КРЫЖ,

сімвалічны і дэкаратыўны знак (звычайна складаецца з 2 перакрыжаваных прамых), адзін з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Вядомы з першабытнай эпохі ў культурах розных народаў свету. Выступае як геаметрызаваны варыянт сусв. дрэва, сімвал каардынат, які дае чалавеку арыенцір у прасторы і часе; звязаны таксама з сімволікай сонца і агню (салярны знак). Найчасцей К. лічыўся сімвалам вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У міфалогіі ён падкрэсліваў ідэю цэнтра і асн. кірункаў, якія ідуць ад цэнтра. На думку многіх даследчыкаў міфалогіі, К. сімвалізаваў духоўныя аспекты: узыходжанне духа, імкненне да Бога і вечнасці. Часта К. выступаў як мадэль чалавека і антрапаморфнага божышча. У спалучэнні з колам лічыўся знакам злучэння мужчынскага і жаночага пачаткаў. К. на шары — вярхоўная ўлада, перамога духоўнага. Адной з разнавіднасцей К. з’яўляецца свастыка, якая вядома ў Еўразіі з верхняга палеаліту і абазначае спрыяльны, шчаслівы аб’ект, салярны сімвал, знак святла і шчодрасці. На тэр. Беларусі, пераважна ў яе паўн. і сярэдняй частках, выявы свастык трапляюцца ў жал. веку і сярэдневякоўі. У хрысціянстве К. лічыцца сакральным сімвалам, бо на ім, паводле Евангелля, быў распяты Ісус Хрыстос. Найб. пашыранымі формамі хрысц. К. з’яўляюцца: чатырохканцовы (яго разнавіднасці грэчаскі К., дзе верт. брус і перакладзіна аднолькавыя, і лацінскі, дзе верт. брус даўжэйшы за гарызантальны), Т-падобны, андрэеўскі (2 брусы, складзеныя як дыяганалі), рускі праваслаўны (з 2 перакладзінамі, верхняя гарыз. даўжэйшая, ніжняя дыяганальная), латарынгскі (з 2 гарызантальнымі перакладзінамі, верхняя карацейшая), васьміканцовы (у форме латарынгскага К., з кароткай перакладзінай унізе, дыяганальнай або гарызантальнай). Два апошнія К. даследчыкі называюць «патрыяршыя К.». Форма К. мае практычнае значэнне для хрысц. канфесій: католікі і пратэстанты карыстаюцца амаль выключна чатырохканцовым К., праваслаўныя — шасціканцовым і васьміканцовым розных варыянтаў, часам чатырохканцовым, стараверы прызнаюць толькі васьміканцовы К.

У геральдыцы існуе больш за 200 разнавіднасцей К., якія выступаюць у якасці гербавых фігур. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. рознай формы былі састаўнымі часткамі гербаў гарадоў Гродна, Крычава, Лепеля, Ліпнішак, Любчы, Оршы, Ружан, Слоніма, Цырына, а таксама шэрагу шляхецкіх гербаў («Бойча», «Бродзіц», «Касцеша», «Лада», «Ліс», «Любіч», «Пілява», «Сыракомля», «Тарнава», «Ястрэмбец» і інш.).

Э.​М.​Зайкоўскі.

Да арт. Крыж. Крыжы: 1 — грэчаскі; 2 — лацінскі; 3 — патрыяршы, латарынгскі; 4 — папскі; 5 — праваслаўны; 6 — андрэеўскі (св. Андрэя); 7 — антоніеўскі (св. Антонія); 8 — відэльцападобны; 9 — мылічны; 10 — іерусалімскі; 11 — перакрыжаваны; 12 — трохлісты; 13 — кардынальскі; 14 — якарны; 15 — пашыраны; 16 — кавалерскі (рыцарскі); 17 — павысяканы; 18 — мальтанскі (мальтыйскі).

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на Дняпры ў вусці р. Сож. За 92 км на Пд ад Гомеля, 60 км ад чыг. ст. Рэчыца на лініі Гомель—Калінкавічы. Аўтадарогамі злучаны з Брагінам і Рэчыцай. 7,8 тыс. ж. (1999).

