буйны лясны масіў на тэр. Беларусі (Брэсцкая і Гродзенская вобл.) і Польшчы, на водападзеле бас. Нёмана, Зах. Буга і Прыпяці. Агульная пл. больш за 150 тыс.га, з іх у Беларусі 87,5 тыс.га. Адзін з самых старых запаведных лясных масіваў Еўропы. Першыя абмежаванні на паляванне ўведзены ў 13 ст., з 1541 у Белавежскай пушчы пачаў ахоўвацца зубр, з 1640 забаронена высечка лесу. Занесена ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны. На тэр. Беларусі — дзярж.нац. парк Белавежская пушча, у межах Польшчы — Белавежскі нацыянальны парк.
Рэльеф Белавежскай пушчы — узгорыстая раўніна; найб. узвышаная цэнтр.ч., на ПдУ — Белавежская града. Клімат умерана цёплы. Найб. рэкі (бас. Буга): Нараў, Нараўка, Рудаўка, Гвозна, Правая і Левая Лясная. Воз. Лядскае (штучнае) і вадасх.Белавежская пушча. Глебы на Пд і Пн пераважна дзярнова-падзолістыя, у цэнтр.ч. бурыя лясныя (у нізінах трапляюцца балотныя і тарфяна-глеевыя).
У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, больш за 200 мохападобных, каля 290 лішайнікаў і больш за 2000 відаў грыбоў. Асн. лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, вольха, бяроза, дуб і інш. Пад лесам больш за 88% тэр. Пераважаюць бары (пад лесам каля 60% плошчы). Ельнікаў 10,3%. Шыракалістыя лясы (дубовыя, ясянёвыя, кляновыя і грабавыя) займаюць 6,8%, карэнныя чорнаальховыя і пушыстабярозавыя адпаведна 15,5 і 8,2, вытворныя драбналістыя (бародаўчатабярозавыя і асінавыя) 7,7%. Расце 26 відаў дрэў. Лясы належаць да вялікаўзроставых у Еўропе. Узрост бароў дасягае 180—200 гадоў, ельнікаў 120—160, дуброў 180—220. Захаваліся асобныя дрэвы-гіганты: хвоя (350 гадоў, выш. 35 м), елка (200 гадоў, 52 м), дуб (500 гадоў, дыяметр да 190 см) і інш. У фауне 59 відаў млекакормячых, 227 птушак, 11 земнаводных, 7 паўзуноў, 28 відаў рыб і 8,5 тыс. відаў насякомых. Белавежская пушча — апошняе прыроднае месца пражывання самага буйнога прадстаўніка еўрап. фауны зубра (каля 300 асобін, 1995). Водзяцца высакародны алень, казуля, лось, дзік, воўк, ліс, барсук, гарнастай, ласка, куніца, янотападобны сабака, выдра, бабёр (рэакліматызаваны ў 1956), зайцы русак і бяляк (апошні рэдкі), вавёрка, соні палчок, арэшнікавая і лясная, лятучыя мышы (13 відаў) і інш. Да пач. 17 ст. трапляўся тур, да пач. 19 ст. — лясны тарпан. З канца 19 ст. рабіліся спробы акліматызацыі лані (знікла ў пач. 1930-х г.), у 1962 завезены 5 тарпанападобных коней з Польшчы. Буры мядзведзь знішчаны ў сярэдзіне 19 ст. У невял. колькасці трапляецца рысь. У арнітафауне — тыповыя зах. віды (чырвоны каршун, канарэйкавы ўюрок), паўн. таежныя (трохпальцавы дзяцел, гіль, барадатая няясыць), птушкіпаўд. шыракалістых лясоў (дзятлы зялёны і сівы, чаротніца дроздападобная, валасянка ястрабіная). Жывуць белы і чорны буслы, гогаль, 20 відаў драпежных птушак (у т. л. змеяед, вялікі і малы падворлікі, арол-карлік, асаед, сокалы сапсан і каршачок, пустальга) і інш. На тэр. Белавежскай пушчы унікальныя прыродныя аб’екты: хвоя з пласцінкамі кары ў выглядзе каўнерыка, ніцая форма елкі, папарацевыя зараснікі, участкі піхты белай і дубу скальнага і інш. Складзены спіс 110 рэдкіх раслін пушчы, якія падлягаюць асаблівай ахове, 47 відаў раслін і 73 віды жывёл занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Працуе Музей прыроды Белавежскай пушчы (1945).
