прылада для вымярэння сілы току. Уключаецца ў эл. ланцуг паслядоўна, для павелічэння межаў вымярэнняў — з шунтом (пры пастаянным току) або праз трансфарматар (пры пераменным току). Характарызуецца значэннем намінальнага току, класам дакладнасці, колькасцю фазаў (для пераменнага току) і сістэмай прыстасаванняў. Паводле прынцыпу дзеяння бываюць магнітаэл., электрадынамічныя, электрамагн., цеплавыя і інш.
Схемы ўключэння амперметра (А) у электрычны ланцуг а — з шунтам; б — праз трансфарматар току; 1 — шунт; 2 і 4 — нагрузка; 3 — трансфарматар току.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫТЭРМО́ГРАФ (ад грэч. bathys глыбокі + тэрмограф),
прылада, якая фіксуе т-ру і глыбіню вады з борта судна. Вымярае т-ру ад -2 да 30 °C, глыб. апускання 2—200 м, стандартная глыб. адбору проб 10, 15, 25, 50, 75, 100, 150, 200 м. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні дэфармацый пругкіх адчувальных элементаў, што ўзнікаюць пры змене ціску і т-ры з глыбінёй. Існуе батометр-батытэрмограф, які аўтаматычна рэгіструе т-ру вады і глыбіню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЦІ,
старадаўняя рыбалоўная прылада беларусаў; дрэўка з металічным наканечнікам, які меў ад 2 да 10 зубоў з завусеніцамі. Наканечнік насаджваўся на дрэўка пры дапамозе ўтулкі, перавязаныя паміж сабой зубы ўбіваліся ў канец палкі ці ў драўляную пласцінку і дадаткова мацаваліся дротам. Рыбачылі восцямі зімой у час прыдух, вясной на нерасцілішчах, летам ноччу з агнём (гарэў у спец. прыстасаванні, гл.Каза). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі; у наш час лоўля восцямі забаронена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРА́ЛЬНІК,
гідралагічная прылада ці ўстаноўка для вымярэння выпарэння з розных натуральных паверхняў. Дзейнічае на прынцыпах вызначэння выпарэння па вазе або аб’ёме выпаранай з сасуда вады, змяненні канцэнтрацыі солі ў сасудзе, змяненні вагі маналіту глебы і інш. З паверхні вады выпарэнне вымяраецца воднымі выпаральнікамі (плывучыя выпаральнікі, выпаральныя басейны і інш.), з паверхні сушы — глебавымі выпаральнікамі (вагавыя, гідраўлічныя і інш.) і іх разнавіднасцю балотнымі выпаральнікамі. Для вызначэння колькасці ападкаў да выпаральнікаў звычайна дадаецца дажджамер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ГА,
бел.традыц.прылада для лоўлі рыбы ў неглыбокіх зарослых месцах. Складалася з двух палазоў і шаста (дзеда), да якіх прымацоўвалася сетка з тоўстых нітак або рэдка сатканае палатно.
Канцамі палазы злучаліся так, што маглі ўтварыць любы вугал. Рыбу лавілі ўтрох: двое трымалі К. за сагнутыя канцы палазоў і цягнулі яе, трэці пры дапамозе шаста прыціскаў палазы да дна. Каб праверыць улоў, палазы зводзілі і прыўзнімалі К. над вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБЛО́К,
цягавая прылада для розных малагабарытных трансп. і с.-г. машын і механізмаў. Прызначана для механізацыі работ на прысядзібных участках, напр., ворыва, баранавання, апрацоўкі міжрадкоўяў бульбы і буракоў, кашэння травы, транспартавання грузаў, выканання работ з навяснымі механізмамі, у т. л. з прыводам ад вала адбору магутнасці. Зманціравана на 1-восевым шасі, мае аўтаномны рухавік. На Беларусі выпускаецца М. МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам адпаведных механізмаў.
Мотаблок МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам абсталявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІМЕ́ТР (ад лац. planum плоскасць + метр),
механічная прылада для вымярэння плошчы плоскіх фігур адвольнай формы. Адрозніваюць П. палярныя (найб. пашыраны; прапанаваны ням. вучоным Я.Амслерам у 1854), лінейныя і радыяльныя. Прынцып дзеяння палярнага П. заснаваны на аднакратным абходзе абвадным штыфтам уздоўж контуру фігуры. Плошча фігуры роўная рознасці паказанняў лічыльніка да і пасля завяршэння поўнага абходу. Дакладнасць вымярэння залежыць ад дакладнасці выканання вымяральных аперацый (ад 5 да 10%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРО́МЕТР (ад грэч. psychros халодны + ...метр),
прылада для вымярэння т-ры і вільготнасці паветра. Складаецца з 2 злучаных тэрмометраў, рэзервуар аднаго з іх абгорнуты змочаным батыстам. У выніку выпарэння вільгаці т-ра змочанага тэрмометра заўсёды ніжэйшая за т-ру сухога. Т-ру паветра вымяраюць па сухім тэрмометры, вільготнасць — па паказаннях сухога і змочанага тэрмометраў (псіхраметрычная рознасць) з выкарыстаннем спец. псіхраметрычных табліц. Пры т-рах, ніжэйшых за -5 °C, для вымярэння вільготнасці паветра карыстаюцца гігрометрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПІРА́ТАР (ад лац. respiro выдыхаю, дыхаю),
індывідуальная прылада працяглага ці аднаразовага карыстання для аховы органаў дыхання чалавека ад пылу і шкодных рэчываў. Складаецца з маскі (паўмаскі) і фільтра (вата, фетр, спец. тканіна і інш.). Існуюць ізалявальныя (шлангавыя, кіслародныя), што выкарыстоўваюцца пры недастатковай колькасці ў паветры кіслароду (менш за 16%) ці пры наяўнасці ў паветры шкодных рэчываў (напр., пры аварыйна-выратавальных работах), а таксама фільтравальныя (супрацьпылавыя), якія выкарыстоўваюць і для аховы ад радыеактыўнага пылу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЭ́ЗЕРНЫ БАРАБА́Н,
прылада для апрацоўкі глебы пры асваенні асушаных балот з купінамі, развітым мохавым покрывам і дзярнінай. Выкарыстоўваецца таксама для паляпшэння лугоў і пашы, здабычы торфу, раздзелкі пластоў пасля ворыва. Устанаўліваецца на навясных, паўпрычэпных і прычапных фрэзах глебавых (фрэзерах). Мае зменныя нажы (моцна- і слаба выгнутыя), палявыя кручкі (матыкі), пры фрэзераванні якімі глеба добра здрабняецца.