ІЛЬЮ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (30.3.1894, с. Дзілялёва Валагодскай вобл., Расія — 9.2.1977),
савецкі авіяканструктар. Акад.АНСССР (1968), ген.-палк.інж.-тэхн. службы (1967). Тройчы Герой Сац. Працы (1941, 1957, 1974). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1926). З 1916 у авіяцыі, у 1919—21 у Чырв. Арміі, у 1926—31 у навук.-тэхн. камітэце ВПС. З 1931 нач.Цэнтр. канструктарскага бюро, з 1933 гал. і ген. канструктар КБ. Праф. Ваенна-паветр. акадэміі (1948). Пад яго кіраўніцтвам створаны розныя тыпы самалётаў з поршневымі і турбарэактыўнымі рухавікамі: бамбардзіроўшчык Іл-4; штурмавікі Іл-2 (1939), Іл-8, Іл-10 (1943); рэактыўныя бамбардзіроўшчык Іл-28 (1948) і штурмавік Іл-40 (1953); пасажырскія самалёты Іл-12 (1946), Іл-14 (1951), Іл-18 (1957), Іл-62 (1962). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943, 1946, 1947, 1950, 1952. Ленінская прэмія 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́ТЫ ЧЫРВО́НАЙ ПРАФЕСУ́РЫ (ІЧП),
спецыялізаваныя навук навуч. ўстановы ў СССР, якія рыхтавалі выкладчыкаў грамадскіх навук для ВНУ, а таксама работнікаў для н.-д. устаноў, парт. і дзярж. органаў з 1921 да канца 1930-х г. Першы ІЧП створаны паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 11.2.1921 у Маскве. Падпарадкоўваўся Нар. камісарыяту асветы. Рэктар (1921—32) — М.М.Пакроўскі. У ін-т прымалі толькі членаў РКП(б). У 1930 у выніку рэарганізацыі падзелены на 4 самаст. ін-ты: філасофіі і прыродазнаўства, эканам., гісторыі, гісторыка-партыйны. У 1931 адкрыты шэраг новых ІЧП: аграрны, літ., тэхнікі і прыродазнаўства і інш. У розныя гады ў ІЧП выкладалі вучоныя і дзярж. дзеячы: А.С.Бубнаў, В.П.Волгін, А.М.Дзяборын, А.В.Луначарскі, Е.М.Яраслаўскі і інш. Закрыты да канца 1930-х г. У 1946 на ўзор ІЧП створана Акадэмія грамадскіх навук пры ЦКВКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Анатоль Веньямінавіч) (н. 22.8.1916, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),
расійскі пісьменнік. У 1941 апублікаваў аповесць «Курганы», на аснове якой і аповесцей «На поўдні» (1944) і «Таварышы» (1945) створаны раман «Чырвоны сцяг» (1951). У раманах «Суровае поле» (1958), «Забароненая зона» (1962), «Грукаціце, званы!» (1966—67), «Цыган» (кн. 1—2, 1960—83; паводле аднайм. аповесці маст. фільм 1967), аповесцях «Рэха вайны» (1963), «Вяртання няма» (1971) тэмы барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі, пасляваен. жыцця вёскі, важныя пытанні сучаснасці. Аўтар паэт.зб. «Па крузе сумлення і абавязку» (1983), кніг пра М.Шолахава, зб-каў нарысаў, літ.крытычных артыкулаў. Дзярж. прэмія СССР 1973.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1982—83.
Літ.:
Карпова В. Анатолий Калинин. 2 изд. М., 1976;
Шишкина Н.А. От имени сердца: Размышления над страницами книг АВ.Калинина. Ростов н/Д, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МА (ад удм. кам — рака, цячэнне),
рака ў еўрап.ч. Расіі, левы прыток р. Волга. Даўж. 1805 км, пл.бас. 507 тыс.км². Бярэ пачатак на Верхнякамскім узв., упадае ў Куйбышаўскае вадасховішча. Цячэ паміж узвышшамі Высокага Заволжа, па шырокай, месцамі звужанай даліне. У вярхоўях рэчышча няўстойлівае і звілістае. Пасля ўпадзення р. Вішара — мнагаводная рака. Сцёк К. на значным працягу зарэгуляваны плацінамі Камскай, Воткінскай і Ніжнякамскай ГЭС, вышэй якіх створаны вадасховішчы. Гал. прытокі: Вішара, Чусавая, Белая (злева), Вятка (справа).
