АСТРАБЛЕ́МА (ад астра... + грэч. blēma рана),

замкнёнае кольцападобнае ўтварэнне на паверхні Зямлі або інш. нябеснага цела, што ўзнікла ў выніку падзення вял. метэарыта ці астэроіда. На Зямлі вядома каля 100 астраблемаў, у Еўропе больш за 30. Найб. даступныя для назірання астраблемы — Арызонскі кратэр (ЗША) дыяметрам 1200 м, глыб. 175 м і выш. 40 м (адносна гарызантальнай паверхні). На тэр. Беларусі знаходзіцца Лагойская астраблема.

Астраблема ў штаце Арызона ЗША. Здымак з самалёта.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НКА (Banka),

Бангка, востраў у складзе Вял. Зондскіх а-воў, тэр. Інданезіі. Аддзелены ад в-ва Суматра пралівам Банка. Пл. 11,6 тыс. км². Большая ч. паверхні раўнінная, не перавышае 60 м, месцамі гранітныя ўзвышшы (выш. да 699 м). Клімат экватарыяльны. Вільготныя трапічныя лясы, балоты. На востраве адзін з найб. у свеце волаварудных раёнаў; распрацоўваецца з 1709. Агульныя запасы каля 275 тыс. т металу. Плантацыі каўчуканосаў. Гал. горад — Панкалпінанг.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБУС (лац. denarius albus белы дэнарый),

высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕ́КЦЫЯ (ад лац. advectio дастаўка),

1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль ​2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.

2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСТУМА́НІ,

горнакліматычны курорт у Грузіі. За 28 км ад чыг. ст. Ахалцыхе, на схілах Месхецкага хр. Малога Каўказа і глыбокай цясніны р. Ацхе. Засн. ў 19 ст. Круглагадовае кліматалячэнне, значныя запасы тэрмальных мінер. водаў (асобныя крыніцы вядомы з 11 ст.).

Паблізу Абастумані першая на тэр. б. СССР горная астрафіз. абсерваторыя, крэпасць царыцы Тамары (12 ст.), Зарзмскі манастыр (14 ст.), у суседстве з ім рэшткі грандыёзнага пячорнага манастыра 12—13 ст.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БВЕР (ням. Abwehr),

орган ваен. разведкі і контрразведкі Германіі ў 1919—44. У 1935—44 абвер узначальваў адм. Ф.​В.​Канарыс. У 1944 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі, падпарадкаванага Г.​Гімлеру. У Вял. Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 4 развед., 3 дыверсійна-тэрарыст. і 9 контрразвед. груп абверу, спец. аператыўная група «Мінск», а таксама асобныя падраздзяленні развед. і контрразвед. органаў А. «Зондэрштаб-Р», «Інгвар», «Цэпелін».

т. 1, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІСКУ, Абіска (Abisko),

нацыянальны парк на Пн Швецыі, у Скандынаўскіх гарах. Засн. ў 1909 як ландшафтны запаведнік. Уключае бас. р. Абіску і ч. паўд. ўзбярэжжа воз. Турнетрэск. Пл. 7,5 тыс. га. Хваёвыя і мяшаныя лясы. Разнастайная фауна млекакормячых (буры мядзведзь, воўк, лемінг, лось, паўн. алень, пясец, расамаха) і птушак (бакас, беркут, варакушка, курапатка палярная, паморнік даўгахвосты, пуначка, сава белая, уюрок). На тэр. парку навук.-доследная станцыя Шведскай АН.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНО́Ў (Цімафей Якаўлевіч) (1916, в. Асіпова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 23.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з сак. 1942 на Паўн.-Зах. і 3-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Гарноў вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка на левым беразе Нёмана ў Віцебскай вобл. і пасля фарсіравання р. Шашупе на тэр. Літвы пры адбіцці контратакі ворага. Загінуў у баі, на магіле помнік.

Ц.Я.Гарноў.

т. 5, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУПЯНЕ́Ц (Піліп Аляксеевіч) (18.10.1910, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.9.1981),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1944. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Гупянец вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: знішчыў 2 агнявыя пункты праціўніка; на подступах да р. Одэр агнём з кулямёта адбіў контратаку ворага; у баі за г. Бернаў (Германія) знішчыў 2 агнявыя пункты ворага.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)