РАДЭ́ЗІІ І НЬЯСАЛЕ́НДА ФЕДЭРА́ЦЫЯ (Federation of Rhodesia and Nyasalend),
адм.-паліт. ўтварэнне ў 1953—63, створана Вялікабрытаніяй у выніку аб’яднання яе афр. калоній: Радэзіі Паўднёвай, Радэзіі Паўночнай і Ньясаленда. Мела ўнутр. самакіраванне, але ўлада амаль цалкам належала еўрап. каланістам пераважна з Паўд. Радэзіі (каля 3% насельніцтва). Афр. насельніцтва выступала супраць федэрацыі, у выніку з яе выйшлі Ньясаленд (1962) і Паўн. Радэзія (1963). Фармальна скасавана 31.12.1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТФА́ЛЬСКІ МІР 1648.
Заключаны адначасова ў вестфальскіх гарадах Мюнстэр (паміж «Свяшчэннай Рым. імперыяй» і Францыяй і яе саюзнікамі) і Оснабрук (паміж імперыяй і Швецыяй і яе саюзнікамі) 24.10.1648. Завяршыў Трыццацігадовую вайну 1618—48. Вырашаў паліт., тэр. і рэліг.-царк. пытанні.
Імператар прызнаў за князямі права ўступаць у саюз паміж сабой і з замежнымі дзяржавамі. Былі амнісціраваны ўсе апальныя князі і гарады, прызнана незалежнасць ад імперыі Швейц. саюза і Рэспублікі Злучаных правінцый. Францыя атрымала Эльзас, Швецыя — Зах. Памеранію, г. Вісмар, секулярызаваныя Брэменскае і Вердэнскае епіскапствы, курфюрст Брандэнбургскі — Усх. Памеранію з Камінскім епіскапствам, Магдэбургскае архіепіскапства і Гальберштацкае і Міндэнскае епіскапствы, нашчадкі Фрыдрыха Пфальцкага — ранейшы курфюрсцкі тытул і частку б. уладанняў (Ніжні, ці Рэйнскі, Пфальц), Баварыя — Верхні Пфальц, яе герцаг Максімілян захаваў сан курфюрста. Кальвінісцкія князі былі ўраўнаваны ў правах з лютэранамі і католікамі, правіцелі па-ранейшаму маглі выганяць падданых, якія не жадалі спавядаць рэлігію дзяржавы. Царк. маёмасць, прысвоеная пратэстанцкімі князямі да 1624, засталася за імі. Вестфальскі мір замацаваў паліт. раздробленасць Германіі, змяніў напрамак экспансіі аўстр. Габсбургаў (на ПдУ).
Літ.:
Dickmann F. Der Westfälische Frieden. 2 ed. Münster, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТАННЕ,
сацыяльна-паліт. з’ява, якая выяўлялася ў паразуменні паміж салдатамі варагуючых армій; найб. яскрава праявілася ў гады 1-й сусв. вайны і мела антываен. накіраванасць. На рус.-герм. фронце братанне пачалося ў 1915—16, пашырылася пасля Лют. рэвалюцыі 1917. На Зах. фронце да крас. 1917 братанне адбывалася стыхійна і зводзілася пераважна да абмену лістоўкамі і рэчамі салдацкага побыту. Першае арганізаванае масавае братанне адбылося 1.5.1917 на ўчастку фронту паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Камандаванне праследавала тых, хто братаўся. У час падрыхтоўкі наступлення на фронце ў чэрв. 1917, ва ўмовах барацьбы з братаннем яно пайшло на спад. З новай сілай пашырылася пасля разгрому карнілаўшчыны. У вер.—кастр. 1917 братанне вызначалася масавасцю, арганізаванасцю, вострай паліт. і антываен. накіраванасцю. Толькі ў кастр. адбылося каля 30 выпадкаў братання. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 братанне на Зах. фронце прыняло паўсюдны характар і стала пралогам заключэння перамір’я на рус.-герм. фронце. Часовы дагавор аб перамір’і на Зах. фронце, падпісаны 4.12.1917, уключаў пункт пра братанне, у адпаведнасці з якім салдатам абодвух бакоў дазвалялася сустракацца ў дзённы час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́Ў ((Adamov) Арцюр) (28.8.1908, г. Кіславодск, Расія — 15.3.1970),
французскі драматург. У 1914 сям’я эмігрыравала з Расіі. Вучыўся ў Майнцы і Жэневе. З 1924 жыў у Парыжы. Літ. дзейнасць пачаў у канцы 1920-х г. сюррэалістычнымі вершамі. У 1942 быў вязнем канцлагера. Адчаем і разгубленасцю прасякнуты яго «Жахлівы дзённік» (1943) і аўтабіягр. аповесць «Прызнанне» (1946). У п’есах для «тэатра абсурду» (стваральнікам якога ён быў разам з Э.Іанеска і С.Бекетам) «Пародыя», «Уварванне» (абедзве 1950), «Прафесар Таран» (1953) і інш. паказваў безвыходнасць, трагічную марнасць, абсурднасць жыцця, непазбыўную адзіноту. У фарсе «Усе супраць усіх» (1953) чалавек — марыянетка гіст. сітуацыі — то кат, то ахвяра. Вострая сац. праблематыка вызначае п’есы для паліт. тэатра: камедыю «Пінг-понг» (1955), трагіфарс «Паола Паолі» (1957), паліт. гратэск «Палітыка адкідаў» (1962), трагікамедыю «Святая Еўропа» (1966), драму «Звыш меры» (1968) і інш. Аўтар зб. артыкулаў пра тэатр «Тут і зараз» (1964), кн. ўспамінаў «Чалавек і дзіця» (1968). Перакладаў п’есы А.Чэхава і М.Горкага, інсцэніраваў «Мёртвыя душы» М.Гогаля.
