АКАМАДА́ЦЫЯ

(ад лац. accomodatio прыстасаванне),

розная ступень прыпадабнення суседніх зычных ці галосных; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Пры максімуме акамадацыі паміж імі ўзнікаюць т.зв. глайды (прамежкавыя напаўгалосныя гукі), якія з’яўляюцца рэалізацыяй агульных для зычных і галосных дыферэнцыяльных адзнак. Для стараж. моў ступень акамадацыі вызначаецца на аснове ўскосных паказчыкаў, для сучасных — інструментальна або з дапамогай аўдытара. Прыкладам акамадацыі можа служыць бел. цеканне і дзеканне.

Літ.:

Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.

В.У.Мартынаў.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНЫЯ ФА́РБЫ,

суспензіі неарганічных пігментаў і напаўняльнікаў у пакостах. Пігменты — двухаксід тытану, вохра, жалезны сурык, аксід хрому і інш.; напаўняльнікі — тальк, каалін, слюда і інш. Для хуткага высыхання ў алейныя фарбы дадаюць сікатывы, для лепшага дыспергавання — паверхневаактыўныя рэчывы. Выпускаюцца густацёртыя (пастападобныя) і гатовыя для выкарыстання (вадкія). Пры высыханні, абумоўленым акісляльнай палімерызацыяй раслінных алеяў пакосту, утвараецца плёнка (атмасфераўстойлівая, з невысокай цвёрдасцю, набракальная ў вадзе, разбуральная ў шчолачах). Выкарыстоўваюцца ў буд-ве, алейным жывапісе.

т. 1, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Восіп, бел. цаніннік і разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Паходзіў са Шклова. Майстар беларускай рэзі, вучань Палубеса ў 1661—66. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Прымаў удзел у вырабе кафлі для Васкрасснскага Нова-Іерусалімскага манастыра пад Масквой (1658—66). З 1666 працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве. Разам з К.Міхайлавым і інш. аздабляў разьбой дзверы, ліштвы, мэблю (?) для царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), магчыма, вырабляў і кафлю для печаў.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́ДКА падземнага збудавання,

канструкцыя для замацавання падземных вырабатак і ўтварэння ўнутранай паверхні падземных збудаванняў. Форма і памеры абкладкі залежаць ад прызначэння збудавання: для метрапалітэна, вадавода, тунэля, падземнай ГЭС і інш. Бывае апорная (разлічана на ўздзеянне нагрузкі) і абліцовачная (для аховы горных парод ад разбурэння); з маналітнага бетону або жалезабетону, зборнага жалезабетону, металу, таксама і камбінаваная, з абліцоўкай дэкар. матэрыяламі.

Уніфікаваная зборная жалезабетонная абкладка тунэляў метрапалітэна: а — з блокаў кругавога абрысу; б — з прамавугольных блокаў.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТВІЛО́ЎСКІ Рычард Пятровіч

(22.5.1933, г. Барысаў Мінскай вобл. — 22.12.1977),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1958, клас М.Аладава). З 1957 выкладаў у муз. вучылішчы, кансерваторыі, пед. ін-це ў Мінску. Сярод твораў: балада «Подзвіг маці» на сл. І.Панкевіча для салістаў, хору і аркестра (1975); сімфонія (1961); Канцэрт-казка для фп. з аркестрам (1965); п’есы для нар. і эстраднага аркестра; фп. трыо (1956); хары; рамансы; музыка да драм. спектакляў, кінафільма «Анюціна дарога» (у сааўт.).

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

1) у Стараж. Грэцыі пач. школы для хлопчыкаў 12 гадоў (школы граматыста) з выкладаннем чытання, пісьма і лічэння.

2) У Стараж. Рыме павышаныя (лац. і грэч.) пач. школы для дзяцей патрыцыяў і коннікаў.

3) У Расіі 17 ст. школы пры некат. манастырах для вывучэння грэч. і лац. граматыкі і ант. л-ры.

4) У Вялікабрытаніі і некат. краінах брыт. Садружнасці агульнаадук. сярэднія школы, якія рыхтуюць да паступлення ва ун-т.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ БАВАЎНЯ́НАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ.

Створана ў 1960—63 у г. Баранавічы як баваўняны камбінат. З 1980 сучасная назва. Уключае ф-кі: 1-ю (працуе з 1963) і 2-ю (з 1965) прадзільныя, ткацкую (з 1966), аддзелачную (з 1969), мех. і ліцейную майстэрні. Працуе на прывазной бавоўне. Асн. прадукцыя (1995): пража для трыкат. вытв-сці, тканіны (паркаль, бязь, сацін, сукеначныя, адзежныя, тэхн.), вацін для мэблі, нятканыя матэрыялы для абутковай і хім. прам-сці і інш.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЕРМЕ́ТР,

прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.

Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.

т. 1, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Су́днік ’шафа для посуду’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Ян., Мат. Гом.), ’скрыня для захоўвання прадуктаў’ (Нас., Малчанава, Мат. культ., Шн., Мат. Маг.), ’кубел’ (Сл. ПЗБ), ’драўляная пасуда для сала’ (Сцяшк.), ’бочка з накрыўкай для засольвання сала’ (навагр., З нар. сл.), ’паліца’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’прыстасаванне для сушкі лыжак’ (Сл. ПЗБ). Да судны < суды, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)