БРУЙ (Фёдар Піліпавіч) (2.10.1907, в. Іванскія Агароднікі Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 17.1.1982),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў вышэйшыя афіцэрскія курсы «Выстрал» (1942). У Чырв. Арміі з 1929. З вер. 1942 на Варонежскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік баёў на Курскай дузе. Камандзір батальёна маёр Бруй вызначыўся пры вызваленні Украіны: 25—28.9.1943 батальён пад яго камандаваннем на падыходзе да Кіева вызваліў некалькі нас. пунктаў, фарсіраваў Дняпро, на плацдарме адбіў 10 контратак ворага. Да 1955 у Сав. Арміі.
т. 3, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫВАЛЬКЕ́ВІЧ (Палікарп Рыгоравіч) (3.3.1855 — пасля 1921),
бел. журналіст. Выкладаў у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, з 1891 рэдактар газет «Виленский вестник», «Западный вестник», «Окраины России». У 1904 заснаваў у Мінску газ. «Белорусский вестник» велікадзяржаўна-шавініст. кірунку. З 1907 чл. «Рускага ўскраіннага т-ва», з 1918 Беларускага вольна-эканам. т-ва ў Петраградзе. У 1921 служачы Рэўваенсавета Рэспублікі ў Маскве. Аўтар фалькл.-этнагр. даследавання «Іван Купала (у в. Вуглы Слуцкага пав. Мінскай губ.)» (Этнографическое обозрение. 1891. № 4).
В.У.Скалабан.
т. 3, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.
Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.
т. 3, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛМЯ́НСКАЕ БАЛО́ТА, Волма-Слоўст, Волма,
у Беларусі, у Чэрвеньскім, Мінскім, Смалявіцкім і Пухавіцкім р-нах Мінскай вобл., пераважна ў вадазборы р. Волма і яе прытока Слоўст (бас. Свіслачы). Нізіннага (80%), вярховага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 5 тыс. га. Глыб. торфу да 6,6 м, сярэдняя 2,3 м. На асушаных землях сеюць травы, часткова збожжавыя і прапашныя культуры. На неасушаных участках пераважаюць гіпнава-асаковыя нізінныя ўчасткі, месцамі трапляюцца бяроза і вольха.
т. 3, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,
помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬДФЛУШ (Роберт Тэнісавіч) (19.3.1906, в. Мацэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 30.7.1972),
бел. аграхімік. Д-р с.-г. н. (1955), праф. (1956). Засл. дз. н. Беларусі (1965). Скончыў БСГА (1929). З 1931 у Бел. садова-агародным ін-це, з 1945 у БСГА. Навук. працы па вывучэнні і распрацоўцы спосабаў эфектыўнага выкарыстання ўгнаенняў, лакальнага спосабу ўнясення асн. ўгнаення на дзярнова-падзолістых сугліністых глебах Беларусі.
Тв.:
Краткий справочник по известкованию кислых почв. 2 изд. Мн., 1972 (разам з Г.І.Гарбылёвай).
т. 4, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАКУ́РАВА (Святлана Пятроўна) (н. 3.1.1953, в. Дзмітравічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1994), праф. (1996). Скончыла БДУ (1974). З 1978 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, з 1988 у Бел. пед. ун-це, Аграрнай АН. З 1995 саветнік-кансультант Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Даследуе метадалаг. і сац.-гіст. праблемы маральнага развіцця грамадства і асобы.
Тв.:
Личность в системе нравственных отношений. Мн., 1988;
Методологические проблемы исследования морали. Мн., 1992.
т. 4, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЫНКА,
гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.
Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.
т. 4, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЕ́СЬКА (Яўген Іванавіч) (н. 23.4.1938, в. Вялікая Лысіца Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне кібернетыкі і інфарматыкі. Канд. эканам. н. (1969). Скончыў БДУ (1960). З 1964 у Цэнтр. НДІ арганізацыі і тэхнікі кіравання (з 1975 нам. дырэктара), з 1991 праф. Бел. дзярж. эканам. ун-та. Навук. працы па аўтаматызаваных сістэмах кіравання і праграмным забеспячэнні ЭВМ. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
АСУ на промышленном предприятии: Методы создания. Справ. 2 изд. М., 1989 (у сааўт.)
М.П.Савік.
т. 4, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ПЕРАКО́П,
рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай і Мядзельскім р-не Мінскай абл., у бас. р. Вілія. Даўж. 35 км. Пл. вадазбору 241 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мацясы Мядзельскага р-на (у верхнім цячэнні наз. Малінаўка). Асн. прытокі Сермеж і ручай Першы. Даліна добра распрацаваная. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, на працягу 20,4 км каналізаванае. У вярхоўі і сярэднім цячэнні на пойме Вялікі Перакоп прымае сцёк меліярац. каналаў; у нізоўі рыбапрамысловы ўчастак; створана сажалка.
т. 4, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)