З 14 ст. ў складзе Кіеўскага княства ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Лоеўскі замак, вакол якога размяшчалася паселішча. У пісьмовых крыніцах гэтае паселішча ўпершыню ўпамінаецца ў 1505 як Лоева Гара. З канца 16 ст. мястэчка і замак — цэнтр Лоеўскага староства. У 1646 далучаны да Старадубскага пав. Смаленскага ваяв. ВКЛ. У час народна-вызваленчай вайны 1648—54 каля Л. адбылася Лоеўская бітва 1649 і Лоеўская бітва 1651. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Л. спустошаны. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 застаўся ў ВКЛ, у Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. З 1676 ва ўладанні войта рэчыцкага М.​С.​Юдзіцкага і яго нашчадкаў, у сярэдзіне 19 ст. перайшоў да Лашчаў і Нарушэвічаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1858 у Л. адбыліся хваляванні сялян, выкліканыя новымі павіннасцямі на карысць памешчыка. У 1897 у Л. — 4667 ж., 251 двор, школа, 2 царквы, касцёл і сінагога, 9 млыноў, 24 крамы, гандл. канторы, паштовая станцыя; у пач. 20 ст. дзейнічала суднабуд. верф. З 1919 у Рэчыцкім пав. Мінскай губ. БССР, потым у Гомельскай губ. РСФСР. У маі—чэрвені 1920 акупіраваны польск. войскам. У час контрнаступлення войск Паўд.-Зах. фронту адбыўся Лоеўскі прарыў 1920 кананерак Дняпроўскай ваен. флатыліі. З снеж. 1926 у БССР, цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 26.8.1941 да 17.10.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 1635 чал. У ліст. 1942 у час рэйду злучэнняў С.​А.​Каўпака і А.​М.​Сабурава ўкр. і бел. партызаны разграмілі мясц. гарнізон і на кароткі час авалодалі Л. Вызвалены 17.10.1943 войскамі Цэнтр. фронту пры дапамозе бел. партызан у ходзе бітвы за Дняпро 1943. У 1962—66 у Рэчыцкім р-не. У 1972—5 тыс. жыхароў Камбінат буд. матэрыялаў, малаказавод, раённае аграпрамысл. аб’яднанне, 2 сярэднія, муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, вучэбна-вытворчы камбінат, Дом культуры, бібліятэкі, Дом дзіцячай творчасці, 2 аддз. сувязі, царква. Працуе Лоеўскі музей бітвы за Дняпро. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік сав. воінам і партызанам. Помнікі архітэктуры: 2 жылыя дамы 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

А.​П.​Грыцкевіч.

Лоеў. У цэнтры гарадскога пасёлка.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцтвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),

сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г. рус. пісьменнікам П.​Дз.​Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.

Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛ нац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст. сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс. чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс. чал., у 1939—156 тыс. чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс. чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс. чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс. чал. (23,3%).

Літ.:

Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;

Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна гіст. ведаў, якая займаецца стварэннем гіст. карт і атласаў. Арганічна звязана з геаграфіяй гістарычнай. Гал. састаўныя элементы — час, тэрыторыя і падзея — вызначаюць характар гіст. карт. Паводле тэматыкі яны падзяляюцца на археалагічныя, этнагр., гіст.-эканам., гіст.-культурныя і інш., паводле мэтавага прызначэння — вучэбныя, даведачныя, або ілюстрацыі да самаст. гіст. даследавання. У залежнасці ад тэматыкі і прызначэння выбіраюцца маштаб карты, легенда і ўмоўныя знакі. У адносінах да сучаснасці старыя гіст. карты становяцца гіст. крыніцамі. Назва «Русь» і абазначэнне некат. бел. гарадоў упершыню змешчаны на карце Ідрысі (12 ст.). Першым узорам карты новага тыпу стала карта Еўропы Мікалая Кузанскага (15 ст.), дзе пазначана Русь Белая. Па ініцыятыве М.Радзівіла Сіроткі ў 1603 у Нясвіжы Т.Макоўскім выдадзена буйнамаштабная карта ВКЛ, але больш дакладнай стала карта ВКЛ Г.Баплана (1652). У пач. 18 ст. выканана першая рас. карта Беларусі. У гіст. плане тэр. Беларусі адлюстравана на асобных картах, створаных І.Лялевелем, М.Балінскім, Я.​Тапальніцкім. Асобныя тэмы бел. гісторыі (народанасельніцтва, адм. падзел і інш.) даволі падрабязна раскрыты ў картаграфічных працах рас. вучоных 2-й пал. 19 ст. П.М.Бацюшкава, М.К.Любаўскага, Р.​Ф.​Эркерта. На мяжы 19—20 ст. польск. гісторыкі і картографы пачалі выданне падрабязных карт Рэчы Паспалітай 16 ст., якія павінны былі скласці гіст. атлас. З сярэдзіны 20 ст. ў Польшчы выдаецца серыя буйнамаштабных гіст. карт, якія ўваходзяць у шматтомны гіст. атлас. У СССР надрукаваны «Рускі гістарычны атлас» К.​В.​Кудрашова (1928), «Атлас гісторыі СССР» К.​В.​Базілевіча, І.​А.​Галубцова і М.​А.​Зіноўева (ч. 1—3, 1948—50), «Атлас карт і схем па рускай ваеннай гісторыі» Л.​Р.​Бяскроўнага (1946) і інш. У Беларусі картаграфічныя матэрыялы па гісторыі выдаюцца з 1950-х г., у т. л. ў комплексным атласе БССР (1958). Розныя па тэматыцы гіст. карты ўвайшлі ў шэраг энцыклапедычных і інш. выданняў выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя». З 1992 праца па складанні гіст. карт вядзецца ў аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Рыхтуюцца да друку «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» ў 5 т. з камплектам стараж. карт, гіст. нарыс «Беларусь на ваенна-тапаграфічных картах» і інш. выданні. Карты стараж. Беларусі прадстаўлены на старонках час. «Падарожнік».

