ДАСТА́НКА (Анатоль Паўлавіч) (н. 2.7.1937, в. Обчын Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Акад.Нац.АН Беларусі (1991; чл.-кар. 1986), д-ртэхн.н. (1979), праф. (1979). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1982), засл. вынаходнік СССР (1987). Скончыў Таганрогскі радыётэхн. ін-т (1962). З 1970 у Бел.дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (у 1985—93 прарэктар). З 1993 старшыня Вышэйшага атэстацыйнага к-та Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па фундаментальных праблемах матэрыялазнаўства, цвердацелай мікраэлектроніцы, тэхналогіі радыёэлектронных сістэм, тэхн. дыягностыцы. Распрацаваў комплекс тэхнал. працэсаў і абсталявання для вытв-сці вырабаў мікраэлектронікі. Дзярж. прэміі Беларусі 1982, 1996.
Тв.:
Технология и автоматизация производства радиоэлектронной аппаратуры. М., 1989 (у сааўт.);
Пленочные токопроводящие системы СБИС. Мн., 1989 (разам з В.У.Баранавым, В.В.Шаталавым);
Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з М.І.Пікулем, А.А.Хмылем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
галіна эканамічнай геаграфіі, якая вывучае размяшчэнне і тэр. арганізацыю насельніцтва, яго месца ў працэсе грамадскай вытв-сці і ва ўзаемадзеянні з прыродным асяроддзем. Цесна звязана з дэмаграфіяй, этнаграфіяй, сацыялогіяй.
Вылучаюць 2 асн. кірункі: даследаванне насельніцтва асобных краін і іх частак (правінцый, штатаў, абласцей, эканам. раёнаў) і даследаванне тэр.сістэм населеных месцаў з аналізам рэгіянальных адрозненняў у тыпах і формах рассялення. Вывучае рэгіянальныя адрозненні ва ўзнаўленні (натуральны рух) насельніцтва у яго дэмаграфічнай структуры, сацыяльны, этнічны склад, працоўныя рэсурсы і іх выкарыстанне, інтэнсіўнасць, склад і напрамак міграцый, шчыльнасць насельніцтва і тыпы засялення тэрыторыі, рэгіянальныя адрозненні ў спосабе жыцця, сувязь рассялення насельніцтва з размяшчэннем вытв. сіл. У адпаведнасці з гэтым фарміруюцца раздзелы геаграфіі насельніцтва: геаграфія паселішчаў, геаграфія працоўных рэсурсаў, геаграфія міграцый. Выкарыстоўвае метады статыстычнага, картаграфічнага, матэм. аналізу. Даследаванні па геаграфіі насельніцтва выкарыстоўваюць для тэр. планавання, паляпшэння тэр. арганізацыі насельніцтва і горадабудаўніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ПРЫКЛАДНО́Й О́ПТЫКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1992 на базе Магілёўскага аддзялення Ін-та фізікі АН Беларусі (у 1970—78 Магілёўскі філіял Ін-та фізікі). У складзе Ін-та (1998) 5 лабараторый і 2 тэматычныя групы. Аспірантура з 1993 па оптыцы, лазернай фізіцы і дыферэнцыяльных ураўненнях.
Асн. кірункі навук даследаванняў: інтэгральная і валаконная оптыка; фіз. асновы аптычнай апрацоўкі інфармацыі; тэхнал., мед. і экалагічнае прыладабудаванне. Распрацаваны: тэорыя аптычных хваляводаў і тэхналогія іх вырабу (Дзярж. прэмія Беларусі 1984); тэхналогія вырабу валаконных святлаводаў для аптычных ліній сувязі; тэорыя і метады аналізу працэсаў фарміравання і апрацоўкі інфармацыі ў відарысаўтваральных сістэмах з улікам энергет., палярызацыйных і кагерэнтных уласцівасцей аптычнага выпрамянення; стат. тэорыя пераносу аптычнага выпрамянення і адлюстравання праз рассейвальныя асяроддзі з адвольнай статыстыкай; асновы канструктыўнай тэорыі істотна нелінейных дыферэнцыяльных сістэм. У ін-це працаваў акад.Нац.АН Беларусі А.М.Ганчарэнка; працуе чл.-кар. У.П.Радзько (дырэктар з 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРАВА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ, інтэгратар,
вылічальная прылада для вызначэння інтэграла па дзвюх уваходных велічынях. Бывае аналагавае і лічбавае; мех. (гл.Планіметр), гідраўл., эл. і інш. Выкарыстоўваецца пры рашэнні матэм. задач, мадэліраванні фіз. працэсаў і інш. як самастойная прылада і як састаўная частка інтэрпалятараў, выліч. машын, сістэмаўтам. рэгулявання.
