род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн.Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 9 відаў, з іх 7 мясцовых — гваздзік армерыяпадобны (D. armeria), Борбаша (D. borbasii), вузкачашачкавы (D. stenocalyx), дэльтападобны, або травянка (D. deltoides), картузіянскі (D. carthusianorium), пышны (D. Superbus), пясчаны (D. arenarius); 2 занесеныя — гваздзік раўнінны (D. campestris), і Фішэра (D. ficheri). Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і картузіянскі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь; Борбаша, вузкачашачны і пышны патрабуюць прафілактычнай аховы. У культуры вырошчваюць каля 20 відаў. Найб. вядомыя: Гваздзік Андржаеўскага (D. andrzejowskianus), барадаты, або турэцкі гваздзік (D. barbatus), кітайскі (D. chinensis), перысты (D. plumaris), садовы, або галандскі (D. caryophyllus), з буйнымі адзіночнымі махрыстымі кветкамі і шаравата-блакітны (D. gratianopolitanus). Многія з іх маюць садовыя формы; гваздзік барадаты лёгка дзічэе.
Шмат-, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., 5-членныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка. Лек., меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн.Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),
карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр.Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.
Да арт.Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТУМБРЫ́ЗМ (ісп. costumbrismo ад costumbre нораў, звычай),
кірунак у літаратуры і выяўл. мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст. Узнік з цікавасці рамантыкаў да нар. побыту, стаў паваротам да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці. Перадаваў уздым нац. самасвядомасці, імкненне да выяўлення асаблівасцей нар. жыцця, часта з ідэалізацыяй патрыярхальных нораваў і звычаяў. У літаратуры распрацоўваў пераважна жанр нарыса, развіваўся ў рамане, драматургіі, паэзіі. Прадстаўнікі ісп. К.: С.Міньяна (крытычныя нарысы «Лісты прастадушнага гультая», 1820), Р. дэ Месанера Раманас, М.Х. дэ Лара, С.Эстэбанес Кальдэрон, Х.Самоса, С.Лопес Пелегрын, М.Лафуэнтэ-і-Самальёа і інш. У 1843 пісьменнікі-кастумбрысты апублікавалі калектыўны зб. «Іспанцы, якія стварылі вобраз саміх сябе». У Лац.Амерыцы ўзнік у 1840-я г.: Х.Х.Вальеха (Чылі), Х. дэ Дзьёс Рэстрэпа, Т.Караскілья (Калумбія), Ф.Парда-і-Альяга, Р.Пальма (Перу), Х.Б.Маралес, М.Пайна, Г.Прыета (Мексіка). У выяўленчым мастацтве развіваўся ў графіцы і жывапісе краін Лац. Амерыкі. У яго аснове — імкненне да дакумент. дакладнага адлюстравання прыроды, характэрных рыс і маляўнічых асаблівасцей нар. жыцця і побыту, часта звязанае з навук. вывучэннем краіны. Часам этнагр. матывы ператвараліся ў ідылічныя жанравыя сцэны. Школы кастумбрыстаў склаліся на Кубе (В.П. дэ Ландалусе, Ф.Міяле), Калумбіі (Р.Торэс Мендэс), Аргенціне (К.Марэль), Уругваі (Х.М.Беснес-і-Ірыгоен), Чылі (М.А.Кара), Мексіцы (Х.А.Ар’ета) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНА́МСКІ КАНА́Л (ісп. Canal de Panama, англ. Panama Canal),
штучны водны шлях міжнар. значэння на тэр. Панамы ў Цэнтр.Амерыцы, праз Панамскі перашыек у самай вузкай яго частцы. Злучае Атлантычны і Ціхі акіяны. Даўж. 81,6 км, у т. л. 65,2 км па сушы і 16,4 км па дне бухты Лімон Карыбскага м. і Панамскага зал., шыр. 150—305 м, глыб. па фарватэры 12,8—25,9 м; 12 шлюзаў. Штогадовы аб’ём перавозак каля 154 млн.т, доля транзіту больш за 80%. Штогод праз П.к. праходзяць больш за 14 тыс. грузавых суднаў. Каля Атлантычнага ўвахода ў П.к. порты Крыстобаль і Калон, каля ціхаакіянскага — Бальбоа і Панама.
Ідэя будаўніцтва П.к. існавала і абмяркоўвалася з пач. 16 ст. У 1879 рэалізацыю гэтага праекта пачала Францыя, якая выкарыстала супярэчнасці паміж ЗША і Вялікабрытаніяй і ўзяла канцэсію на буд-ва канала ва ўрада Калумбіі. Крах франц.акц. кампаніі (1888, гл.«Панама») і націск з боку амер. і брыт. ўрадаў прымусілі Францыю ў 1902 прадаць свае правы ЗША. У 1903, пры падтрымцы ЗША, Панама аддзялілася ад Калумбіі, і далейшыя пытанні, звязаныя з буд-вам і функцыянаваннем канала, рэгуляваліся Амерыкана-панамскімі дагаворамі 1903, 1936, 1955, 1977. Паводле дагавора 1903 ЗША атрымалі ў бестэрміновае карыстанне Панамскага канала зону, права будаваць і эксплуатаваць канал. Першае судна прайшло праз П.к. 15.8.1914, афіцыйна канал адкрыты 12.6.1920. Паводле амер.-панамскіх дагавораў 1977 П.к. з 1.1.2000 перайшоў пад кантроль Панамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛЯ́РСТВА,
галіна сельскай гаспадаркі па развядзенні пчол меданосных з мэтай атрымання мёду, пчалінага воску, пропалісу, пчалінага яду, матачнага малачка, пяргі, таксама для апылення с.-г. культур.