Літ.:
Карцов Г Беловежская пуща: Ее ист. очерк, соврем. охотничье хоз. и высочайшие охоты в пуще. СПб., 1903;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.
Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар.тэатр. вучылішча (курс У.Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл.драм.т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.
Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.Штока, «Арганаўты» Ю.Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Характары» паводле В.Шукшына і інш.
Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ірынка» К.Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Хамуціус» паводле А.Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.Рамановіча паводле аповесці З.Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Папараць-кветка» І.Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка, «Разумная дачка» У.Караткевіча паводле бел.нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.Іпатавай, «Машэка» М.Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.Тургенева, «Жывы труп» Л.Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.Дзюмануара і А.Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Атэла» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, «Від з моста» А.Мілера, «Лаліта» Э.Олбі (паводле У.Набокава), «Гісторыя кахання» Э.Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.
У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.Палосін; нар. артысты Беларусі Т.Заранок, А.Логінаў, Г.Маркіна; засл. артысты Беларусі М.Абрамаў, Т.Аляксеева, А.Асторына, Н.Ганчарэнка, Л.Весніна, У.Говар-Бандарэнка, В.Захарава, Т.Канавалава, Г.Качаткова, З.Курдзянок, П.Маркін, А.Самараў, Л.Сторажава, Б.Уксусаў, Б.Уладамірскі, Ю.Уласаў, С.Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.Яўдошанка, К.Перапяліца, Г.Токараў. Гал. рэжысёр Я.Натапаў (з 1996), гал. мастак В.Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.
Літ.:
Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.
Р.М.Бакіевіч.
Да арт.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.Куляшова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс.га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс.га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс.га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.
Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст.Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв.гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст.гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс.га, Каралінскае 7 тыс.га, Жары 4,8 тыс.га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд.ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр.ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.
Літ.:
Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;
Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.
Г.У.Вынаеў.
Да арт.Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,
старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв.с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц.нар. свята без абрадавай дзейнасці.
Літ.:
Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;
Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЗО́ЙСКАЯ ЭРАТЭ́МА (Э́РА),
мезазой
[ад мез(а)... +грэч. zōe жыццё],
другая эратэма слаёў фанеразою, якая ў агульнай стратыграфічнай шкале знаходзіцца паміж палеазойскай эратэмай (эрай) і кайназойскай эратэмай (эрай), і адпаведная ёй эра геал. гісторыі Зямлі. Вылучана у 1841 англ. геолагам Дж.Філіпсам. Пачалася каля 230 млн. гадоў назад і цягнулася каля 163 млн. гадоў. Падзяляецца на трыясавую сістэму (перыяд), юрскую сістэму (перыяд) і мелавую сістэму (перыяд).
