БАЦІ́ЦКІ (Павел Фёдаравіч) (27.6.1910, Харкаў — 17.2.1984),

Маршал Сав. Саюза (1968), Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938) і Генштаба (1948). З 1929 служыў у БВА. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім, Сцяпным, 1-м і 2-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: нач. штаба мотадывізіі, камандзір стралк. дывізіі, карпусоў. Удзельнік Беларускай аперацыі 1944. У 1954—65 камандуючы войскамі ППА Маскоўскай акругі. У 1966—78 галоўнакамандуючы войскамі ППА краіны — нам. міністра абароны СССР.

П.Ф.Баціцкі.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́НСКІ ФРОНТ.

Утвораны 16.8.1941, пасля 2 расфарміраванняў зноў утвораны 29.3.1943 на зах. напрамку. Камандуючыя ген.-палк. М.А.Рэйтар (29.3—5.6.1943), ген. арміі М.М.Папоў (з 6.6.1943); чл. ваен. савета ген.-лейт. І.З.Сусайкаў, з 7.7.1943 ген.-лейт. Л.З.Мехліс; нач. штаба ген.-лейт. Л.М.Сандалаў. У склад фронту ў розны час уваходзілі 3, 50, 61, 63, 11-я гв. агульнавайсковыя, 3-я гв. і 4-я танкавыя, 15-я паветр. арміі. Войскі фронту прымалі ўдзел у Курскай бітве 1943, правялі Бранскую аперацыю 1943. 10.10.1943 фронт расфарміраваны.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗІЛО́ВІЧ (Ігнат Мартынавіч) (1841, Валынская губ. — 9.9.1863),

удзельнік паўстання 1863 на Беларусі. Скончыў Кіеўскі кадэцкі корпус (1859). Служыў падпаручнікам Екацярынаслаўскага палка (Масква). Належаў да рэв. арг-цыі, падтрымліваў цесныя сувязі з паплечнікам К.Каліноўскага Л.Звяждоўскім. У крас. 1863 уцёк з часці і разам са Звяждоўскім выехаў на Магілёўшчыну. Пад псеўданімамі Каткоў і Ян Піховіч арганізаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад у Аршанскім пав. 26.4.1863 атрад разбіты пад Пагосцішчамі. Будзіловіч схоплены на полі бою і паводле прыгавору ваен. суда расстраляны ў Оршы.

Г.В.Кісялёў.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКУ́ЛЬСКІ (Аляксандр Васілевіч) (28.8.1922, в. Калтыманава Іглінскага р-на, Башкортастан — 31.7.1990),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Тамбоўскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1942). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1943, камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка. Удзельнік баёў на Віцебска-Полацкім напрамку, вызвалення Літвы і Латвіі, разгрому кёнігсбергскай групоўкі ворага. Капітан Вакульскі зрабіў 111 баявых вылетаў, удзельнічаў у 17 паветр. баях, збіў 3 самалёты, знішчыў вял. колькасць ваен. тэхнікі ворага. У 1946—62 у грамадз. авіяцыі.

т. 3, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́Н (Марк Тэрэнцый) (Marcus Terentius Varro; 116 да н.э., г. Рыеты, Італія — 27 да н.э.),

старажытнарымскі пісьменнік і вучоны-энцыклапедыст. Паходзіў з саслоўя коннікаў, займаў паліт. і ваен. пасады. У грамадз. вайне 49 выступаў супраць Цэзара. У 47 пасля прымірэння з Цэзарам па яго даручэнні арганізаваў і ўзначаліў першую ў Рыме публічную б-ку. Аўтар гіст., геагр., філас., літ. прац, асн. з іх «Старажытнасці...» (41 кн., не захаваліся), «Пра лацінскую мову» (25 кн.), «Навукі», «Меніпавы сатыры» (150 кн.), «Пра сельскую гаспадарку» (3 кн.).

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОЕ́ННО-ИСТОРИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,

часопіс Ген. штаба Узбр. Сіл Расіі. Выходзіць з 1939 у Маскве на рус. мове штомесяц. У 1939—40 орган Нар. камісарыята абароны СССР, у студз.ліп. 1941 — Ген. штаба РСЧА; з пач. Айч. вайны выданне спынена, адноўлена ў 1959. Да 1991 орган Мін-ва абароны СССР. Друкуе артыкулы, дакументы і матэрыялы па гісторыі рас. і сав. ваен. майстэрства, успаміны палкаводцаў (флатаводцаў) і военачальнікаў (у т. л. па гісторыі рас. палкоў, Вял. Айч. вайны 1941—45), рэцэнзіі, навук. інфармацыю і інш.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБРЫЭ́ЛЬ ((Gabriel) Жак Анж) (23.10.1698, Парыж — 4.1.1782),

французскі архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў свайго бацькі арх. Жака V Габрыэля і ў Акадэміі архітэктуры (з 1718) у Парыжы. З 1742 першы архітэктар караля і прэзідэнт Акадэміі архітэктуры. Яго работы рацыянальныя па планіроўцы, выразныя і дакладныя па форме, вытанчаныя па аздобе: Оперны т-р (1748—70), Малы Трыянон (1762—64) і інш. ў Версалі, Ваен. школа (1751—75) у Парыжы. Аўтар планіроўкі і забудовы пл. Людовіка XV (цяпер пл. Згоды; 1755—63) у Парыжы.

т. 4, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАНКО́Ў (Іван Пракопавіч) (27.2.1919, в. Яўкіна Шумяцкага р-на Смаленскай вобл., Расія — 8.11.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Маскоўскае ваен. вучылішча пагранвойск (1939), Вышэйшую школу прафс. руху (1951). У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, у снеж. 1941 — вер. 1943 у партыз. атрадзе на Смаленшчыне. Вызначыўся ў крас. 1945 пры фарсіраванні р. Шпрэе ў Берліне. Рота на чале з капітанам Гаманковым адбіла некалькі контратак праціўніка. Цяжка паранены, не пакінуў поля бою. Да 1969 на прафс. і гасп. рабоце.

т. 5, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМСАХУ́РДЫЯ (Звіяд Канстанцінавіч) (1939—1.1.1994),

грузінскі дзярж. і паліт. дзеяч, паэт, белетрыст. Сын К.Гамсахурдыя. Скончыў Тбіліскі ун-т. Канд. філал. н. З 1950-х г. уключыўся ў грамадска-паліт. дзейнасць, праследаваўся ўладамі, у 1977—79 рэпрэсіраваны. Працаваў у Ін-це груз. л-ры імя Ш.Руставелі. У 1990—91 старшыня Вярх. Савета Грузіі, у крас. 1991 — студз. 1992 прэзідэнт Рэспублікі Грузія; адхілены ад улады паводле рашэння Ваен. савета Рэспублікі Грузія і пакінуў краіну. Аўтар навук. прац, перакладаў зборнікаў вершаў, баек і інш.

т. 5, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)