1) чыста тэарэт. кірунак, традыцыяналізм у навуцы і асвеце.
2) Адарванасць навукі, мастацтва, асветы ад жыцця і грамадскай практыкі.
3) У выяўленчым мастацтве — кірунак, які склаўся ў маст. акадэміях 16—19 ст. (гл. ў арт.Акадэміі мастацкія) і прытрымліваўся традыцыйных правілаў класічнага мастацтва антычнасці і Адраджэння. Садзейнічаў сістэматызацыі маст. адукацыі, замацаванню класічных традыцый (гл.Класіцызм), якія ператвараліся ім у «вечныя» каноны. Лічачы, што сучаснае жыццё не вартае высокага мастацтва, акадэмізм проціпастаўляў яму надчасавыя і наднац. нормы прыгажосці, ідэалізаваныя вобразы, далёкія ад рэальнасці сюжэты (з ант. міфалогіі, Бібліі), што падкрэслівалася ўмоўнасцю мадэліроўкі, колеру і малюнку, тэатральнасцю кампазіцыі. Пад націскам мастакоў-рэалістаў і творчай апазіцыі акадэмізм распаўся і відазмяніўся. У 20 ст. ў шэрагу краін ён часам выяўляўся ў адноўленых формах неакласіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЕАЎТАМАБІ́ЛЬ,
баявая браніраваная колавая машына, прызначаная для агнявой падтрымкі пяхоты ў баі, для разведкі, баявой аховы, патрулявання і сувязі.
Выкарыстоўваліся ў час 1-й і 2-й сусв. і грамадз. войнаў (у 1918 у Чырв. Арміі было 148 бронеаўтамабіляў). Ёсць на ўзбраенні армій Вялікабрытаніі («Саладзін» Мк2), Францыі («Панар» AML-90), інш.краін. Маюць 20—90-мм гармату, 1—2 кулямёты, часам гранатамёт і процітанк. кіроўную ракету. Маса да 12 т, запас ходу да 1000 км, скорасць да 105 км/гадз. У былой Сав. Арміі ў пасляваен. час тэрмін «бронеаўтамабіль» выйшаў з ужытку, а баявыя колавыя машыны атрымалі назву ў залежнасці ад асн. прызначэння (напр., бронетранспарцёр, баявая разведвальная машына).
Да арт.Бронеаўтамабіль: а — браніраваная разведвальна-дазорная машына; б — бронеаўтамабіль «Саладзін» (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКІ МУЗЕ́Йу Лондане,
адзін з буйнейшых музеяў свету. Засн. ў 1753, адкрыты ў 1759 (будынак узведзены ў 1823—47 у стылі класіцызму, арх. Р. і С.Смёрк). У ім зберагаюцца помнікі першабытнага мастацтва (гал. чынам Брытанскіх а-воў), мастацтва і культуры Стараж. Егіпта, Месапатаміі (у т. л. Разецкі камень, старажытнасці г. Ур), Грэцыі і Рыма (скульптуры з Парфенона і Галікарнаскага маўзалея, збор ваз, камеяў і інш.), краін і народаў Еўропы, Азіі, Афрыкі, Амерыкі, Акіяніі, багатыя зборы гравюр, малюнкаў, манет і медалёў. У бібліятэцы Брытанская музея больш за 7 млн. кніг, каля 105 тыс. рукапісаў, у т. л.стараж.-егіпецкія папірусы, бел. выданні Ф.Скарыны [«Кнігі царстваў» (Прага, 1518), «Псалтыр», «Апостал» (Вільня, 1525)] і «Манархія турэцкая» П.Рыка (Слуцк, 1678).
Брытанскі музей у Лондане. Галоўны фасад. Архітэктары Р. і С. Смёрк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),
расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЫНГТО́НСКІ ДАГАВО́Р 1867,
дагавор аб уступцы (продажы) рас. уладанняў у Паўн. Амерыцы ЗША. Падпісаны 30 сак. ў Вашынгтоне амер.дзярж. сакратаром У.Сьюардам і рас. пасланнікам Э.Стэклем ва ўмовах збліжэння абедзвюх краін. Паводле дагавора, якому папярэднічалі амаль 10-гадовыя перамовы (з 1859), Рас. імперыя ўступала (прадавала) ЗША за 7,2 млн.дол.тэр. п-ва Аляска разам з Алеуцкімі а-вамі агульнай пл. 1,5 млн.км² (1/5 тагачаснай тэр.паўн.-амер. дзяржавы). Ратыфікаваны сенатам ЗША да 10 крас., рас. імператарам Аляксандрам II 15 мая 1867. Дагавор садзейнічаў аслабленню пазіцый Вялікабрытаніі і інш.еўрап. дзяржаў на амер. кантыненце.
Літ.:
Болховитинов Н.Н. Русско-американские отношения и продажа Аляски, 1834—1867. М., 1990;
Реданский В. С высочайшего соизволения... // Морской сборник. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́Р ((Vilar) Жан) (25.3.1912, г. Сет, Францыя — 28.5.1971),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучань Ш.Дзюлена. З 1932 працаваў у розных парыжскіх т-рах. Ініцыятар і кіраўнік фестываляў драм. мастацтва ў Авіньёне. У 1951—63 дырэктар, акцёр і рэжысёр Нац.нар.т-ра (Парыж). Ставіў пераважна класічныя творы сусв. драматургіі. Асветніцкі па накіраванасці, разлічаны на шырокага дэмакр. гледача т-р Вілара спалучаў традыцыі стараж. вулічнага т-ра з наватарскімі плынямі 20 ст. Сярод пастановак: «Рычард II» У.Шэкспіра (1947, і гал. роля), «Сід» П.Карнеля, «Дон Жуан» Мальера (1954, і гал. роля), «Федра» Ж.Расіна (1957), «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта (1960, і гал. роля), «Справа Опенгеймера» (1965, і аўтар п’есы). Яго творчасць значна паўплывала на сцэн. мастацтва Францыі і інш.краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н.ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш.краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЕ ГАНЬБАВА́ННЕ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання ў праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД, а таксама мера ўздзеяння, якая выкарыстоўваецца камісіямі па справах непаўналетніх і таварыскімі судамі. Як мера пакарання заключаецца ў публічным выказванні судом грамадскага ганьбавання вінаватаму з давядзеннем пра гэта да ведама грамадскасці праз друк або інш. спосабам. Назначаецца судом як асн. мера пакарання за малазначныя злачынствы, і з’яўляецца мерай выхаваўча-папераджальнага ўздзеяння. Камісія па справах непаўналетніх можа вынесці грамадскае ганьбаванне бацькам і асобам, якія іх замяняюць, пры няправільных адносінах да дзяцей, злосным невыкананні абавязкаў па выхаванні дзяцей, а таксама ў сувязі з правапарушэннямі іх непаўналетніх дзяцей. Таварыскі суд прымяняе грамадскае ганьбаванне да асоб, вінаватых у правапарушэннях і інш. правіннасцях, разгляд якіх аднесены да кампетэнцыі таварыскіх судоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,
міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.