У трыясавым перыядзе ў многіх абласцях Зямлі адбылося павелічэнне пл. кантынентаў. Мора пакінула платформы і асобныя ўчасткі геасінкліналяў (Кардыльеры). У канцы трыясу — пач. юры развіваліся старажытнакімерыйскія гораўтваральныя працэсы (Балканскі п-аў, Крым, Каўказ, Мангышлак, Індакітай, ПнУ Азіі). Пачалося драбленне мацерыка Гандвана, актывізавалася вулканічная дзейнасць (Афрыка, Паўд. Амерыка). У пач. юры апусканне значных участкаў сушы абумовіла новую трансгрэсію (наступанне вод мора на сушу), якая завяршылася ў канцы юры новакімерыйскай складкавасцю (гл.Мезазойская складкавасць). У 1-й палавіне мелавога перыяду мора пакрывала некаторыя ўчасткі Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформы. У пач. позняга мелу адбывалася найб. ў М.э. (э.) трансгрэсія мора, якая пашырылася на б.ч.Паўд. паўшар’я. У Паўн. паўшар’і мора пакрыла Паўд. і Сярэднюю Еўропу. У мелавым перыядзе канчаткова распаўся мацярык Гандвана, з частак якога ўтварыліся сучасныя мацерыкі Паўд. паўшар’я. У канцы М.э. (э.) ларамійскія гораўтваральныя рухі адбываліся пераважна ўздоўж узбярэжжа Ціхага ак. (горныя сістэмы Паўн.-Усх. і Усх. Азіі, Скалістых гор, Андаў і інш.). М.э. (э.) адзначана істотнымі зменамі ў складзе арган. свету. З’явіліся дыятомавыя і харавыя водарасці, какалітафарыды. Сярод споравых пераважалі папараці. З канца трыясавага перыяду пачалі развівацца голанасенныя, хвойныя, гінкгавыя, бенетытавыя і сагоўнікавыя. У сярэдзіне мелавога перыяду дамінавалі пакрытанасенныя, што захаваліся да сённяшняга часу. Рэзка змяніўся ў мезазоі і склад беспазваночных жывёл. Дасягнулі росквіту галаваногія малюскі: цэратыты (трыяс), аманіты (юра), белемніты (мел). Існавалі таксама пласціністашчэлепныя, бруханогія, плечаногія, марскія вожыкі, каралы, губкі і інш. Характэрны гіганцкія паўзуны (дыназаўры, плезіязаўры, іхтыязаўры і інш.). З’явіліся першыя млекакормячыя і птушкі (юра, мел), пануючае становішча занялі касцістыя рыбы.
Марскія геасінклінальныя адклады прадстаўлены пясчанікава-сланцавымі, часам з эфузівамі, і вапняковымі тоўшчамі; платформенныя — пясчана-гліністымі пародамі з глаўканітам і праслоямі фасфарытаў, на ПдУсх.-Еўрапейскай платформы — тоўшчамі мергеляў і пісчага мелу; кантынентальныя ўтварэнні — чырванаколернымі і вугляноснымі тоўшчамі. Да адкладаў мезазою прымеркаваны радовішчы каменных і бурых вуглёў, нафты, баксітаў, каменнай і калійных солей, фасфарытаў і жалеза; у геасінклінальных абласцях Азіі і Амерыкі з імі звязаны радовішчы золата, серабра, волава, свінцу, цынку, медзі і інш.
