Ка́ша ’густая страва з круп, звараных у вадзе або малацэ’ (ТСБМ, БРС). Слова вядома ва ўсіх слав. мовах. Параўн. рус. ка́ша, укр. ка́ша, польск. kasza, чэш. kaše, славац. kaša, балг. ка́ша, серб.-харв. ка̏ша, славен. káša, і г. д. Прасл. *kaša. Звычайна тлумачылі як *kāsi̯ā, якое быццам звязана з літ. kóšti ’кадзіць’ (гл. Бернекер, 1, 493; Траўтман, 120 і інш.). Гл. Фасмер, 2, 214. У новыя часы прапанавалі іншыя рашэнні (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 9, 158–159). Цікавай здаецца ідэя семантычнай рэканструкцыі як «сечка» і, адпаведна, сувязі з *kositi, *česati.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апру́дзіцца ’цяжка захварэць, акалець’ (Касп.), рус. арх. опру́дить ’пазбавіць жыцця (безасаб.)’; прудить(ся) ’мачыцца ў пасцель’; арл., прудиться ’грэцца каля агню і абіраць насякомых’, укр. прудити(ся) ’выганяць, давіць насякомых з адзення’. Толькі першае рускае значэнне супадае з беларускім; іншыя, магчыма, абазначаюць дзеянні, звязаныя з хваробай, старэннем, яны, напэўна, звязаны этымалагічна з прудить(ся) ’хутка цячы’ < ’гнаць’, што вынікла з прудить ’рабіць запруду’; параўн., аднак, пудзіць. Калі б не арханг. опрудить, магчыма, трэба было б параўнаць беларускае слова з літ. aprūdýti ржавець’. Параўн. яшчэ апрындзіцца. Гл. апруда2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ато́р ’вузкі загон, узараны ўроскідку, пры другім поўным загоне’, ’частка загона, узараная асобна’ (Сцяшк., Сцяц., Лекс. Палесся, 51, 54 з картай). У блізкіх значэннях зафіксавана на ўсходнім Палессі атора, аторка (Лекс. Палесся, 54), аторак, аторыч (Выг. дыс.). Утворана, магчыма, як аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова *атараць з коранем *or‑ і прэфіксам *ot‑, Лекс. Палесся, 54; параўн. адор, адорак ’вузкая градка бульбы’ (Шчарб.), якія маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах. Параўн., аднак, літ. atarà, ãtaras ’канец нівы, папярочная баразна’, лат. atara ’тс’, atar̂t ’паварочваць плуг’, што робіць магчымым таксама запазычанне з балтыйскай на гродзенска-палескім арэале.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ашва́к ’вушак, шула ў сцяне’, ашванык (палес., Лучыц-Федарэц., Бел.-укр. ізал., 44), ошвак ’шула ў сцяне’ (Тарнацкі, Studia), ’бакавы слуп, да якога прымацоўваецца рама акна’ (Шушк.). Няясна; магчыма, з аўшак (оўшак) ’вушак’ (гл.), збліжанае з шыць, параўн. ст.-бел. ошва ’абшыўка, аблямоўка’ (Нас. гіст., 1494); гл. таксама палес. ошва (ošφa) ’брус, які ляжыць на бэльках столі пад кроквамі’ (Тарнацкі, Studia), што нагадвае літ. ašvà ’кабыла’, параўн. шматлікія другасныя значэнні слав. kobyla (тэхнічныя прыстасаванні, будаўнічыя дэталі і інш.): Слаўскі, 2, 305–306, а таксама Яшкін, Рэгіян. асабл., 84–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аўто́рак ’другі дзень тыдня’ (БРС, Нас., Яруш., Бяльк., Касп., Гарэц., Серб., Грыг.), уторак, ваўторак (Рам.), гаўторак (Сцяшк.), аўторнік (Нас.), параўн. укр. вівторок, рус. вторник, дыял. авторок, авторник, польск. wtorek, славац. utorok, чэш. úterek, úterý, славен. vtórək, серб.