БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЫЛЫ́Х НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ,
грамадская арг-цыя. Створана ў 1988 пад назвай «Дзеці вайны 1941—45 гг.». З 1992 сучасная назва. Асн. задача — сац. абарона былых малалетніх вязняў, пацярпелых у гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі і інш. краін. Уваходзіць у Міжнародны Саюз былых малалетніх вязняў фашызму. Мае аддзяленні ў раёнах і абласцях Рэспублікі Беларусь. Аб’ядноўвае каля 25 тыс. чал. (1996).
М.П.Клімец.
т. 2, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЦЭНТР у Берліне, палітычная арг-цыя. Створаны 19.6.1941 на нарадзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва ў Берліне і Бел. к-та самапомачы, які ўзначальваў М.Шчорс. У кіраўніцтва цэнтрам ўваходзілі Р.Астроўскі, В.Гадлеўскі, В.Тумаш, Ч.Ханяўка, А.Шкуцька, М.Шкялёнак. Асн. мэта — стварэнне бел. дзяржавы пад ням. пратэктаратам. На пач. Вял. Айч. вайны спыніў сваё існаванне. Яго члены займалі розныя пасады ў акупац. апараце гітлераўцаў на тэр. Беларусі, Польшчы, Расіі.
т. 2, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДА́ЛЫ
(лац. Vandali),
група старажытнагерманскіх плямён. Спачатку жылі на Скандынаўскім п-ве, у 1—3 ст. займалі раён сярэдняга і верхняга Одэра. На пач. 5 ст. пад націскам вестготаў перасяліліся ў Іспанію. У 429—439 адваявалі ў Рым. імперыі значную частку Паўн. Афрыкі, заснавалі тут сваё каралеўства — адну з самых моцных дзяржаў Міжземнамор’я. У 455 захапілі і разрабавалі Рым (адсюль вандалізм). У 534 дзяржава вандалаў заваявана Візантыяй.
т. 3, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАР Публій Квінтылій
(Publius Quintilius Varus; каля 53 да н. э. — 9 н. э.),
старажытнарымскі палкаводзец. Быў консулам (13 да н. э.), правіцелем Сірыі (6—4 да н.э.) і Германіі (6—9 н. э.). У час задушэння паўстання герм. плямён пад кіраўніцтвам Армінія Вар на чале з рым. легіёнаў трапіў у акружэнне ў Тэўтабургскім лесе. У выніку чатырохдзённай бітвы яго войска было знішчана, Вар скончыў самагубствам.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕЎ Аляксандр Карпавіч
(12.9.1904, г. Рэчыца — 23.4.1956),
поўны кавалер ордэна Славы. На фронце з 1942. Камандзір сапёрнага аддзялення ст. сяржант Васільеў вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: з групай сапёраў размініраваў 2 мінныя палі, зняў 75 мін; пад агнём праціўніка пераправіў на лодцы цераз Одэр 250 пехацінцаў; у баях за расшырэнне плацдарма зрабіў 5 праходаў у мінных палях, зняў 65 мін.
т. 4, с. 27
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,
ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.
т. 4, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 28 км на ПдЗ ад г. п. Ушачы. Пл. 0,35 км², даўж. 980 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 7—10 м, пад лесам, на Пд і У разараныя. Берагі нізкія, на У зліваюцца са схіламі. Уваходзіць у зону адпачынку Ушачы.
т. 4, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЦКІ Міхаіл Мікалаевіч (28.10.1878, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 3.10.1973, удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1897 у чыг. майстэрнях Гомеля. У 1912—14 старшыня Палескага к-та РСДРП(б). З сак. 1917 чл. Петраградскага Савета. Удзельнік баёў з войскамі Керанскага пад Петраградам, грамадз. вайны. У 1925—26 інструктар Гомельскага губкома РКП(б). З 1926 на парт., прафсаюзнай і гасп. рабоце на Украіне і ў Маскве.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬМІРО́ЛІЗ
(ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),
падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.
т. 4, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ,
гангліяблакіравальныя сродкі, рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.
т. 5, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)