На Беларусі вядомы адклады ўсіх 3 сістэм М.э. (э.). Макс. магутнасць іх да 800 м (цэнтр.ч. Прыпяцкага прагіну). У трыясе б.ч. тэрыторыі была сушай, толькі ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне спачатку існавалі прэснаводныя лагуны, пазней невял. азёры. Магутнасць трыясавых адкладаў 2—11 м (Брэсцкая ўпадзіна) і 450 м (Прыпяцкі прагін), прадстаўлены пясчана-гліністымі і глініста-мергелістымі пародамі, у ніжняй тоўшчы з рэшткамі філапод. астракод, абломкаў лускі і касцей рыб, харавых водарасцей. У перыяд юрскай трансгрэсіі мора пранікла на тэр. Беларусі з ПнУ і З. Мелкаводныя марскія басейны нармальнай салёнасці пакрылі ўсх. і зах.ч. тэрыторыі. Адклады. магутнасцю да 200 м, прадстаўлены тэрыгенна-карбанатнымі тоўшчамі (вапнякі, мергелі, гліны, пясчанікі, спангаліты). З канца юры да ранняга мелу існавалі кантынентальныя ўмовы. У мелавы перыяд трансгрэсіі і рэгрэсіі мора неаднаразова паўтараліся. У канцы маастрыхцкага веку мора поўнасцю пакінула тэр. Беларусі. Мелавыя адклады магутнасцю больш за 400 м (паўд.-зах. схіл Варонежскай антэклізы), складзены з пясчана-карбанатных, мергельна-мелавых і крамяністых парод, маюць у сабе рэшткі фарамініфер, астракод, белемнітаў, брахіяпод, пеліцыпод, касцістых рыб і інш. У адкладах мезазою на Беларусі выяўлены радовішчы бурага вугалю, мергельна-мелавых і крэменязёмістых парод і фасфарытаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОСТ,
павелічэнне масы і лінейных памераў асобіны і яе органаў. Адбываецца за кошт павелічэння колькасці і масы клетак, няклетачных утварэнняў у выніку перавагі працэсаў анабалізму над працэсамі катабалізму. У жывёл Р. звязаны з якаснымі зменамі — дыферэнцыроўкай. Некат. жывёлы (напр., малюскі, рыбы, земнаводныя) растуць на працягу ўсяго жыцця, у інш. Р. спыняецца на пэўным узросце (напр., шэраг насякомых, птушкі). Працэсы Р. маюць сезонную (звязаныя са зменай пары года, што адлюстроўваецца ў гадавых слаях шкілетных структур) і сутачную (назіраецца па частаце дзялення клетак і павелічэнні памераў усяго арганізма) рытмічнасці; ёсць інш., напр., 15-сутачныя рытмы Р. марскіх малюскаў, звязаныя з прылівамі. Спадчыннасць Р. вызначаецца ўздзеяннем многіх генаў. На Р. уплываюць забяспечанасць ежай, т-ра, вільготнасць (для наземных арганізмаў), салёнасць (для марскіх арганізмаў), шчыльнасць папуляцыі і інш. фактары навакольнага асяроддзя. Рэгулюецца пераважна гармонамі (напр., у пазваночных жывёл — гармонамі гіпофіза, вілачкавай, шчытападобнай і палавых залоз). Р. чалавека, або даўжыня цела — праекцыйная адлегласць ад т.зв. верхавінкі галавы да плоскасці ступняў. У спалучэнні з інш. адзнакамі характарызуе фіз. развіццё, прапорцыі цела, часам этн. прыналежнасць. Залежыць ад сукупнасці фактараў асяроддзя, спадчыннасці і мае ўзроставую, палавую, групавую, унутрыгрупавую (індывід.) і эпахальную зменлівасць. У 1-ы год жыцця сярэдні прырост звычайна 24 см, да 3 гадоў — 10 см, да 7 гадоў — 6—6,5 см, у перыяд палавога выспявання — 5—7 см. З 10 да 14 гадоў дзяўчынкі растуць больш інтэнсіўна, але пасля 14 гадоў хлопчыкі зноў становяцца вышэйшымі. У мужчын працэс Р. заканчваецца ў 18—20 гадоў, у жанчын — у 16—18 і даўж. іх цела на 8—11 см меншая, чым у мужчын. Пасля заканчэння Р. і прыкладна да 50 гадоў даўж. цела стабільная, потым паступова памяншаецца. У чалавека Р. не заўсёды звязаны