па́нства, ‑а, н.

1. зб. Паны. Шыш-Шышнеўскі быў нядрэнны настаўнік, але цягнуўся за мясцовым панствам, з вучнямі і іх бацькамі трымаўся здалёк і афіцыйна. С. Александровіч.

2. Панаванне, улада паноў. — Уціск вечнага панства палажыў на.. [чалавека] свой адбітак. Чорны.

3. Спешчанасць, імкненне жыць у раскошы, пагардлівыя адносіны да працы, уласцівыя панам. [Лоўгач:] — Ці правільна гэта? Адзін пакой на чацвярых. А ў нас пяць пакояў на чацвярых. І якія? Амаль удвая большыя. Панства нейкае ў нас з табой... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партфе́ль, ‑я, м.

1. Чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі... Чарот.

2. Пасада міністра. Размеркаванне партфеляў. // Кіруючая пасада наогул.

3. Сукупнасць рукапісаў, каштоўных папер і пад., якія знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі, банка і пад. Рэдакцыйны партфель.

•••

Міністр без партфеля гл. міністр.

[Ад фр. portefeuille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўто́н, ‑у, м.

1. Спец. Найменшы інтэрвал паміж двума гукамі, найменшае павышэнне або паніжэнне голасу.

2. Колер, фарба, якія ўтвараюць пераход ад светлага тону да цёмнага. Вуліца ўся ва ўладзе паўтонаў: колеры зліваюцца ў мяккую прывабную шэрань, а гукі як бы трацяць сваю дзённую выразнасць і акрэсленасць. Навуменка. // перан. Адсутнасць рэзкіх пераходаў. Важнай адзнакай узросшага майстэрства А. Кулакоўскага з’яўляецца тое, што ён усё больш смела, ахвотна, упэўнена карыстаецца ў сваіх творах паўтонамі. Гіст. бел. сав. літ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́езд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Счэпленыя паміж сабой чыгуначныя вагоны, якія цягне па рэйках паравоз. Прыгарадны поезд. Скоры поезд. Таварны поезд. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.

2. Шэраг павозак, накіраваных адна за адной у якім‑н. напрамку. Шум, гамана ўзняліся, калі вясельны поезд — пяць расквечаных троек .. — паказаўся за сялом на дарозе. Ракітны.

•••

Маршрутны поезд — таварны поезд, які ідзе да месца прызначэння без змены саставу і вагі грузу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́гнасць, ‑і, ж.

1. Імкненне задаволіць свае празмерныя жаданні, патрэбы. Сцяпан Самасейка навучыў мяне ненавідзець багацце, уладную сілу грошай, раскошу, асабісты дабрабыт і чалавечую прагнасць. Асіпенка. [Грышук:] — Паўнюткая торба [рыбы]! Дык не, яшчэ давай... Да чаго даводзіць прагнасць чалавечая! Ракітны. // Выяўленне жадання задаволіць якія‑н. патрэбы. Патржанецкі ўхапіўся за ежу з такой прагнасцю, нібы тыдзень нічога не еў. Чарнышэвіч.

2. Скупасць, жадлівасць. [Гаспадыня] ад прагнасці, што страціць дарэмныя рукі, аж задыхалася, твар у яе быў пабіты на плямы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбо́й, ‑ю, м.

1. Хвалі, якія б’юць у бераг. Шумеў марскі прыбой, уздымаліся, гойдаліся цяжкія хвалі. Лынькоў. Праз момант маці пачула, як зашуршэлі пад яго нагамі дробныя, яшчэ не намочаныя прыбоем каменьчыкі. Кулакоўскі. // Шум, які ўтвараюць гэтыя хвалі. Цяпер і я сяджу у пальмавых алеях, Гляджу у даль і слухаю прыбой... Гурло.

2. Месца каля берага, куды б’е хваля. Зона прыбою. Паласа прыбою.

3. Спец. Павелічэнне ў аб’ёме (кучы камення), якое атрымліваецца пасля драбнення буйнага каменю на шчэбень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылажы́цца, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑ложыцца; зак.

1. Тое, што і прыкласціся. Прылажыўся дзед Талаш, і гулкі стрэл здрыгануў лясную глухмень. Колас. На першай днёўцы ён [Калодка] так старанна прылажыўся да нашага запасу хлеба, што яго паменшала адразу на некалькі дзён, а мы з Міколам першы раз ўздыхнулі. Брыль.

2. Пацалаваць каго‑, што‑н., злёгку дакрануўшыся губамі. Сарока за руку падвяла да маткі самых малых Косціка і Вольку, якія паслухмяна прылажыліся да матчынага твару. Мележ. І, не перахрысціўшыся, [Базыль] прылажыўся да крыжа. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радыка́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да радыкала ​2 (у 1 знач.). Радыкальная партыя.

2. Рашучы, найбольш дзейсны; карэнны. Радыкальныя меры. Радыкальныя змены. □ Урад СССР прапанаваў зрабіць самы радыкальны крок: вырашыць праблему раззбраення цалкам, раз і назаўсёды, для цяперашніх і будучых пакаленняў. «Звязда». // Які прытрымліваецца крайніх, рашучых поглядаў. «Мужыцкая праўда» — .. самае радыкальнае з усіх выданняў, якія выходзілі напярэдадні і ў час паўстання 1863 года. С. Александровіч. Радыкальная моладзь зачытвалася тварамі Вальтэра, Русо, Нямцэвіча і Карпінскага. Мальдзіс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раю. Кожная секта, хвалячы свайго бога, лезла з ім да інтэрніраваных, абяцаючы райскае жыццё на небе. Машара. // перан. Прыгожы, чароўны. Аддаў бы я край самы райскі і дзіўны За цень ад сасны на далёкай радзіме. Панчанка. — Ды і то ж: райская яна кветка, гэты самы ландыш серабрысты! Васілёнак. // перан. Які дае многа радасці, задавальнення. Райскае жыццё. Райскае надвор’е.

•••

Райскія птушкі — сямейства птушак атрада вераб’іных, якія вылучаюцца вельмі яркім, прыгожым апярэннем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)