Тв.:
Рус.пер. — Паоло Паоли // Пьесы современной Франции. М., 1960;
Весна семьдесят первого. М., 1968.
Літ.:
Проскурникова Т.Б. Французская антидрама. М., 1968.
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс.чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНКЛіт.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДО́ЎСКІ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (25.12.1841, б. Валуйскі пав. Варонежскай губ., Расія — 18.11.1889),
расійскі вучоны-прававед, публіцыст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1862). З 1867 дацэнт, з 1869 праф. Пецярбургскага ун-та. У сваёй асн. працы «Пачаткі рускага дзяржаўнага права» (т. 1 — «Пра дзяржаўны лад», 1875; т. 2 — «Органы кіравання», 1876; т. 3 — «Органы мясцовага кіравання», 1883) імкнуўся сумясціць два падыходы: дзяржаўнай школы, якая зыходзіла з вядучай ролі дзяржавы і ўладных структур у грамадскім развіцці, і гіст. школы, якая рашаючае значэнне надавала эканам. і сац.-культ. фактарам. У кн. «Дзяржаўнае права важнейшых еўрапейскіх дзяржаў» (1886) і інш. аналізаваў паліт. і дзярж. вопыт Зах. Еўропы, раскрываў змест важнейшых атрыбутаў паліт. працэсу — парламентарызму, канстытуцыяналізму, сістэмы падзелу ўлад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, лічыў, што гэты вопыт дастасоўны да рас. грамадства. Супрацоўнічаў у ліберальным перыяд. друку.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. СПб., 1899—1904;
Политика, история и администрация: Крит. и полит. статьи. СПб., 1871;
Государство и народность: Опыт постановки нац. вопр. М., 1873;
Трудные годы (1876—1880): Очерки и опыты. СПб., 1880.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),
1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.
2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,
антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л.рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.
Літ.:
Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;
Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЭЛНІЧА́НУ ((Kogálniceanu) Міхаіл) (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш. рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЗІС (ад грэч. krisis рашэнне, пераломны момант, зыход),
рэзкі, круты пералом у чым-небудзь; цяжкі, пераходны стан у працэсе дыялект. развіцця прыродных і грамадскіх з’яў. У выніку яго развіццё ўступае ў наступную стадыю і працягваецца далей на якасна іншым узроўні. У залежнасці ад маштабаў і характару К. падзяляюцца на частковыя, сістэмныя, агульныя, усеагульныя; прыродныя, псіхал., духоўныя, мед., грамадскія і інш. Грамадскія К. ахопліваюць розныя галіны грамадскага жыцця або гіст. тыпы грамадства (фармацыі, цывілізацыі), ім папярэднічаюць абвастрэнне грамадскіх супярэчнасцей (паміж сац. групамі, класамі, паліт. групоўкамі і г.д.), сац. дэфармацыі, нарастанне цяжкасцей у розных сферах жыццядзейнасці людзей. Найб. цяжкім вынікам крызісных з’яў 1-й пал. 20 ст. сталі 1-я і 2-я сусв. войны. Сусветныя маштабы і значныя сац.-эканам. наступствы меў эканам. К. 1929—33. У канцы 1980—90-х г. крызісныя з’явы ахапілі розныя сферы сац.-эканам. і паліт. жыцця шэрагу краін Усх. Еўропы, Д. Усходу, Пад. Азіі і інш.Гл. таксама Крызіс палітычны, Крызісы ўзроставыя, Крызіс эканамічны, Крызіс экалагічны.