з геагр. становішчам і кліматам. Напр., малы Р. (ніжэй за 160 см у мужчын) маюць эскімосы, бураты, в’етнамцы; вял. (вышэй за 170 см) — шатландцы, шведы, жыхары Балканскага п-ва. Размах індывід. зменлівасці большы за групавую (18—20 см ад сярэднеарыфм. значэння Р. людзей дадзенай групы). Эпахальныя змены праяўляюцца, напр., у акселерацыі. Паталаг. парушэнні Р. чалавека, звязаныя з дзейнасцю залоз унутр. сакрэцыі, — карлікавы рост і гігантызм. Р. раслін — неабарачальнае павелічэнне памераў і масы раслін, звязанае з новаўтварэннем элементаў іх структуры (клетак, тканак, органаў); аснова рухаў раслін (настый, трапізмаў). Асн. этапы Р. (дзяленне клетак, іх расцяжэнне і дыферэнцыроўка) адбываюцца ў спец. утваральных тканках, мерыстэмах, таму расліны здольны расці на працягу ўсяго жыцця. Тыпы Р. розных органаў вызначаюцца размяшчэннем мерыстэм. Важная асаблівасць — рытмічнасць (чаргаванне працэсаў інтэнсіўнага і запаволенага Р.). Ёсць рытмы, звязаныя са зменамі навакольнага асяроддзя, і рытмы, якія кантралююцца ўнутр. фактарамі, замацаванымі генетычна ў ходзе эвалюцыі. Працэс Р. перапыняецца працяглымі перыядамі яго тармажэння, якія звязаны ў паўн. ш. з памяншэннем светлавога дня і надыходам зімы, а ў паўд. — з засушлівым сезонам. Рэгуляцыя Р. фітагармонамі заснавана на яго стымуляцыі (аўксіны, гіберэліны і інш.) і прыгнечанні (абсцызавая кіслата). Інтэнсіўнасць роставых працэсаў залежыць ад асветленасці, мінер. жыўлення, воднага рэжыму, даўжыні дня, т-ры. Р. мікраарганізмаў — каардынаванае самаўзнаўленне клетачных кампанентаў, якое прыводзіць да размнажэння клетак і павелічэння біямасы папуляцыі. Працэсы Р. адбываюцца больш інтэнсіўна, чым у жывёл і раслін (напр., у некат. бактэрый падваенне біямасы адбываецца за 5 мін). Макс. магчымая хуткасць Р. залежыць ад віду мікраарганізмаў, саставу пажыўнага асяроддзя і ўмоў. Клеткі, што не растуць і не перайшлі ў стан спакою (споры), вычэрпваюць рэзервовыя рэчывы і паступова адміраюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Пы́сак ’морда, мыса ў каровы’ (ЛА, 1; паст., ігн., шальч., Сл. ПЗБ), пы́скі ’тс’ (віл., зэльв., там жа; Сцяц., Варл.; Сержп., ЛА, 1), пы́сак ’дзюба’ (швянч., Сл. ПЗБ), пы́ска ’вісок са шчакою; поўха’ (Нас.), пы́ські ’шчокі, шчочкі’ (Мал.), пыск ’морда ў рагатай жывёлы’ (ашм., дзісн., Стан.; ЛА, 1), ’пашча звера’ (Сцяшк. Сл.), груб. ’рот, вусны’ (Скарбы, Даніл. Сл.), ’скроні, твар; вісок са шчакою’ (Нас., Бес.), ст.-бел.пысокъ ’дзюба (у птушкі)’, укр.пи́сок ’твар, морда; дзюба касы; мыс на рэчцы’, рус.дыял.пы́ска ’насмешлівая назва тонкай і кароткай жаночай касы’, польск.pysk ’лыч свінні; морда сабакі’, чэш., славац.pysk ’губа’, в.-луж., н.-луж.pysk ’дзюба, лыч’, славен.piski ’alae matricis’, макед.писки экспр. ’тоўстыя губы’. Прасл.*pyskъ ’морда, губы’, этымалагічна ідэнтычнае *pych‑, ад *pyxati ’дуць, моцна дыхаць’, гл. пыхаць; параўноўваюць з ц.-слав.напыштити ’надувацца’ (Міклашыч, 268), ст.