Жыўленне пераважна снегавое, а таксама падземнае і дажджавое. Ледастаў з пач.ліст. ў вярхоўях і канца ліст. ў нізоўях да красавіка. Сярэдні расход вады каля г. Набярэжныя Чаўны 2940 м³/с. Ніжэй рэйда Керчаўскі рэгулярнае суднаходства. Асн. гарады і парты: Салікамск, Беразнікі, Перм, Краснакамск, Сарапул, Набярэжныя Чаўны, Чыстапаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕДЭРА́ЦКІ СУД,
суд у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст., які ствараўся канфедэрацыямі замест дзярж. судоў як сродак у барацьбе з паліт. праціўнікамі. На Беларусі К.с. былі створаныТаргавіцкай канфедэрацыяй. Дзейнічалі ў Браславе, Віцебску, Ваўкавыску, Лідзе, Мінску, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слоніме, Слуцку і інш. Разглядалі справы аб крымінальных злачынствах супраць дзяржавы і дзеяннях асоб супраць канфедэрацыі, а таксама справы аб даўгах, зборах дзярж. чыншу. Суддзі (консулы) выбіраліся канфедэратамі, старшынёй суда, як правіла, быў маршалак канфедэрацыі ў адпаведным павеце. К.с. прымалі да разгляду справы ў тым выпадку, калі хоць бы адным з бакоў выступаў шляхціц. Працэдура суда была аналагічная працэдуры земскага суда. Прыгаворы (выракі) прымаліся тайным галасаваннем. Апеляцыі маглі падавацца ў суд Ген. канфедэрацыі. К.с. меў права ажыццяўляць прыгавор з дапамогай войска. Скасаваны разам з Ген. канфедэрацыяй Гродзенскім сеймам 15.9.1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Засн. ў 1768 на паўд. ускраіне г. Кобрын Брэсцкай вобл. пры сядзібе, якая з 1795 належала А.В.Сувораву (уваходзіла ў маёнтак Кобрынскі Ключ), з 1808 — маёру Гельвігу, з сярэдзіны 19 ст. — Аляксандру Міцкевічу (брат Адама Міцкевіча).
У 18 ст.пл. парку 3—4 га, цяпер — 60 га. Парк быў абкружаны валам і ровам, у цэнтры размяшчаўся пладовы сад і сажалка. У плане амаль квадратны, з рэгулярнай сістэмай алей, злучаных маляўнічымі дарожкамі. Кампазіцыйная вось — цэнтр. алея, завершаная невял. сажалкай, над якой стаяў драўляны дом Суворава (разабраны ў 1894). На яго месцы ў 1950 устаноўлены бюст палкаводца (скульпт. І.М.Рукавішнікаў). Створаны штучны вадаём з абводным каналам. У парку да 70 парод дрэў і дэкар. кустоў (ліпа, клён, явар, пірамідальныя таполі, туя і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСТА́Т (ад крыя... + грэч. statos стаячы, нерухомы),
тэрмастат, у якім падтрымліваецца крыягенная (ніжэй за 120 К) т-ра ад вонкавай крыніцы холаду. Звычайна холадагент — звадкаваныя або ацвярдзелыя газы з нізкімі т-рамі кандэнсацыі. Бываюць геліевага, вадароднага і азотнага ахаладжэння.
