ПАДКАРПА́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Podkarpackie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. На У мяжуе з Украінай, на Пд са Славакіяй. Створана 1.1.1999. Пл. 17,6 тыс. км². Нас. 2,1 млн. чал. (1999), гарадскога 40%. Адм. цэнтр — г. Жэшаў. Найб. гарады: Пшэмысль, Тарнобжаг, Кросна. Паўн. ч. ваяводства займае Сандамірская катлавіна, паўд. — перадгор’і Карпат, Нізкія Бяскіды і Бяшчады (выш. да 1346 м). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -6 °C (у гарах), ліп. ад 18 °C да 16 °C, ападкаў 600—1200 мм за год. Гал. р. Вісла з прытокам Сан. Глебы на Пн падзолістыя, на Пд горныя, ёсць бурыя і чарназёмныя. Пад лесам каля 35% тэрыторыі (Бяшчадскі нац. парк і Сандамірская пушча). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш буд. (аўтамаб., авіяц., станкабуд., электратэхн., чорная металургія, хім., харч., дрэваапр., буд. матэрыялаў. Здабыча серы, прыроднага газу, нафты. С.-г. ўгоддзі займаюць 55% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, жыта, сланечнік, бульбу, авёс, кармавыя культуры. Садоўніцтва, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Турызм (Бяшчады), курорты (Рыманаў, Івоніч-Здруй).

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУ́Д»,

вытворча-праектна-тэхналагічны інстытут «Аграбуд» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1992 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага дзярж. праектна-тэхнал. ін-та «Аграбуд», арэнднае прадпрыемства.

Асн. кірункі дзейнасці: канструктарскія, тэхн., пусканаладачныя і н.-д. работы; укараненне і аказанне дапамогі ва ўкараненні навук.-тэхн. дасягненняў; вытв-сць абсталявання, аснасткі, буд. вырабаў і матэрыялаў; утылізацыя і перапрацоўка прамысл. адходаў і другаснай сыравіны і інш.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫ ў будаўніцтве,

работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у т. л. паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш. буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРНАУ́Л,

горад у Расіі, цэнтр Алтайскага краю. Засн. ў 1730. 593,2 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Об. Чыг вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць рухавікоў, катлоў, мех. працэсаў, радыёапаратуры), лёгкая (меланж і бавоўна), хім. (хім. валокны, аўтамаб. шыны, гумава-тэхн. вырабы), дрэваапр. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 9 ВНУ, НДІ Сібіры імя М.​А.​Лісавейкі, 4 тэатры. Філармонія. 3 музеі. Помнікі архітэктуры 19 ст.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАГО́РАЦ (Міхаіл Амосавіч) (н. 19.11.1920, в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1940), Маскоўскае ваенна-інж. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір сапёрных узвода, роты капітан Высагорац вызначыўся ў 1944 пры інж. разведцы і буд-ве паромнай пераправы цераз р. Днестр, мастоў цераз р. Прут, Зах. Буг, Сан, Віслу. Пасля вайны на гасп. рабоце.

М.А.Высагорац.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Т,

масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.

т. 1, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯЛІ́НІ (Каэтан) (1748, Італія — 1816),

архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пн ад г. Орша, 84 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Орша, на шашы Орша—Віцебск. 3182 ж., 943 двары (1994). Камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, райсельгасэнерга, аграрна-прамысл. аб’яднанне «Белая Русь». Сярэдняя школа, базавая спец. школа-інтэрнат, клуб, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́РНАЯ ГЕАДЭЗІ́ЧНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма замацаваных на мясцовасці арыенціраў, якія служаць апорнымі пунктамі пры здымках і геад. вымярэннях. Вылучаюць апорную геадэзічную сістэму планавую і вышынную. Планавая складаецца пераважна метадамі трыянгуляцыі і паліганаметрыі, узаемнае размяшчэнне яе пунктаў вызначаецца прамавугольнымі каардынатамі (X і Y); вышынная — метадам геам. нівеліравання. Выкарыстоўваецца пры вывучэнні формы Зямлі, складанні тапаграфічных картаў, інж. пошуках, у буд-ве і г.д., дзе неабходны дакладныя разлікі на мясцовасці.

А.​В.​Саломка.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРХІТЭ́КТУРА БЕЛАРУ́СІ»,

аднатомны энцыклапедычны даведнік. Падрыхтаваны і выдадзены выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. Уключае больш за 1200 артыкулаў пра помнікі стараж. і сучаснага дойлідства, мемарыяльныя збудаванні, адметныя дасягненні горадабудаўнічага мастацтва, архітэктуру жылых і грамадскіх будынкаў, прамысл. і сельскую, палацавую і сядзібна-паркавую, замкавае і абарончае буд-ва, культавае дойлідства, населеныя пункты Беларусі; біягр. артыкулы; слоўнік арх. тэрмінаў. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, чарцяжамі, малюнкамі, картамі.

В.​К.​Шчэрбін.

Энцыклапедыя «Архітэктура Беларусі». Вокладка.

т. 1, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)