злучэнняў і аб’яднанняў, якія выконваюць пэўную задачу (войскі прыкрыцця, войскі умацаваных раёнаў і інш.). Гл. таксама Войскі проціпаветранай абароны, Войскі сувязі, Дарожныя войскі, Інжынерныя войскі, Паветрана-дэсантныя войскі, Пагранічныя войскі, Ракетныя войскі.
І.А.Шор.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬШЫЦА,
возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.
т. 4, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ БАЛО́ТА,
біялагічны заказнік у Расонскім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін і падтрымання экалагічнай раўнавагі і гідралагічнага рэжыму прылеглых тэрыторый. Пл. 650 га (1996). Размешчаны на балотным масіве Выдрын Мох на тэр. Юхавіцкага лясніцтва. Рэльеф цэнтр. ч. балотнага масіву градава-балоцісты. У раслінным покрыве пашыраны хваёва-кустова-сфагнавыя фітацэнозы і журавіны. Лясы пераважна хваёвыя, на асобных мінер. участках бярэзнік і ельнікі.
т. 4, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУА́ (Valois),
дынастыя французскіх каралёў у 1328—1589, пабочная лінія Капетынгаў. Складалася з трох галін: прамой — Філіп VI [1328—50], Іаан II Добры [1350—64], Карл V Мудры [1364—80], Карл VI [1380—1422], Карл VII [1422—61], Людовік XI [1461—83], Карл VIII [1483—98]; Арлеанскай — Людовік XII [1498—1515, завяршыў тэр. аб’яднанне Францыі]; Ангулемскай — Францыск I [1515—47, паклаў пачатак абсалютызму ў краіне], Генрых II [ 1547—59], Францыск II [1559—60], Карл IX [1560—74], Генрых III [1574—89]. Апошнія тры каралі былі бяздзетныя. Валуа спынілі існаванне ў час Рэлігійных войнаў пасля забойства Генрыха III.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯГЦЯ́НСКІ СКАРБ Знойдзены ў 1957 на ўскраіне в. Дзягцяны Капыльскага р-на Мінскай вобл. Ухаваны каля 1050. Складаўся з 21 фрагмента сярэбраных ювелірных вырабаў з дробным зярненнем і сканню, 320 дэнарыяў Англіі (10 экз.), Венгрыі (3), Герм. імперыі (165), Даніі (1), Чэхіі (123), нявызначаныя (4), імітэты манет Англіі (3) і Германіі (9), фрагменты куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата (2). Па колькасці чэшскіх дэнарыяў скарб не мае аналагаў на тэр. Усх. Еўропы.
т. 6, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДАГАВО́Р 1955 аб аднаўленні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі.
Заключаны 15.5.1955 у Вене СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй з аднаго боку і Аўстрыяй — з другога. Набыў сілу 27.7.1955. Уключае абавязкі вял. дзяржаў паважаць незалежнасць і тэр. цэласнасць Аўстрыі ў граніцах на 1.1.1938, забараняе далучэнне Аўстрыі да Германіі (аншлюс), абавязвае ўрад Аўстрыі не дапускаць дзейнасці фаш. арг-цый і забяспечваць дэмакр. свабоды. 26.10.1955 аўстр. парламент прыняў канстытуцыйны закон аб пастаянным нейтралітэце Аўстрыі.
т. 6, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́БАЙ,
курганны могільнік (7 — пач. 6 ст. да н.э.) мілаградскай культуры каля в. Дубай Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Больш за 80 насыпаў. Зафіксаваны незвычайны для мілаградскай культуры на тэр. Беларусі пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на ПдУ (1—3 нябожчыкі ў кургане), побач клалі інвентар, над магілай рабілі драўляную дамавіну, зверху насыпалі курган. Сярод знаходак жал. наканечнікі дзід, залатая завушніца, вял. грушападобныя пасудзіны.
С.Я.Расадзін.
т. 6, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)