несамаві́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Непрывабны з выгляду; непрыгожы. Між голых сцен, несамавітых, Такіх панурых, абабітых, Астаўся стол адзін. Колас. Хлопец.. нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Кулакоўскі.
2. Не зусім добры; дрэнны. Несамавіты настрой. □ Часта прыходзілася спыняцца, таму што дарога была несамавітая: то грузлі ў балоце, то прабіваліся праз гушчары. Мележ. // Які не заслугоўвае пахвалы, адабрэння; непрыгожы. Несамавіты ўчынак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прако́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пракалоць 1.
2. Дзірка, зробленая чым‑н. колючым. Раса абмывала босыя ногі і добра залечвала дзесяткі усялякіх праколаў, падбояў, крапіўных і камарыных укусаў. Кулакоўскі. // Дзірка, зробленая ў талоне або ў іншым дакуменце як знак парушэння правіл дарожнага руху. — Як жа гэта, таварыш Маргайлік, вы на чырвоны сігнал паехалі?.. Правы даўнія, праколаў няма і такое парушэнне... Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасвятлі́цца, ‑светліцца; зак.
1. Спец. Стаць светлым, святлейшым. Раствор прасвятліўся.
2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. [Раечка] дала па адной [цукерцы] хлопчыку і дзяўчынцы. Тварыкі іх прасвятліліся. Лобан.
3. перан. Зрабіцца лагічным, ясным. Пасля дакладу думкі многіх, што тут прысутнічалі, не прасвятліліся, а быццам затуманіліся. Сабаленка. // Высветліцца, стаць зразумелым. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызы́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які нясе ў сабе прызыў, заклік, гучыць як заклік. Дастаіш да васьмі гадзін і пачуеш, як з усіх бакоў паляцяць да цябе прызыўныя заводскія гудкі. Кулакоўскі. Зазвінелі прызыўныя песні аб вызвалены, зазвінелі яны ад Белага да Чорнага мора, і ад усходу сонца і да захаду сонца... Купала.
прызыўны́, ‑а́я, ‑о́е.
Які мае адносіны да прызыву на вайсковую службу. Прызыўны ўзрост. Прызыўная камісія. Прызыўны пункт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рагу́ля, ‑і, ж.
Разм.
1. Рагуліна. Драўляныя пахілыя домікі здаюцца незнаёмымі, аблітыя месячным святлом яблыні з рагулямі падпорак пад імі.. — заморскімі дрэвамі. Навуменка. Над вогнішчам вісеў на рагулях прадымлены кацёл. Даніленка.
2. Ласкавая назва каровы. На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла; яму дружна адгукнуліся рагулі і лысухі. Якімовіч. [Шведзіха] ідзе ўперадзе беланогай рагулі і трымае ў руках залыгач. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раска́твацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Шмат, доўга катацца; раз’язджаць. [Зёлкін:] Ты гэта дзе была ўчора з Гарлахвацкім? [Зіна:] Ты ж ведаеш, дзе. [Зёлкін:] Я то ведаю... На машыне раскатвалася... Крапіва.
раска́твацца 2, ‑аецца; незак.
Гучаць перарывіста, раскатамі. У канцы вёскі, там, дзе не так даўно раскатваўся вясёлы смех шахтбудаўцаў, пачуліся таксама галасы. Кулакоўскі. А там, у далёкай цемрадзі ночы, усё раскатваліся чэргі, бухалі гранаты. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскле́іць, ‑клею, ‑клеіш, ‑клеіць; зак., што.
1. Разняць склееныя часткі чаго‑н. Потым, калі пісьмо было ўжо ў руках, доўга не знаходзіла [Марыля] у сабе сілы расклеіць канверт. Кулакоўскі.
2. Наклеіць у многіх месцах. Расклеіць афішы. Расклеіць аб’явы. □ Мне трэба .. узяць у .. [настаўніцы] перапісаныя ад рукі друкарскімі літарамі зводкі Саўінфармбюро, занесці іх за пазухай у суседнюю вёску і расклеіць па сценах хат ці на дашчаных платах... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
растрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад растрывожыць.
2. у знач. прым. Якога апанавала трывога, хваляванне. — Можна, Рыгор Міхасевіч? — адчыніўшы дзверы, запытала растрывожаная Ліба. Гартны. Не лёгка паддаюцца сну растрывожаныя сэрцы. Кулакоўскі. // Які выказвае трывогу, сведчыць пра трывогу, хваляванне. Растрывожаны позірк.
3. у знач. прым. Прыведзены ў рух, разварушаны. Растрывожаны мурашнік. Растрывожаны вулей. □ Растрывожаныя рыжыя казюлі і чэрві ўсплылі на паверхню чорнай прорвы. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
самаўпэ́ўненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць самаўпэўненага; празмерная ўпэўненасць у сваіх сілах, здольнасцях і пад. [Дырэктар:] Але, на жаль, радасць мая была не доўгай. З работай ты [Верхаводка] спраўляўся нядрэнна, але адкуль у цябе з’явілася нейкая такая самаўпэўненасць, што ты ўсё можаш, і мора табе па калена!.. Губарэвіч. Гэта было зусім нечаканым для Чарнавуса, упершыню ён адчуў сябе прыніжаным і на нейкі час нават страціў ранейшую самаўпэўненасць. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сельсаве́т, ‑а, М ‑веце, м.
1. Сельскі Савет. Бывае, што ў роздумах успамінаецца той час, калі мой бацька быў першым у гэтых месцах старшынёй сельсавета. Кулакоўскі. // Будынак, дзе знаходзіцца сельскі Савет. [Людзі] збіраліся ля старога дома ў садзе, дзе быў сельсавет. Чорны.
2. Частка раёна, якая знаходзіцца ў веданні сельскага Савета. Аўгіння пабыла да сябе павагі не толькі ў роднай вёсцы, але ва ўсім сельсавеце. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)