ухва́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да ўхвалы, заключае ўхвалу. Твар Ткачова, як і заўжды, быў строгі, нават крыху непрыветны, а словы — шчырыя, дужа добрыя, ухвальныя. Савіцкі. — Будзем памагаць і сена касіць, і жаць. А малаціць будзем.. разам! — Разам, — пайшоў услед ухвальны і, можна сказаць, дружны гоман. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цёпленькі, ‑ая, ‑ае.
1. Памянш.-ласк. да цёплы (у 1–3 знач.).
2. Разм. Толькі што, зусім нядаўна зроблены (напісаны, выдадзены і пад.). — Вось, — працягваў .. [Рымар] перарваную думку, — кніжка. Таксама маладога вучонага. Яшчэ цёпленькая, так сказаць. Арабей. Крыху суцяшала толькі адно — на стале ляжала цёпленькая, толькі што спечаная рэцэнзія. Рылько.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́блычны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да яблыка, уласцівы яму. Яблычнае семя. Яблычны пах. □ [Анісім Маркавіч:] А то зайшоў я ў адну хату... Печанымі яблыкамі пахне.. Я паздароўкаўся, пасядзеў крыху, нанюхаўся гэтага яблычнага духу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з яблыкаў, з яблыкамі. Яблычны сок. Яблычная начынка. Яблычны пірог.
•••
Яблычная кіслата гл. кіслата.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.
В.С.Вяргей.
т. 12, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дурнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Не зусім разумны, крыху дурны. Бывалі такія выпадкі, калі які-небудзь дурнаваты язь або лешч, уцякаючы «на ваду», трапляў у сетку. Колас. // Які выражае разумовую абмежаванасць, тупасць. Руды, калматы Ігнат, хутка пасалавеўшы, упяўшы дурнаватыя вочы ў стол, амаль увесь час маўчаў — не дарма далі мянушку — Барак! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мімахо́дам, прысл.
1. Праходзячы, праязджаючы міма. Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі.
2. Між іншым, выпадкова. — Нездарма ты аб трактары гаварыў, — кідае .. [Косціку] мімаходам рэпліку Ніна. Дуброўскі. — Што, едзеш куды? — нібы мімаходам спытала Макатрыха. — Угу-у, — абыякава адказаў Васіль. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсушы́цца, ‑сушуся, ‑сушышся, ‑сушыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Крыху, злёгку высушыцца, стаць сушэйшым.
2. Злёгку абсушыць сябе, сваю вопратку. — Вось, — і я паказаў.. на свае ногі, з якіх сцякала на падлогу вада. — Пад дажджом з самае раніцы — змёрз страшэнна. Ці нельга было б падсушыцца і абагрэцца? Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падтапта́ць, ‑тапчу, ‑топчаш, ‑топча; зак., каго-што.
1. Топчучы нагамі, падмяць пад сябе, раздушыць. Коні падтапталі гусей.
2. Разм. Крыху знасіць абутак. Падтаптаць боты.
•••
Падтаптаць пад ногі — падпарадкаваць сваёй волі, сваёй уладзе; перастаць лічыцца з кім‑, чым‑н. [Лявон:] Гэта парка яшчэ сябе пакажа, хутка ўсю вёску падтопча пад ногі. Козел.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перакалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.
Разм.
1. Калаціцца некаторы час. Маёр курыць цыгарэту, і яму падсунуў пачак, але Андрэй не ўзяў. Яму крыху моташна. Пакуль везлі сюды — перакалаціўся. Арабей. — Як настане дзень, — гаварыла Гануля, — дык уся перакалоцішся. Як толькі скажуць: «немцы»!, хапаеш дзяцей і ў лес. Гурскі.
2. Перастаць, скончыць калаціцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́рсткі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Хуткі, жвавы, быстры. Для свайго ўзросту .. [доктар] быў яшчэ даволі порсткі і рухавы. Васілевіч. Аля падхоплівае чамаданы і порсткімі крокамі накіроўваецца ў горад. Пальчэўскі.
2. Запальчывы, быстры. Па характару яны зусім розныя людзі: Мікалай Вітушка спакойны, разважлівы, далікатны, а Міхал Падабед порсткі, гарачы і крыху грубаваты. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)