Найб. просты лабараторны шкляны К. складаецца з дзвюх Дзьюара пасудзін, з якіх унутраны запоўнены вадкім геліем, вонкавы — вадкім азотам. Найб. надзейныя метал. К., з іх самыя універсальныя — К. з вадкім геліем. У іх рабочы аб’ём абкружаны медным экранам, які мае т-ру вадкага азоту. Паміж геліевым аб’ёмам і кожухам створаны вакуум, які падтрымліваецца адсарбентамі. Пашыраны таксама тэрмарэгулюемыя геліевыя К. Выкарыстоўваюцца для даследавання фіз. уласцівасцей рэчыва, вывучэння звышправоднасці, для ахаладжэння электронных прылад, інш. сродкаў крыягеннай тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙНА (Leino; сапр.Лёнбум; Lönnbohm) Эйна
(6.7.1878, г. Палтама, Фінляндыя — 10.1.1926),
фінскі пісьменнік. Вучыўся ў Хельсінкскім ун-це. Першыя зб-кі («Сакавіцкія песні», 1896, і інш.) створаны пад уплывам паэзіі Г.Гейнэ. Пад уздзеяннем эстэтыкі неарамантызму напісаны зб-кі «Зімовая ноч» (1905), «Замаразкі» (1908), балады «Песні Халкі» (т. 1—2, 1903—16), раманы «Туамас Вітыка» (1906) і «Яна Рэнцю» (1907). Дэкадэнцкія ўплывы праявіліся ў тэтралогіі «Нявольнік» (1911—13). У аповесці «Мядовая лапа» (1914) бунтарскія настроі, у зб-ках «Эолава арфа» (1919), «Калі цвіце бэз» (1920) песімістычныя і трагічныя матывы. Рэфарматар традыц.фін. драматургіі (цыклы п’ес «Маскі», 1905—11; «Калевала на сцэне», 1911). Аўтар аўтабіягр. рамана «Ілюстраваная кніга майю жыцця» (1925). На бел. мову асобныя вершы Л. пераклаў Я.Лапатка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІ́ЛЬНЫЯ СІ́ЛЫ,
спецыяльныя воінскія фарміраванні пастаяннай баявой гатоўнасці, прызначаныя для адбіцця раптоўных удараў праціўніка, забеспячэння стратэг. разгортвання ўзбр. сіл дзяржавы (кааліцыі дзяржаў), а таксама для іх узмацнення і вядзення баявых дзеянняў у тыле ворага. Складаюцца з высокарухомых злучэнняў, часцей, падраздзяленняў і інш., гал. характарыстыкай якіх з’яўляецца мабільнасць. М.с. ўваходзяць у склад узбр. сіл многіх краін, у т. л. ў структуры ўзбр. сіл НАТО. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.с. створаны ў 1995 на базе часцей паветрана-дэсантных войск у складзе трох мабільных брыгад, падраздзяленняў сувязі і кіравання; на ўзбраенні маюць баявыя машыны дэсанта (БМД), бронетранспарцёры (БТР), баявыя машыны пяхоты (БМП) і інш. тэхніку. Асаблівасць М.с. — у спалучэнні аэрамабільнасці і агнявой моцы мотастралк. часцей і падраздзяленняў.
Літ.:
Вершалович Ю., Каршакевич Д. Мобильные силы ведут бой // Армия. 1997. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ІНФАРМАЦЫ́ЙНА-ДАВЕ́ДАЧНАЯ СІСТЭ́МА ПА ПРАБЛЕ́МАХ АХО́ВЫ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ, Інфатэра. Арганізавана ў 1972 у сістэме Міжнароднай праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) як глабальная сетка абмену аператыўнай інфармацыяй аб стане навакольнага асяроддзя, пошуку і выяўленні крыніц тэхн. і інш. інфармацыі па навакольным асяроддзі. Забяспечвае інфармацыяй пра атмасферу, клімат, хім. рэчывы, энергет. рэсурсы, чысціню вады, землекарыстанне, адходы вытв-сці, прыродаахоўнае заканадаўства і інш. Кіраванне сістэмай ажыццяўляецца ЮНЕП (штаб-кватэра ў Найробі, Кенія). У складзе сістэмы каардынацыйнае бюро пры штаб-кватэры і міжнар. сетка нац. цэнтраў (178 нац. цэнтраў, 11 цэнтраў рэгіянальнай службы і 34 спец. цэнтры рэгіянальных крыніц). Крыніцы інфармацыі размешчаны ў мін-вах і цэнтрах дакументацыі, НДІ, ун-тах, няўрадавых і грамадскіх арг-цыях, агенцтвах ААН, ЮНЕСКА і прыватных агенцтвах. На Беларусі цэнтр дзейнічае з 1982. У 1993 створаныБел. рэгіянальны цэнтр супрацоўніцтва Інфатэра.