асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М ГЛЕ́БЫ,
сукупнасць працэсаў паступлення, расходу і перамяшчэння глебавай вільгаці; адзін з фактараў урадлівасці глебы. Залежыць ад складу і ўласцівасцей самой глебы (гіграскапічнасць, водапранікальнасць глебы, вільгацяёмістасць глебы і інш.), кліматычных і пагодных умоў, рэльефу, характару расліннага покрыва; на ворных землях — ад біял. асаблівасцей культурных раслін і агратэхнікі іх вырошчвання. Да элементаў воднага рэжыму глебы адносяць інфільтрацыю, кандэнсацыю, капілярны пад’ём вільгаці ў глебе, замярзанне і адтайванне глебы, сцёк і выпарэнне, транспірацыю. Водны рэжым глебы цесна звязаны з паветраным і цеплавым рэжымамі, а таксама з пажыўным рэжымам раслін.
Асн. крыніцай намнажэння вады ў глебе служаць атм. ападкі. Стварэнне спрыяльнага для с.-г. культур воднага рэжыму глебы дасягаецца назапашваннем, захоўваннем і рацыянальным выкарыстаннем глебавай вільгаці (снегазатрыманне і затрыманне талых вод, апрацоўка глебы, паліванне і інш.). Ва ўмовах Беларусі водны рэжым глебы рэгулююць асушэннем, арашэннем у засушлівыя перыяды, увільгатненнем кораненаселенага пласта глебы дажджаваннем або капілярным жыўленнем знізу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЯ,
1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл.Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш.псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).
2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНА́СТКА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАЯў машына- і прыладабудаванні,
інструменты, прыстасаванні і інш. сродкі для механізацыі і аўтаматызацыі тэхнал.працэсаў.
Аснастка тэхналагічная ўключае ўстановачныя, заціскныя і накіравальныя элементы, дзялільныя і паваротныя прыстасаванні, механізаваныя прыводы (электрычны, мех., гідраўл., пнеўматычны і інш.). Паводле ступені спецыялізацыі бывае універсальная, спецыялізаваная і спецыяльная, па прызначэнні — станочная, зборачная, кантрольная і інш. Універсальная аснастка тэхналагічная выкарыстоўваецца ў адзінкавай і дробнасерыйнай вытв-сці розных па форме, памерах і матэрыяле дэталяў. Спецыялізаваная ўжываецца ў серыйнай вытв-сці для апрацоўкі дэталяў падобных формаў з пераналадкай. Спецыяльнай аснасткай выконваюць адну канкрэтную аперацыю ў масавай вытв-сці вырабаў аднаго памеру і формы (напр., штампы для ліставой і аб’ёмнай штампоўкі, прэсформы для вырабу керамічных і пластмасавых дэталяў, прыстасаванні для вырабу і зборкі інтэгральных схем і інш.). На Беларусі па аснастцы тэхналагічнай спецыялізуюцца Гомельскі з-д радыётэхн. аснасткі, з-дспец. інструментаў і тэхнал. аснасткі ВА «Мінскі трактарны завод» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТАЛА́НФІ ((Bertalanffy) Людвіг фон) (19.9.1901, Ацгерсдорф, цяпер у межах Вены — 12.6.1972),
аўстрыйскі біёлаг-тэарэтык і натурфілосаф, стваральнік агульнай тэорыі сістэм. У 1934—48 праф. Венскага ун-та, у 1949—72 ва ун-тах Канады і ЗША. Аўтар прац «Тэарэтычная біялогія» (т. 1—2, 1931—51), «Біялагічная карціна свету» (1949), «Робаты, людзі, розум» (1967), «Агульная тэорыя сістэм. Асновы, развіццё, выкарыстанне» (1968) і інш. У пачатку сваёй дзейнасці схіляўся да ідэй Венскага гуртка, пазней крытыкаваў некаторыя аспекты неапазітывізму. Адзін са стваральнікаў тэорыі адкрытых біял. сістэм, якія валодаюць уласцівасцю эквіфінальнасці, г. зн. дасягнення сістэмай аднаго і таго ж канчатковага стану пры розных пач. умовах. Сваімі ідэямі праграма Берталанфі блізкая да тэарэт. кібернетыкі, тэрмадынамікі незваротных працэсаў і сінергетыкі. Ідэі Берталанфі знайшлі выкарыстанне ў медыцыне, псіхіятрыі і інш. Адзін з арганізатараў «Таварыства па даследаваннях у галіне агульнай тэорыі сістэм» і яго штогодніка «General Systems» («Агульныя сістэмы», 1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕў біялогіі,
працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН (Валерый Мікалаевіч) (н. 30.1.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-рмед.н. (1974). Акад.Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акад.Міжнар.АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;
Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;
Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТА́НКА (Анатоль Паўлавіч) (н. 2.7.1937, в. Обчын Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1986), д-ртэхн.н. (1979), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982), засл. вынаходнік СССР (1987). Скончыў Таганрогскі радыётэхн. ін-т (1962). З 1970 у Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1985—93 прарэктар). З 1993 старшыня Вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па фундаментальных праблемах матэрыялазнаўства, цвердацелай мікраэлектроніцы, тэхналогіі радыёэлектронных сістэм, тэхн. дыягностыцы. Распрацаваў комплекс тэхнал.працэсаў і абсталявання для вытв-сці вырабаў мікраэлектронікі. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1996.
Тв.:
Технология и автоматизация производства радиоэлектронной аппаратуры. М., 1989 (у сааўт.);
Пленочные токопроводящие системы СБИС. Мн., 1989 (разам з В.У.Баранавым, В.В.Шаталавым);
Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з М.І.Пікулем, А.А.Хмылем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал.працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.
Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬМГОЛЬЦ ((Helmholtz) Герман Людвіг Фердынанд) (31.8.1821, г. Патсдам, Германія — 8.9.1894),
нямецкі прыродазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1868). Вучыўся ў Ваенна-мед. ін-це ў Берліне. Праф. фізіялогіі Кёнігсбергскага (1849—55) і Бонскага (1855—58) ун-таў, у 1871—88 праф. фізікі Берлінскага ун-та, з 1888 дырэктар фізіка-тэхн. ун-та ў Берліне. Навук. працы па фізіцы, біяфізіцы, фізіялогіі і псіхалогіі. Матэматычна абгрунтаваў закон захавання энергіі (1847), даказаў яго ўсеагульны характар. Распрацаваў тэрмадынамічную тэорыю хім.працэсаў, увёў паняцці свабоднай і звязанай энергій. Заклаў асновы тэорыі віхравога руху вадкасцей і анамальнай дысперсіі святла. Прапанаваў тэорыю слыху і зроку чалавека, выявіў і вымераў цеплаўтварэнне ў мышцах (1845—47), вывучыў працэс скарачэння мышцаў (1850—54). Вызначыў скорасць распаўсюджвання нерв. імпульсаў (1850). Сканструяваў шэраг фіз. прылад, распрацаваў колькасныя метады фізіял. даследаванняў.
Літ.:
Лазарев П.П. Гельмгольц. М., 1959;
Лебединский А.В., Франкфурт У.И., Френк А.М. Гельмгольц (1821—1894). М., 1966.