-рус.пысканити ’насміхацца’ (’строить рожи’, гл. Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 310), а таксама з літ.pūkšlė̃ ’пухліна, гула’, pùškas ’пухір’, puškúoti ’цяжка дыхаць’ (Фасмер, 3, 420), ст.-інд.puccha‑ ’хвост’ (Махэк₂, 503; так і Трубачоў, Зб. памяці Талстога, 1, 311; супраць БЕР, 5, 261). Без падстаў лічаць выключна заходнеславянскім pyskБрукнер (450) і Банькоўскі (2, 969), паводле апошняга — няяснае па паходжанні, параўн. таксама pyskla (упершыню зафіксаванае ў буллі пад 1136 г. у форме piscla) — лічыцца эпітэтам свінні, што рые (ад pyskać, pysklać ’рыць лычом’, там жа). Будзішэўская (Балк. Ез., 36, 1, 35–37) далучае сюды ж балг.пи́сък ’выступ, каса’ ў якасці паралелі да *rъtъ ’нос, выступ, пік’ (ад *ryti).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Стрына́тка, страна́тка ‘пліска’ (маладз., барыс., Сл. ПЗБ), ‘аўсянка’ (Песні сямі вёсак), струна́тка ‘дробная птушка’ (мядз., Жыв. сл.), струна́тачка ‘нейкая птушка, можа быць, сініца або аўсянка’ (Тур.), стрына́тка, стрыгна́тка ‘невялічкая шэрая птушка, якая адлятае на зіму’ (Мядзв.), ‘стрыж; птушка з жоўтым апярэннем’ (Сцяшк.), стрыгна́тка ‘аўсянка’ (Мат. Маг.), странадка ‘птушка Tringa clareola’ (Меер Крыч.), старнатка ‘аўсянка, Emberiza, citrinella’ (там жа), сцернадка (стернадка) ‘аўсянка’ (Шымк. Собр.), стрина́дка, стригна́дка, стрегно́тка ‘нейкая птушка’ (Шн. 1, 525, 526), стырна́тка ‘пліска’ (беш., Нар. сл.), старына́тка ‘тс’ (Бяльк.). Укр.стре́надка ‘аўсянка’, рус.стрена́тка ‘тс’, польск.strznadl, trznadel, trzynadl, strdnal, styrnadl, sternal, в.-луж.stnadź, sknadź, knadź, н.-луж.tśnarl, tšnarl, чэш.strnad, strnádka, славац.strnádka, серб.-харв.стрна̀дица, славен.strnȃd, strnȃda, балг.сарна́тка ‘маленькая, падобная на вераб’я птушка з карычневай плямкай на шыі, што зімуе ў Балгарыі’. Прасл.*strьnadь (або *strnadь — Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 7, 105 і наст.) параўноўвалі з літ.stárta, дыял.stérta, лат.stā́ste, stā́rsta ‘стрынатка’ і звязвалі з прасл.*(s)tьrnъ ‘іржышча’ (Міклашыч, 322; Махэк₂, 582; Скок, 3, 347), супраць чаго па фанетычных прычынах Бязлай, 3, 330. Меркавалі таксама аб гукапераймальным паходжанні ад крыку птушкі; гл. Фасмер, 3, 776; Брукнер, 582; Шустар-Шэўц, 1290. Сной (у Бязлай, 3, 330) разглядае слова як кампазіт з першай часткай ад і.-е.*kʼri‑m(e)n, параўн. грэч.κριμνον ‘грубая ячная мука’, з іншым суфіксам ‑λριυή ‘ячмень’, алб.dríthë ‘пшаніца’ і інш. з першасным значэннем ‘якая есць жыта, зерне’, параўн. стрынатка гуменная ‘птушка Emberiza milliaria’ (Ласт.), рус.овсянка, просянка ‘тс’ і інш. Гл. яшчэ Антропаў, Назв. птиц, 365–367.
одного́ по́ля я́года з аднаго́ гнязда́пту́шкі; з аднаго́ бало́та чэ́рці;
ищи́ в по́ле ве́тра даганя́й ве́тру ў по́лі;
по́ле би́твы (бра́ни) по́ле бі́твы;
по́ле сме́ртиуст., поэт. по́ле сме́рці.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн. здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.