Жальня́ ’могілкі’ (Шпіл.), жальні́к ’тс’ (Яшкін). Рус. паўн. жальник, польск. żalnik ’тс’. Выгонная (Бел.-польск. ізал., 24–26) звязвае з жалець (гл.), г. зн. са спальваннем трупаў, насуперак Львову (Очерки по лексике памятников ст.-слав. письменности, 1966, 103; ЭИРЯ, 5, 66–68), які лічыў, што жаль(ник) абазначала надмагільнае збудаванне там, дзе адсутнічала спальванне трупаў. Міклашыч (406), Брукнер (661) лічылі, што адпаведныя словы якраз абазначаюць месцы спальвання трупаў. Наяўнасць жа́лець ’тлець’ пацвярджае гіпотэзу Міклашыча і Брукнера, якія аб гэтым слове не ведалі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажа́рка ’стары кажух’ (Касп., Мядзв., Шат.; рас., Шатал.). Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя; структура ўтварэння не зусім ясная. Паводле Сцяцко, Афікс. наз., 149, з суф. ‑арк‑а ад кожа; аднак параўн. къжары (тулуп къжары); тэрыторыя, відаць, дрысен. (віц., КЭС). Гэта дае магчымасць бачыць тут семантычную кандэнсацыю выразу *кажары тулуп, суфікс у такім выпадку — ‑к‑. На іншую магчымасць тлумачэння ўказвае рус. валаг. кожара ’кажух з аўчыны, не пакрыты сукном’ і бел. кажарына (гл.), якія сведчаць аб аснове кажар‑, якое з ‑ар‑суфіксацыяй ад кожа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казе́льчык ’конік’ (ашм., смарг., Шатал.). Рэгіянальнае ўтварэнне ад асновы казёл- ’маленькі казёл’, што або паводле паводзін насякомага, якое скача, або семантычная калька ці субстытуцыя такіх назваў, як конік, кабылка і пад. Звяртае на сябе ўвагу заходні рэгіён фіксацыі лексемы, аднак структурныя адпаведнікі ёсць і ў рус. гаворках. З суседніх можна прывесці смал. козельчик ’казляня’, росл., смал. ’узоры, якія маюць выгляд рагулек’, бран. ’дэталь калаўрота’, смал. ’кветка’, ’грыб масляк’; гэтыя прыклады сведчаць, што бел. казельчык магло быць пераносам з *казельчык ’казляня’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перажы́так ’тое, што захавалася ад мінулага і не адпавядае сучасным нормам’ (ТСБМ), перажы́тасць ’перажытак’ (Яруш.), перажы́так і перажы́ткі ’перажыванне, тое, што ў жыцці давялося перажыць’ (валож., Жыв. сл.), перажы́ткі ’хваляванне, турботы’ (паст., Сл. ПЗБ), перажы́ты, перажыву́шчы ’той, хто вельмі хвалюецца’ (маст., ашм., паст., Сл. ПЗБ), перэжы́тка ’перажыванне’, перэжы́точно ’цяжка, хвалююча’ (ТС). Укр. пере́жи́ток, рус. пережи́ток ’переживания’, польск. przeżytek ’перажытак’, чэш. přežitek, славац. prežitok ’тс’, prežitosť ’устарэласць’. Прасл. *per‑žit‑ъkъ ’перажыванні, якія прыйшлося перажыць у жыцці’, пазней — ’перажытак’. Да пера- і жыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Планіда ’лёс, вышэйшае прадвызначэнне’ (чач., Мат. Гом.; Бяльк.; Растарг.), ст.-бел. планита (XVI ст.). З планета (гл.) у выніку мены е > и ў запазычаных словах пад уплывам народнай этымалогіі (Карскі, 1, 188). Паводле Німчука (Давньорус., 20), и (i) адлюстроўвае грэка-візантыйскае вымаўленне πλανήτης ’планета’; азванчэнне τ у міжвакальным становішчы. Тое ж рус. плани́да ’лёс’, ’планета’, ’камета’, ’моцны вецер, дождж, гром’, якія узніклі ў выніку пераафармлення лексемы планита пад уплывам слоў накшталт Фемида. Новае значэнне ’лёс’ узнікла ў сувязі з астралагічнымі гараскопамі (КЭСРЯ, 340).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пло́тва ’плотка, Rutilus rutilus L.’ (навагр., Сцяшк. МГ), ’краснапёрка, Scardinius erythropthalamus L.’ Да платва́ (гл.), прасл. *ploty, Р. скл. plotъve, сюды ж плоціца, плаці́ца і ўтвораная ад іх шляхам адваротнай дэрывацыі гродз. плоць, якія ў суседняй польскай мове з XVI ст. сталі замяняцца формай *plot‑ъka (Банькоўскі, 2, 624–625); на бел. тэрыторыі ў сучасны момант гэтая форма пераважае: плотка, плі́тка, плутка, плы́тка ’плотка’ (ТСБМ, Нас., Дразд., Жук., Гарэц., Яруш., Бес., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Стан., Растарг.; гродз., З нар. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рага́ль — пра вала або лася з вялікімі рагамі (Др.-Падб., Сержп.). Адпрыметнікавы назоўнік з суфіксам ‑аль ад рага́ты (гл.), як наса́ль ад наса́ты. Пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 94. Да рог (гл.), параўн. роголе́ ’вялікія рогі’ (ТС). Сюды ж рага́лік ’жук-алень’ (глыб., міёр., ЖНС), паколькі жук мае моцна развітыя верхнія сківіцы, якія па форме нагадваюць рогі аленя, і рага́лік ’маленькая булачка ў выглядзе рога’ (ТСБМ), раго́лік ’варэнік’, ’коржык з бульбы і мукі’ (Ян.). Перанос назвы па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смыза́ ‘імжа’ (ашм., Сл. ПЗБ), ‘мноства, цьма машкары’ (ашм., ЛА, 5). Параўн. укр. смиз ‘увярэднік, Pedicularis L.’, што дазваляе суаднесці з хмыз (хміз) ‘сухія сцяблі хмелю’, хмыза́ (хмуза́) ‘гушчар, хмызняк’ (ТС), якія ўзводзяцца да *smyzъ < і.-е. *smū‑gʼ/*smeu‑gʼ, параўн. ням. Schmauch ‘густы дым’, англ. smoke ‘дым’. Пра суадноснасць значэнняў ‘дым, туман’ — ‘зараслі’ гл. ЭССЯ, 8, 46. Значэнне ‘машкара’ развілося, магчыма, пад уплывам *gъmyzъ, параўн. гмыз ‘насякомыя’ (Ласт.), падрабязней пра яго гл. Пацюпа, Arche, 2007, 3, 207–208.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)