Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.І.Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,
бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв.к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр.к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт. жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МАН (Алег Уладзіслававіч) (н. 21.9.1925, г. Уладзівасток, Расія),
бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991, чл.-кар. 1989), д-ртэхн.н., праф. (1972). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1976). Скончыў БПІ (1948). З 1951 у БПІ, з 1972 дырэктар НДІ парашковай металургіі БПІ. У 1980—93 ген. дырэктар Бел.рэсп.навук.-вытв. аб’яднання парашковай металургіі. З 1993 саветнік Бел.дзярж.навук.-вытв. канцэрна парашковай металургіі. Навук. працы па тэорыі і практыцы прасавання і фармавання метал. парашкоў, спосабах атрымання металакерамічных вырабаў. Устанавіў з’явы, што вызначаюць заканамернасці цячэння парашковага матэрыялу пры яго фармаванні і дэфармаванні. Дзярж. прэмія Беларусі 1980. Міжнар. прэмія імя Дж.Нэру 1992.
Тв.:
Прогрессивные способы изготовления металлокерамических изделий. Мн., 1971 (у сааўт.);
Актуальные проблемы порошковой металлургии. М., 1990 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.
Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш.акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДНІКІ,
ваенныя і цывільныя каланісты, якіх польскі ўрад перасяляў з раёнаў карэннай Польшчы ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну для ўмацавання сваіх інтарэсаў. Асаднікі атрымлівалі на льготных умовах або дарма ўчасткі (асады — адсюль назва). Да 1930 у Зах. Беларусь пераселена 4434 вайсковыя Асаднікі, у 1920—30-я г. — некалькі тысяч цывільных. Яны былі аб’яднаны ў Польскі саюз ускраін, падтрымлівалі палітыку паланізацыі бел. і ўкр. народаў, былі ўзброены і нярэдка выконвалі паліцэйскія функцыі, выкарыстоўваліся ўладамі для барацьбы з рэв. і нац.-вызв. рухам. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР Асаднікі былі дэпартаваны ва ўсх. раёны СССР. У Вял.Айч. вайну б.ч. іх уступіла ў Польскую армію пад камандаваннем ген. У.Андэрса, якая была сфарміравана на тэр.СССР. Пасля 2-й сусв. вайны паводле пагадненняў паміж сав. і польск. ўрадамі сем’і Асаднікаў вярнуліся ў Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧЫ ФОНД АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ,
(United Nations Children’s Fund; ЮНІСЕФ). Засн.Ген. Асамблеяй ААН 11.12.1946 як Надзвычайны міжнар. фонд дапамогі дзецям у Еўропе пасля 2-й сусв. вайны. З кастр. 1953 — Дз. ф. ААН. Кіруючы орган — Выканаўчы савет (36 чл., 1997). Сакратарыят ЮНІСЕФ вядзе работу праз свае бюро больш чым у 140 краінах. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку. Нобелеўская прэмія міру 1965.
Праекты ЮНІСЕФ у Беларусі ажыццяўляюцца з 1994, прадстаўніцтва адкрыта ў маі 1997 у Мінску. Распрацаваны праграмы супрацоўніцтва ЮНІСЕФ з дзярж. і грамадскімі арг-цыямі Беларусі па асн. кірунках: абарона правоў дзіцяці і рэалізацыя Канвенцыі аб правах дзіцяці; развіццё падлеткаў і моладзі; аказанне дапамогі дзецям-інвалідам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў; здароўе дзяцей і жанчын; ліквідацыя адмоўнага ўздзеяння на дзяцей наступстваў, выкліканых катастрофай на Чарнобыльскай АЭС.