помнік палацава-паркавай архітэктуры. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.) П.Сапегам на мяжы 16—17 ст.Асн. абарончую функцыю выконвалі земляныя валы і бастыёны з сістэмай абваднення. Палац — мураваны прамавугольны ў плане 3-павярховы будынак з вял. квадратным унутр. дваром. Вуглы палаца былі фланкіраваны 6-граннымі вежамі. У паўн.-ўсх. крыле знаходзіцца ўязная брама, якая ў 17 — 1-й пал. 18 ст. завяршалася гранёнай вежай. Насупраць брамы размяшчалася 1-нефавая капліца, убудаваная ў паўд.-зах. крыло палаца. Па ўсім перыметры будынка прамавугольныя і арачныя вокны. Сцены мелі фігурную муроўку, упрыгожаную лепкай. На ўзроўні 2-га паверха паўн.-зах. крыла з боку двара праходзіла адкрытая галерэя. Інтэр’еры палаца былі багата аздоблены. Перабудоўваўся ў 18—20 ст. Збярогся часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЕ́СТАВА (Людміла Раманаўна) (н. 18.7.1923, в. Калышкі Лёзненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Бел. кансерваторыю (1955, клас В.Несцярэнка). З 1949 артыстка хору Бел. радыё, у 1957—80 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У операх бел. кампазітараў стварыла яркія вобразы Марысі («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Аксаны («Калі ападае лісце» Ю.Семянякі). Яе творчай індывідуальнасці найб. блізкія былі партыі драм. і трагедыйнага плана ў класічных операх: Наташа («Русалка» А.Даргамыжскага), Тамара («Дэман» А.Рубінштэйна), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан, Тоска (аднайм. оперы Дж.Пучыні); сярод інш. партый класічнага рэпертуару: Марыя, Настасся («Мазепа», «Чарадзейка» П.Чайкоўскага), Леанора, Амелія («Трубадур», «Баль-маскарад» Вердзі), Джаконда («Джаконда» А.Панк’елі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РЫК (Міхаіл Мікалаевіч) (24.11.1899, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 11.4.1986),
бел. фізіёлаг раслін. Чл.-кар.АН Беларусі (1969), д-рбіял.н., праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Горацкі с.-г.ін-т (1924). З 1929 у Ін-це біялогіі АН Беларусі (з 1931 нам., в.а. дырэктара). У 1933 арыштаваны, вызвалены ў 1947. У 1949 зноў арыштаваны, рэабілітаваны ў 1956. У 1956—58 у БСГА, з 1958 у Ін-це біялогіі, з 1961 заг. аддзела фотасінтэзу, з 1967 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (у 1967—72 дырэктар). Навук. працы па вырошчванні бульбы, капусты ва ўмовах Крайняй Поўначы, даследаванні фотасінтэзу ў бульбе і яе патрабавальнасці да вільготнасці глебы ў антагенезе, уплыву іонаў хлору і хлорзмяшчальных калійных угнаенняў на фізіял. працэсы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Ц,
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., на канале Мухавец (Каралеўскі канал). Цэнтр сельсавета і калгаса-камбіната. За 22 км на У ад г. Кобрын, 68 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Гарадзец. 1483 ж., 560 двароў (1996).
Вядомы з 16 ст., належаў каралеве Ганне, удаве Стафана Баторыя У 1588 атрымаў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886 цэнтр воласці. У 1891 мястэчка Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., 1559 ж., царква, яўр. школа, прыстань, 2 кірмашы штогод. З 1921 у Кобрынскім пав. Палескага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Антопальскага, з 1959 — Кобрынскага р-наў. У 1970 — 1500 жыхароў.
Цагельны з-д. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — царква Ушэсця (1799).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧАНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НЦАЎ.
Існаваў у 1662—1865 у в. Гарадзішча (цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл.). Засн. трокскім ваяводам Я.Копацем, які ў якасці фундушу даў фальваркі з в. Бышляк, Бяла, Волька, Гарадзішча, Заазер’е, Купяцічы, Любель, Селішча, Сошна, Цёлкавічы (у 1818 у іх было 350 сялян). У ансамбль кляштара ўваходзілі мураваныя касцёл, 2-павярховы жылы корпус, званіца, кузня, бровар, крама, флігель, калодзеж. Касцёл св. Ганны пабудаваны ў 1774, меў разьбяныя алтары, амбон і інш., сцены і скляпенні аздоблены размалёўкамі. У школе пры кляштары ў пач. 19 ст. навучалася 15 шляхецкіх дзяцей, працавала сталярная майстэрня, у б-цы было 1574 кнігі (1829). У 1865 кляштар скасаваны, касцёл закрыты. У 1910 касцёл зноў дзеючы, у 1944 разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Захаваўся жылы корпус.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́К,
вёска ў Завалочыцкім с/с Глускага р-на Магілёўскай вобл. За 17 км ад г.п. Глуск, 200 км ад г. Магілёў, 36 км ад чыг. ст. Старыя Дарогі. 107 ж., 71 двор (1996).