Літ.:

Постников А.В. Развитие картографии и вопросы использования старых карт. М., 1985;

Ширяев Е.Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Мн., 1991;

Казлоў Л.Р. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1998.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА Андрэй Тадэвуш Банавентура (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.​Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,

царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з уваходжаннем тэр. б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал. царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.

Літ.:

Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд. Мн., 1990);

Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;

Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.

С.​В.​Марозава.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАВАРАДА́ Рыгор Савіч (3.12.1722, г.п. Чарнухі Палтаўскай вобл., Украіна — 9.11.1794),

украінскі філосаф, пісьменнік і педагог. У 1734—41, 1744—45, 1751—53 вучыўся ў Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі (яго настаўнікам па філасофіі быў Е.​Каніскі). У 1745—50 у складзе пасольскіх місій быў у Венгрыі, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай і інш. У 1750—51 выкладаў у Пераяслаўскім, у 1759—69 — у Харкаўскім калегіумах. У далейшым вандраваў па Украіне як філосаф-прапаведнік. У цэнтры яго філасофіі, выкладзенай у трактатах, дыялогах і прытчах, — канцэпцыя бачнай (матэрыя) і нябачнай (Бог) натур. Паводле С., боскі пачатак патаемна прысутнічае ва ўсёй прыродзе, і гал. задача чалавека — спасціжэнне нябачнай прыроды праз бачную («Пачатковыя дзверы да хрысціянскай дабрачыннасці», 1766—80). Лічыў, што ў кожнай асобе закладзена боская прырода, усведамленне Бога адбываецца праз самапазнанне («Наркіс», канец 1760-х г.). Адрозніваў першае нараджэнне чалавека (фізічнае) і другое (духоўнае), калі чалавек атрымлівае сапраўдную свабоду праз спасціжэнне боскай сутнасці. Сусвет падзяляў на 3 часткі: макракосм (прырода), мікракосм (чалавек) і сімвалічны свет (Біблія). Лічыў, што асн. сродкам увядзення чалавека ў духоўны свет з’яўляецца сімвал («Дыялог. Імя яму — Патоп змеяў», канец 1780-х г.), што хрысціянства і ант. культура маюць агульную духоўную аснову. Сац. погляды С. грунтуюцца на ідэі прызначэння Богам кожнага чалавека да пэўнага віду дзейнасці (земляробства, вайсковай справы, багаслоўя). Пед. канцэпцыя С. заснавана на ідэі выхавання дзіцяці ў адпаведнасці з яго асабістай прыродай. Лічыў, што выхаванне павінна пачынацца яшчэ да фіз. нараджэння чалавека. Літ. творчасць С. эмацыянальна-вобразна адлюстроўвае яго філас. ідэі. Яго паэзія спалучае пафаснасць, манументалізм і лірычнасць, творчае пераасэнсаванне біблейскіх матываў і нар. песеннай культуры (цыкл «Сад божых песень, прарослых з зярнят Свяшчэннага Пісання», 1753—85). Развіваў жанр празаічнай байкі, дзе ў сатырычна-алегарычнай форме крытыкаваў грамадскія заганы, ухіленне чалавека ад духоўнай культуры (цыкл «Байкі харкаўскія», 2-я пал. 1760-х г. — 1774). Ідэі С. паўплывалі на развіццё ўсх.-слав. рэліг. філасофіі і л-ры.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное: Песни, басни, притчи. М., 1972;

Соч. Т. 1—2. М., 1973;

Соч. Мн., 1999.

