МЕ́РЧЫЦЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 180 км ад Брэста. 414 ж., 162 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, 2 б-кі, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 10, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫДЫЯ́Н МАГНІ́ТНЫ Зямлі,

праекцыя сілавой лініі геамагнітнага поля на паверхню Зямлі (гл. Магнітнае поле Зямлі). М.м. — складаныя крывыя, якія сыходзяцца ў паўн. і паўд. магнітных полюсах Зямлі. Плоскасць М.м. — верт. плоскасць, што праходзіць праз месца назірання і мае ў гэтым пункце вектар напружанасці геамагнітнага поля. Вугал паміж плоскасцю М.м. (у ёй размяшчаецца стрэлка магнітнага компаса) і плоскасцю геагр. мерыдыяна (гл. Мерыдыян зямны) у дадзеным пункце зямной паверхні наз. магнітным схіленнем.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫФІ́ЛД ((Merrifield) Роберт Брус) (н. 15.7.1921, г. Форт-Уэрт, ЗША),

амерыканскі хімік-біяарганік. Чл. Нац. АН ЗША (1972). Скончыў Каліфарнійскі ун-т у Лос-Анджэлесе (1943), дзе і працаваў. З 1949 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку (з 1966 праф.). Навук. працы па хіміі пептыдаў. Распрацаваў метад гетэрафазнага сінтэзу пептыдаў на цвёрдых палімерных носьбітах з актыўнымі групамі, якія ўзаемадзейнічаюць з амінакіслотамі (1962). Сінтэзаваў брадыкінін, ангіятэнзін, рыбануклеазы. Нобелеўская прэмія 1984.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ЗВЫ́ЧАЙ,

правіла, якое склалася ў выніку працяглага выкарыстання ў адносінах паміж многімі або некаторымі дзяржавамі, але не замацаванае ў міжнар. дагаворах. З’яўляецца крыніцай права ў тых выпадках, калі адносіны не адрэгуляваны дагаворам міжнародным. Неабходнай умовай прызнання М.з. крыніцай права з’яўляецца прызнанне яго ўсімі або некаторымі дзяржавамі. Звычаі, у аснову якіх пакладзены прынцыпы суверэнітэту і роўнасці, абавязковыя для ўсіх краін; іншыя М.з. дзейнічаюць для дзяржаў, якія іх прызналі.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАНІ́Т (ад грэч. mylōn млын),

зборная назва розных паводле саставу і генезісу горных парод, раздробленых у зонах тэктанічных парушэнняў. Першасныя горныя пароды пры перамяшчэнні па разломе пераціраюцца, сціскаюцца, робяцца больш шчыльныя, дробназярністыя; мінералы ў іх набываюць лінейнае арыентаванне, утвараючы характэрную міланітавую (тонкаслаістую) структуру. У выніку працэсаў дынамаметамарфізму, якія часта ўзнікаюць пры такіх абставінах, М. ператвараецца ў сланцаватую метамарфічную пароду (бластаміланіт). На Беларусі зоны міланітызацыі часта трапляюцца ў пародах крышт. фундамента.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),

расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НАЯ АШМЯ́НКА,

вёска ў Ашмянскім р-не Гродзенскай вобл.

Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на ПнЗ ад горада і 28 км ад чыг. ст. Ашмяны, 231 км ад Гродна. 338 ж., 134 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры — касцёл Дзевы Марыі са званіцай (канец 18 — пач. 19 ст.), рэшткі друкарні (16 ст.).

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХАВЕ́Ц,

пасёлак ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст—Ковель (Украіна). Да 1969 наз. Раманаўскія Хутары. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 15 км на ПдУ ад Брэста, 3 км ад чыг. ст. Каменная. 1705 ж., 555 двароў (1999). Міжгаспрадпрыемства па вытв-сці насення траў. Сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік С.Я.Багданчуку.

т. 11, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЖА́НЫ,

вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Браслаў—Турмантас (Літва). Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на З ад г. Браслаў, 240 км ад Віцебска, 50 км ад чыг. ст. Друя. 285 ж., 116 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл Маці Божай Анёльскай (1925). Каля вёскі геал. помнік прыроды Мяжанскі валун.

т. 11, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУ́РА ў выяўленчым мастацтве,

рэальныя аб’екты рэчаіснасці (чалавек, рэчы, ландшафт і інш.), якія мастак выкарыстоўвае як мадэль пры рабоце над творам. З Н. выконваюць замалёўкі, накіды, эцюды, часта партрэты, пейзажы, нацюрморты. Працуюць у натуральных прыродных умовах (пленэр) або ў майстэрні (перадача вобраза натуршчыка). Часам пры падрыхтоўцы твора работу з Н. спалучаюць з работай па памяці ці фантазіі. Праз выбар Н. і яе інтэрпрэтацыю мастак выяўляе сваё светаадчуванне і творчую задачу.

т. 11, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)