На тэр. Беларусі дзікае П. (паляванне за мёдам і воскам з дуплаў дрэў) вядома задоўга да нашай эры. У 1 ст.н.э. ўзнікла бортніцтва (гадаванне пчаліных сем’яў у штучных дуплах — борцях), пашырылася ў 10—17 ст., а ў 18 ст. змянілася калодным П. (развядзенне пчол у неразборных перасоўных калодах і дуплянках). З 1814 развіваецца рамачнае П., у 1846 у Мінскай губ. было 117 тыс. вулляў (больш як адзін на кожнае падвор’е).
На Беларусі П. мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. У 1999 гадавалася каля 450 тыс.пчаліных сем’яў (90% у пчаляроў-аматараў). Вытв-сць мёду — 7 тыс.т за год. Дзейнічаюць Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі пчолагадавальнікі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае (Гродзенская вобл.).
П. развіта на ўсіх кантынентах свету, асабліва ў Еўропе, Афрыцы, Паўн.Амерыцы. У 1999 у сусв. П. зарэгістравана каля 50 млн. пчаліных сем’яў, вытв-сць мёду каля 900 тыс.т за год. Найб. буйныя вытворцы і экспарцёры прадуктаў П. — Кітай (6 млн. пчоласем’яў; да 150 тыс.т мёду штогод), ЗША (4 млн. пчоласем’яў; да 90 тыс.т мёду), Расія (каля 3,5 млн. пчоласем’яў; 50 тыс.т мёду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
кардына́л
(польск. kardynał, ад лац. cardinalis = галоўны)
1) вышэйшы пасля рымскага папы духоўны сан у каталіцкай царкве;
2) пеўчая птушка сям. аўсянкавых з ярка-чырвоным пер’ем, якая водзіцца ў Амерыцы;
3) рыба сям. карпавых, якая водзіцца на поўдні Кітая; на Беларусі вядома як акварыумная.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
га́рпія
(гр. Harpyia = літар. выкрадальніца)
і) крылатая пачвара ў жаночым вобліку, дэман буры і смерці ў старажытнагрэчаскай міфалогіі;
2) буйная драпежная птушка сям. ястрабіных, якая водзіцца ў Паўд.Амерыцы;
3) лятучая мыш, пашыраная ў Індыі і на Малайскім архіпелагу;
4) перан. злая, сварлівая жанчына.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЯРО́ЗАВЫЯ ЛЯСЫ́, бярэзнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду бяроза. Пашыраны на ўмеранай паласе Паўн. паўшар’я (пераважна ў лясной і лесастэпавай зонах, горна-лясных раёнах), асн. масівы ў Еўропе, Сібіры, на Д. Усходзе, у Паўн.Амерыцы. На Беларусі 2 фармацыі: бародаўчатабярозавыя лясы з бярозы бародаўчатай, або павіслай (Betuleta pendulae), і пушыстабярозавыя лясы з бярозы пушыстай, або белай (B. pubescentis); агульная плошча Б.л. больш за 1 млн.га, з іх бародаўчатабярозавых 726 тыс. (11,9%), пушыстабярозавых 276,4 тыс. (4,6%) га; складаюць 16,5% усіх лясоў рэспублікі (2-е месца пасля хваёвых лясоў; 1994).
Пушыстабярозавыя лясы належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраныя іх тыпы: асаковы, балотна-папарацевы, асакова-сфагнавы і асакова-травяны (характэрныя фітацэнозы лясных нізінных і пераходных балот, займаюць пераўвільготненыя экатопы з адносна багатай глебай і рознай ступенню абводненасці і праточнасці). Бародаўчатабярозавыя належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных карэнных хваёвых, яловых і дубовых лясоў або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраныя іх тыпы: чарнічны, кіслічны, імшысты і арляковы (займаюць экатопы з мінер. глебамі рознай урадлівасці і ўвільгатнення, пераважна беднымі сухімі ападзоленымі пясчанымі і супясчанымі). Бярозавыя лясы — крыніца сыравіны для дрэваапрацоўчай, хім., паліўнай, харч. і інш. прам-сці, база для нарыхтоўкі грыбоў і ягад, месцажыхарства розных відаў жывёл і раслін; адыгрываюць значную ролю ў лесаўзнаўленні і азеляненні, ахоўным лесаразвядзенні, паляпшэнні структуры глебы і лясоў, павелічэнні іх урадлівасці і ўстойлівасці, маюць вял. рэкрэацыйнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд.Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).