У крыніцах упамінаецца з 2-й пал. 15 ст. У канцы 16 — пач. 19 ст. называўся Гарадок Глуск-Пагарэлы. Валодалі Гальшанскія, Гаштольды, Астрожскія, Радзівілы. З 1793 у Рас. імперыі. У 1847 у вёсцы 148 ж., 24 двары, уваходзіла ў маёнтак Дварэц Бабруйскага пав. У 1897 — 337 ж., 52 двары, крама, царква. У 1917 — 466 ж., 99 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Глускага р-на. У Вял.Айч. вайну Гарадок акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў 1942—43 загубілі 89 жыхароў. З 1960 у Завалочыцкім сельсавеце.
Клуб, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — Казьмадзям’янаўская царква (1814).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЙН (Юльян) (1821, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 28.3.1883),
пісьменнік, падарожнік. Пісаў на польск. мове. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1840—50-я г. жыў у Мінску. Сябраваў з В.Дуніным-Марцінкевічам. На пастаноўку яго «Ідыліі» адгукнуўся артыкулам «Фізіялогія прыказак» у газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі дзённік», 1852, № 99—100). Той самы артыкул змешчаны ў празаічным зб. Гарайна «Затрачаныя хвіліны» (Вільня, 1857). Аўтар успамінаў пра У.Сыракомлю «З жыцця паэта» (Львоў, 1886), дзе падрабязна апісаў знаходжанне паэта ў Мінску і абставіны яго знаёмства з Дуніным-Марцінкевічам. У 1870-я г. жыў у ЗША, дзе сустракаўся з Г.Сянкевічам, выдаў аповесць «5П-1Р» (Чыкага, 1878). Выкарыстаў бел.нар. паданні, пісаў пра цяжкае жыццё бел. прыгоннага сялянства (аповесць «Д’ябал фарэйтарам»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́З (Сцяпан Кузьміч) (парт.псеўд.Паддубны; 28.12.1894, в. Касцюкі Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 27.8.1944),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў БДУ (1925). З 1916 у арміі, потым настаўнік на Случчыне, Бабруйшчыне. Са студз. 1919 у Чырв. Арміі на Зах. фронце. У 1921—24 ва ўстановах Наркамасветы БССР, кіраўнік спраў ЦБ, ЦККП(б)Б, пазней заг. аргаддзела Полацкага, сакратар Калінінскага акр. к-таў КП(б)Б, у апараце ЦККП(б)Б. У сак. 1928 — снеж. 1929 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, чл.ЦККПЗБ, чл. Сакратарыята ЦК КПП. З 1930 у Маскве ў Камуніст. ін-це журналістыкі, потым на парт. і гасп. рабоце. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—28. Чл.ЦВКБССР у 1927. У 1939 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́БЧАНКА (Тамара Яўгенаўна) (н. 22.7.1942, г. Ветка Гомельскай вобл.),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1971). Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1967). З 1970 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Даследуе творчасць бел. акцёраў (Т.Бандарчык, Г.Маркінай, В.Галіны і інш.), аўтар манаграфіі «Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне» (1976), сааўтар кніг «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Гісторыя тэатразнаўства народаў СССР, 1917—1941» (1985), «Тэатр і жыццё: Некаторыя праблемы тэатральнага працэсу ў Беларусі 70—80-х гг.» (1989) і інш.
Тв.:
Мастацтвазнаўства (у сааўт.) // Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;
Часцінка Бацькаўшчыны на чужыне // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 2;
Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Culture de la Biélorussie. Paris, 1979 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́ШКАЎ,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча, 2 селішчы, 2 бескурганныя могільнікі) ранняга жал. веку каля в. Гарошкаў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. На гарадзішчы мілаградскай культуры выяўлены рэшткі 20 наземных і паўзямлянкавых жытлаў з двухсхільным дахам і агнішчамі, скляпы-ямы. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, конская збруя, касцяныя арнаментаваныя тронкі нажа і шыла, паставыя, халцэдонавыя, бурштынавыя і інш. пацеркі, метал. жаночыя ўпрыгожанні, 90 гліняных фрагментаў фігурак жывёл, больш за 10 тыс. касцей свойскай і дзікай жывёлы. На селішчах мілаградскім і зарубінецкай культуры выяўлены рэшткі пабудоў, кераміка. На могільніках гэтых жа культур пахавальны абрад — трупаспаленне ў круглых і падоўжаных ямах; сярод знаходак бронзавыя кольцы, шпількі, жал. наканечнікі стрэл, нажы, фібулы. На гарадзішчы выяўлены 2 пахаванні з абрадам трупапалажэння галавой на ПнУ і З.