Уваходнымі пераменнымі І.п. бываюць мех. перамяшчэнне, ціск, эл. ток (ці напружанне), колькасць імпульсаў, т-ра і інш. У гідраўлічных І.п. (выкарыстоўваюцца пры вывучэнні неўсталяваных працэсаў цеплаперадачы, фільтрацыі, дыфузіі) даследаваныя пераменныя велічыні (у т. л. выходныя) адлюстроўваюцца ўзроўнямі вадкасці ў пасудзінах, злучаных паміж сабою трубкамі з зададзенымі гідраўл. супраціўленнямі. Асн. элементам электронных І.п. неперарыўнага дзеяння (аналагавых) з’яўляецца эл. кандэнсатар, напружанне на якім прапарцыянальнае інтэгралу ад сілы току праз яго. Такія І.п. ўваходзяць у склад аналагавых выліч. машын. Інфармацыя ў лічбавых І.п. выяўляецца ў выглядзе пэўнага ліку эл. імпульсаў, і інтэграванне выконваецца як падсумаванне гэтых імпульсаў.
кірунак лінгвістычных даследаванняў дзвюх або некалькіх моў. Мэта К.л. — выяўленне агульных асаблівасцей ці адрозненняў моў, што вядзе да стварэння моўнай тыпалогіі (устанаўлення пэўных тыпаў моў паводле структуры асобных частак гэтых моў: фаналагічнай сістэмы, грамат. структуры, лексічнага складу, стылістыкі і інш). Выкарыстоўваецца для апісання дзвюх або некалькіх моў з дыдактычнымі мэтамі (напр., у перакладазнаўстве), пры вывучэнні моў свету. Супастаўленне моў у К.л. адбываецца на аснове параўнання сістэм моў або на аснове параўнання тэкстаў, якія лічацца эквівалентнымі. Магчыма супастаўляльнае даследаванне моў і на адным сінхронным зрэзе, і ў ходзе моўнай эвалюцыі (у дыяхраніі).
Літ.:
Ярцева В.Н. Контрастивная грамматика. М., 1981;
Методы сопоставительного изучения языков. М., 1988;
Теоретические и методологические проблемы сопоставительного изучения славянских языков. М., 1994;
Нехай О.А., Поплавская Т.В. Сравнительная типология английского и белорусского языков. Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАВА́ЛЬНЫ БЛОКЭВМ,
частка ЭВМ, прызначаная для каардынацыі супольнай работы працэсара, знешніх, запамінальных і інш. блокаў і прылад машыны ў адпаведнасці з алгарытмам яе функцыянавання. Мае рэгістры адрасоў і камандаў, лічыльнік камандаў, дэшыфратар аперацый, пульт кіравання для ўзаемадзеяння чалавека з машынай і інш., што забяспечвае захоўванне і расшыфроўванне камандаў, фарміраванне і перадачу інш. прыладам кіравальных сігналаў, неабходных для рэалізацыі выліч. працэсу.
Асн. функцыя К.б. — кіраванне выкананнем камандаў і аперацый. Выбарка камандаў з праграмы ажыццяўляецца натуральным (у парадку іх паступлення; рэалізуецца лічыльнікам камандаў) ці прымусовым (па адрасе з папярэдняй каманды ўмоўнага або безумоўнага пераходу) спосабам. Развіццё структуры і архітэктуры ЭВМ, сістэм інтэрпрэтацыі ўваходнай мовы прывяло да значнага павелічэння патокаў кіравальнай інфармацыі, таму да К.б. дадаткова далучаюць блокі папярэдняга прагляду камандаў, аналізу праграм, мікрапраграмнага кіравання, дынамічнай адрасацыі віртуальнай памяці і інш., што пераўтварае яго ў асобны працэсар перапрацоўкі кіравальнай інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́СМАС»,
1) серыя савецкіх ШСЗ для навуковых, тэхнічных і інш. даследаванняў у каляземнай касм. прасторы. Запускаюцца з 16.3.1962.