-харв. у́торак, у̀то̄рнӣк, макед. вторник, балг. вто́рник, ст.-слав. въторьникъ, въторъкъ. Ад vъtor ’другі’, параўн. дру́гадзень ’аўторак’ (Гарэц.), апошняе, магчыма, калька з літ. antrãdienis, лат. otrdiena ’тс’; прыстаўному а‑ можа папярэднічаць пратэза в або г, параўн. Карскі, 1, 261; форма ўторак, відаць, у выніку адпадзення прыстаўнога а, характэрнай з’явы ў паўночна-ўсходніх гаворках.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабёр ’бабёр, бабровае футра’, бабра́к ’бабёр’ (Шат.). Рус. бобр, бобёр, укр. бобе́р, бібр, польск. bóbr, чэш. bóbr, балг. бо́бър, бъ́бър, бе́бер, ст.-серб. bobr і г. д. Прасл. bobrъ, bebrъ, bьbrъ ’бабёр’. Роднаснае літ. bebrùs, bẽbras, bãbras, лат. bębrs, ст.-прус. bebrus, ст.-в.-ням. bibar, лац. fiber, ст.-іран. bawra‑ ’тс’ і г. д. І.‑е. *bhe‑bhru‑ ’карычневы’ (рэдуплікаваная форма), параўн. ст.-інд. babhrúṣ ’карычневы’. Гл. Бернекер, 47; Траўтман, 28–29; Фасмер, 1, 180–181; Слаўскі, 1, 40; Фрэнкель, 38; БЕР, 1, 60; Махэк₂, 59 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башка́ (бышка́) ’галава’ (Бяльк.). Укр. ба́шка (адкуль такі націск?), рус. башка́. Запазычанне з цюрк. baš ’галава’. Праабражэнскі, 1, 20; Фасмер, 1, 139 (там і літ-pa); падрабязна Шанскі, 1, Б, 62–63. Зыходзячы з геаграфіі слова, можна думаць пра пасрэдніцтва рус. мовы.

Ба́шка ’авечка’ (Касп.), ба́ша‑ба́ша‑ба́ша, ба́ше‑ба́ше‑ба́ше ’падзыўныя словы для авечак’ (ДАБМ, 896), таксама бась-бась-бась (Сцяшк. МГ). Рус. дыял. ба́ша ’авечка, ягня’, баш, ба́ша ’падзыўное слова для авечак’. Паводле Фасмера, 1, 138, памяншальная форма ад бара́н. Падзыўное слова тлумачыцца як другаснае па паходжанню (гл. Трубачоў, Происх., 76).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бо́рзды ’быстры, спрытны’. Траўтман (40) лічыў, што бел. слова прадстаўляе прасл. варыянт да bъrzъ ’тс’ і рэканструяваў прасл. bъrzъ (ва ўсіх слав. мовах, акрамя бел.) і bъrzdъ (бел. мова). Гэта апошняе стаіць вельмі блізка да літ. burzdùs, bruzdùs ’рухавы’, што дае магчымасць аднавіць балта-слав. праформу *burzdu‑. Форма bъrzdъ захоўваецца яшчэ ў серб.-харв. брздѝца ’быстрына ў ручая’. Параўн. таксама Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176–177. Форму bъrzъ адлюстроўваюць, напр., рус. бо́рзый, бел. бо́рза, польск. bardzo ’вельмі’, barzy (ст.) ’хуткі’, чэш. brzý, серб.-харв. бр̂з ’хуткі’. Параўн. яшчэ Скок, 1, 222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Машата́, машка́, мошка́, машката́, машкара́, машкіра́ ’мошкі’, ’безліч лятучых камароў, матылькоў, мошак’ (ТСБМ, Касп., Мядзв., Яруш., Нас., Сл. ПЗБ, ТС), ’шмат гарэзлівых дзяцей’ (Нас.), машкарэча, машке́ча ’машкара’ (Мат. Гом.), машкарня́, мошкорэ́ча ’тс’ (навагр., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мошка, рус. мо́шка, мошкара, ст.-рус. мъшица, польск. mszyca, н.-луж. psyca ’тс’, чэш. mšice ’тля’. Прасл. mъši. І.‑е. адпаведнікі: ст.-прус. muso, лат. muša, mũsa, літ. musià, musė̃ ’муха’, ст.-грэч. μυῑα, лац. musca, ст.-сакс. muggia, ст.-в.-ням. mucka ’камар’, алб. mizë ’тс’ (Траўтман, 191; Фасмер, 2, 667).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)