РУДСК,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Няслуха, на аўтадарозе Іванава—в. Махро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пд ад г. Іванава, 147 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 783 ж., 262 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (19 ст.).

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАНУКЛЕА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія расшчапляюць рыбануклеінавыя кіслоты шляхам разрыву фосфарна-эфірных сувязей у поліпептыдным ланцугу. Пашыраны ў жывых арганізмах. Найб. вывучана панкрэатычная Р., якая вылучана з падстраўнікавай залозы быка (першы фермент, для якога вызначана паслядоўнасць усіх 124 амінакіслотных астаткаў і ажыццёўлены яго хім. сінтэз; 1960-я г.). Выкарыстоўваюць у біяхім. даследаваннях, для вывучэння структуры нуклеінавых к-т, у медыцыне для прыгнечання росту пухлін, лячэння некат. тыпаў лейкозаў, як абязбольвальны сродак.

т. 13, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],

хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫЯ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ, радыяцыйнае трэнне,

сіла, што дзейнічае на зараджаную часціцу (напр., электрон) з боку выкліканага ёй эл.-магн. выпрамянення; тармажэнне выпрамяненнем. Паскораны рух зараджанай часціцы вядзе да выпрамянення эл.-магн. хваль. У сістэме такіх часціц не захоўваюцца энергія і імпульс. Такая сістэма «паводзіць» сябе як мех. сістэма пры наяўнасці сіл трэння (дысіпатыўная сістэма), якія ўводзяцца для апісання факта незахавання энергіі ў сістэме ў выніку яе ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙХСКА́НЦЛЕР (ням. Reichskanzler),

1) у Германскай імперыі 1871—1918 адзіны агульнагерманскі міністр і старшыня бундэсрата, які прызначаўся імператарам. Узначальваў выканаўчую ўладу імперыі.

2) У Веймарскай рэспубліцы (1919—33) кіраўнік урада, які назначаўся прэзідэнтам з ухвалення рэйхстага. З 1933 пачалі стварацца т.зв. прэзідэнцкія кабінеты, якія ў абыход канстытуцыі не абапіраліся на давер парламента. У 1933—45 Р. быў А.​Гітлер, які ў 1934 аб’яднаў паўнамоцтвы кіраўніка ўрада і дзяржавы, скасаваўшы пасаду прэзідэнта.

т. 13, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы курортных і зялёных зон, прыродныя нац. паркі і інш., якія выкарыстоўваюцца для адпачынку насельніцтва. У іх ажыццяўляюцца лыжныя, пешаходныя і водныя прагулкі, збор грыбоў і ягад і інш. віды рэкрэацыі (акрамя палявання). На Беларусі агульная пл. Р.л. каля 1 млн. га, з іх найб. каштоўныя хваёвыя, дубовыя і бярозавыя лясы на ўвільготненых глебах. Асн. масівы Р.л. у нац. парках «Браслаўскія азёры», «Нарачанскі», Мінскай лесапаркавай гаспадарцы.

А.​А.​Малажаўскі.

т. 13, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НТАВЫЯ ПЛАЦЯЖЫ́,

грашовыя адлічэнні юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у дзярж. бюджэт пры ажыццяўленні знешнегандлёвых тавараабменных (бартэрных) аперацый. Памер Р.п. залежыць ад агульнай вартасці пастаўленых у дзяржаву тавараў. На Беларусі спаганяецца 5% па бартэрных аперацыях, накіраваных на забеспячэнне ўласнай вытв-сці суб’ектаў гаспадарання (пастаўка сыравіны, матэрыялаў, абсталявання), і аперацыях, якія ажыццяўляюцца па рашэнні Савета Міністраў. Па астатніх бартэрных аперацыях Р.п. спаганяюцца ў памеры 15% ад агульнай вартасці пастаўленых тавараў.

т. 14, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЗЛУ́ЧАНЫЯ САСУ́ДЫ, спалучальныя сасуды,

сасуды, якія ў ніжняй частцы злучаны паміж сабой. У С.с. аднародная вадкасць устанаўліваецца на аднолькавым узроўні незалежна ад формы сасудаў. На гэтым заснавана дзеянне вадкаснага манометра, вадамернага шкла паравых катлоў і інш. Калі ў С.с. наліты вадкасці розных шчыльнасцей (ρ1 і ρ2), то яны ўстанаўліваюцца на розных узроўнях у адпаведнасці з суадносінамі ρ1h1 = ρ2h2.

Да арт. Сазлучаныя сасуды: ρ1, ρ2 — шчыльнасці вадкасцей; h1, h2 — вышыні ўзроўняў вадкасцей.

т. 14, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАНО́Е,

вёска ў Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на р. Добасна, каля аўтадарогі Жлобін—Светлагорск; чыг. ст. на лініі Жлобін—Светлагорск. Цэнтр сельсавета і Жлобінскай птушкафабрыкі. За 8 км на Пд ад г. Жлобін, 101 км ад Гомеля. 1464 ж., 487 двароў (2001). Пач. школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі курганны могільнік (11 ст.).

т. 14, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАГОНАВАРЭ́ННЕ,

хатні выраб самагону, брагі і інш. моцных спіртных напіткаў. Паводле кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адм. парушэннях С., захоўванне і набыццё гэтых напіткаў, а таксама выраб і захоўванне прылад для С. — правапарушэнні. якія падлягаюць адм. адказнасці. Хатні выраб спіртных напіткаў пры дапамозе натуральнага браджэння (віны, наліўкі, настойкі) не з’яўляецца правапарушэннем. За С. накладаецца штраф у памеры да 5 мінім. заработных плат. Крымінальны кодэкс у рэдакцыі 1960 разглядаў С. як крымін. злачынства.

т. 14, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)