Навук. праграма ўключае даследаванне касм. прамянёў, радыяцыйных паясоў Зямлі, іанасферы, сонечнай актыўнасці і выпрамянення Сонца, распаўсюджвання радыёхваль і інш. выпрамяненняў у атмасферы Зямлі; прадугледжвае таксама рашэнне тэхн. праблем, звязаных з касм. палётамі: стыкоўку на арбіце, уваход касм. апарата ў атмасферу, арыентацыю ў космасе, жыццезабеспячэнне і ахову ад радыеактыўных выпрамяненняў, адпрацоўку элементаў канструкцыі і бартавых сістэмкасм. апаратаў. Пры сумесным палёце «К.-186» і «К.-188» 30.10.1967 упершыню здзейснена аўтам. збліжэнне і стыкоўка на арбіце; пасля расстыкоўкі прадоўжаны іх аўтаномны палёт і праведзена пасадка.
2) Савецкія 2-ступеньчатыя ракеты-носьбіты, пры дапамозе якіх выводзяцца на арбіты ШСЗ «К.», «Інтэркосмас» і інш.
ШСЗ«Космас» для даследавання радыяцыйных паясоў Зямлі: 1 — сонечная батарэя; 2 — блок буферных батарэй; 3 — сістэма тэрмарэгулявання; 4 — блок абслуговай апаратуры; 5 — датчык месцазнаходжання спадарожніка; 6 — адсек навуковай апаратуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ЦЭНТР Я́ДЗЕРНЫХ ДАСЛЕ́ДАВАННЯЎ (франц. Conseil Européen pour la Recherche Nucleaire; ЦЕРН),
міжнар.навук.-даследчая ўстанова 19 дзяржаў Еўропы (Аўстрыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Італія, Францыя, ФРГ і інш.). Створана пры падтрымцы ЮНЕСКА у 1954 каля Жэневы (Швейцарыя, Францыя) для правядзення тэарэт. і эксперым. работ у галіне фізікі элементарных часціц (фізікі высокіх энергій). Мае 2 буйныя паскаральнікі элементарных часціц на сустрэчных пучках (калайдэры): супер пратонны сінхратрон на 450 ГэВ у пучку ў імпульсным рэжыме (з 1981) і вялікі электрон-пазітронны калайдэр на 90 ГэВ (з 1996). На іх базе будуецца самы буйны ў свеце паскаральнік — вялікі адронны калайдэр, разлічаны на энергію пратонаў да 5000 ГэВ у пучку (увод у дзеянне ў 2004). У распрацоўцы і стварэнні дэтэктарных сістэм для гэтага паскаральніка ўдзельнічаюць вучоныя розных н.-д. устаноў Беларусі ў адпаведнасці з дзярж. пагадненнем аб навук.-тэхн. супрацоўніцтве з ЦЕРН (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,
функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).
Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял.сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ПРЫ́НЦЫПЫ,
клас навуковых прынцыпаў, якія адлюстроўваюць пастаянства (захаванне) фундаментальных уласцівасцей і суадносін прыроды. У фіз. тэорыях З.п. фармулююцца як захаваныя законы і прынцыпы інварыянтнасці. Сярод З.п. можна вылучыць агульныя (напр., законы захавання энергіі, імпульсу і моманту імпульсу) і прыватныя (напр., законы захавання ізатапічнага спіну, дзіўнасці, цотнасці). Наяўнасць універсальных фіз. пастаянных (напр., гравітацыйная пастаянная, Планка пастаянная, скорасць святла ў вакууме і інш.) можна разглядаць як праяўленне своеасаблівага тыпу З.п. Пры даследаванні складаных, у т. л.біял.сістэм, важнае значэнне набывае паняцце структуры; у гэтым выпадку З.п. маюць форму структурных прынцыпаў, звязаных з уласцівасцямі сіметрыі. У фізіцы гэта выяўляецца як незалежнасць (інварыянтнасць) фіз. з’яў ад пэўных прасторава-часавых або інш. ператварэнняў (гл.Людэрса—Паўлі тэарэма, Нётэр тэарэма), у біялогіі — як адзінства захавання і змянення, звязанае з тоеснасцю і адрозненнем асобных аб’ектаў. З.п. рэгламентуюць працэсы ўзаемных ператварэнняў матэрыяльных аб’ектаў і выяўляюць прычынныя сувязі прыроды.