Літ.:

Барабаш Ю.Я. «Знаю человека...»: Григорий Сковорода. Поэзия. Философия. Жизнь. М., 1989;

Гарин И. Сковорода // Гарин И. Пророки и поэты. М., 1994. Т. 3;

Кравец В.В. Разговор о Сковороде: С приложением хрестоматии по сковородоведению. Київ, 2000;

Эрн В. Г.​Сковорода: Жизнь и учение // Эрн В. Борьба за логос;

Г.​Сковорода: Жизнь и учения. Мн.;

М., 2000.

Н.​Г.​Кісялёва.

Р.С.Скаварада.

т. 14, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ПРАСЛЬСКІ ДАБРАВЕ́ШЧАНСКІ МАНАСТЫ́Р,

праваслаўны мужчынскі манастыр у г. Супрасль (Польшча). Засн. ў 1498 навагрудскім ваяводам і маршалкам ВКЛ А.​І.​Хадкевічам пры ўдзеле архіепіскапа смаленскага Іосіфа ў родавай сядзібе Хадкевічаў у Гарадкуна-Супраслі, у 1500 перанесены ва ўрочышча Сухі Груд. У 1501 пабудавана царква Іаана Багаслова (згарэла ў 1650). У 1503 архіепіскап Іосіф перадаў манастыру Супрасльскі абраз Маці Божай і ахвяраваў яму ў 1506 зямельную маёмасць у Бельскім пав. У 1510 пабудавана Супрасльская царква-крэпасць у імя Дабравешчання Прасвятое Багародзіцы, у 1511 асвячона. Манастыру дадзены статут, і ён стаў адным з буйнейшых цэнтраў бел. правасл. культуры, у ім фарміраваліся багаслоўска-філасофская, іконаграфічная і арх. школы, склаўся своеасаблівы стыль царк. спеваў (супрасльскі распеў). Тут напісаны «Пасланне каталіцкаму іерарху пра ерась каталіцызму» (1511), Супрасльскі летапіс, «Валынскі летапіс», «Кіева-Пячэрскі пацярык» (усе 1519), дзейнічалі залатарская, пераплётная і інш. майстэрні. У 1537 пабудавана царква Уваскрэсення Хрыстова. У Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра бібліятэцы захоўваліся сотні каштоўных рукапісных і старадрукаваных кніг. Манахі на чале з архімандрытам Іларыёнам (кн. Масальскі) змагаліся супраць Брэсцкай уніі 1596. Аднак пры архімандрыце Герасіме Веліконцію (1609—35) манастыр стаў уніяцкім і падпарадкаваны ордэну базыльян (з 1722 у манастыры знаходзілася гал. рэзідэнцыя гэтага ордэна). У 1645—1853 (з перапынкамі) пры манастыры дзейнічала духоўнае вучылішча. у 1695—1803 — Супрасльская друкарня, у 1710—1834 — паперня. У 1645—52 пабудаваны палац архімандрытаў, у 1695—97 — мураваная званіца. Астатнія надворныя будынкі (манаскія келлі, гасп. пабудовы) узведзены ў 2-й пал. 18 ст.

У выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) манастыр знаходзіўся на тэрыторыі, якая адышла да Прусіі, пасля Тыльзіцкага міру (1807) — да Расіі. Уніяцкія манахі фінансава падтрымалі паўстанне 1794, удзельнічалі ў паўстанні 1830—31. У 1-й трэці 19 ст. манастыр заняпаў. У 1842 маёмасць манастыра канфіскавана. У 1875 на старых манастырскіх могілках пабудавана царква св. Панцеляймона, у 1890 — цёплая царква Іаана Багаслова, у 1901 — царква Георгія Пераможцы на новых могілках. У 1925 значная частка маёмасці манастыра аддадзена ў арэнду каталіцкаму ордэну салезіянаў. У 1944 ням. фашысты ўзарвалі Дабравешчанскую царкву і спалілі манастырскія будынкі разам з б-кай. У 1958 вернікі адбудавалі царкву Іаана Багаслова. У 1984 дзяржава вярнула вернікам руіны Дабравешчанскай царквы. У 1996 польскі ўрад замацаваў за правасл. царквой увесь манастырскі комплекс. У 1999 завершана праца па адбудове Дабравешчанскай царквы, вядуцца работы па аднаўленні інтэр’ера.

М.​Ю.​Гайдук М.​Р.​Гайдук.

Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр. Палац архімандрытаў. 17 ст.
Комплекс Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра.

т. 15, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,

каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл. Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл. Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц. правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл. Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл. Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, уз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.​Каліноўскага.

Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.

Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр. ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.

У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг. л-ра.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);

Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;

Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;

Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)