БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 13, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАН ((Blanc) Жан Жазеф Луі) (29.10.1811, Мадрыд — 6.12.1882),
французскі сацыяліст-утапіст, гісторык, журналіст. У сваіх поглядах абапіраўся на ідэі Сен-Сімона і Ш.Фур’е. У кн. «Арганізацыя працы» (1839) выклаў план сац. пераўтварэння грамадства. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 увайшоў у часовы ўрад. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў Чэрвеньскім паўстанні 1848, да 1870 у эміграцыі. З 1871 чл. Нац. сходу. У час Парыжскай камуны (1871) на баку Версаля. Аўтар прац «Гісторыя дзесяці гадоў» (1841—44), «Гісторыя рэвалюцыі 1848» (1870).
т. 3, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМС ((Adams) Джон) (19.10.1735, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1826),
дзяржаўны дзеяч ЗША. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 член 1-га і 2-га Кантынентальных кангрэсаў. Удзельнічаў у падпісанні Версальскага мірнага дагавора 1783. Першы пасланнік ЗША у Англіі (1785—88), пазней адзін з лідэраў партыі федэралістаў. У 1789—97 — віцэ-прэзідэнт, у 1797—1801 прэзідэнт ЗША. У час прэзідэнцтва Адамсам прыняты ў 1798 законы «Аб іншаземцах» і «Аб натуралізацыі» — супраць рэв. эміграцыі з Еўропы.
т. 1, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НЕШ ((Beneš) Эдуард) (28.5.1884, Кожляны, Чэхія — 3.9.1948),
чэхаславацкі дзярж. дзеяч. Юрыст, сацыёлаг. У 1915—18 ген. сакратар эмігранцкага Чэхаславацкага нац. савета ў Парыжы. У 1918—35 міністр замежных спраў, у 1935—38 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі. Актыўны ўдзельнік Антанты Малой. У 1923—38 член савета, старшыня К-та бяспекі Лігі нацый. У 1940—45 прэзідэнт Чэхаславацкай рэспублікі на эміграцыі (Лондан), пасля вызвалення Чэхаславакіі прэзідэнт рэспублікі (1946—48). Пасля прыходу да ўлады Камуніст. партыі Чэхаславакіі пайшоў у адстаўку.
т. 3, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,
навукова-культурная арг-цыя бел. эміграцыі ў Іспаніі. Дзейнічаў у 1952—60 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры ў Мадрыдзе. Старшыня — прынц Тодар Ляскарыс Камнена, арганізац. працу вёў У.Рыжы-Рыскі. Асн. кірункі дзейнасці: развіццё і пашырэнне навук. даследаванняў па гісторыі і сучаснасці бел. дзяржавы, прапаганда ведаў пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. Для працы запрашаліся бел. навукоўцы, якія друкавалі вынікі сваіх распрацовак у ісп. час. «Oriente» («Усход»).
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МО́ЛАДЗЬ»
(«Byelorussian Youth»),
штоквартальны часопіс. Выдаваўся ў 1959—67, 1972—80 у Нью-Йорку на бел. і англ. мовах. Выйшлі 52 нумары. Выдаўцы: Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы, Саюз бел.-амерыканскай моладзі (з № 16 за 1962). Друкаваў гіст. і літ.-маст. матэрыялы, хроніку культ. жыцця бел. эміграцыі, у т. л. моладзі і студэнцтва ў розных краінах свету, творы бел. (у т. л. эмігранцкіх) пісьменнікаў і дзеячаў культуры, успаміны. З 1972 меў англамоўную рубрыку «Амерыканцы гавораць пра Беларусь».
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 2, с. 416
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),
аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬТАМІ́РА-І-КРЭВЕ́А ((Altamira y Crevea) Рафаэль) (10.2.1866, г. Алікантэ, Іспанія — 1.6.1951),
іспанскі гісторык. Скончыў Валенсійскі і Мадрыдскі ун-ты. З 1888 сакратар Пед. музея (Мадрыд). У 1897—1910 узначальваў кафедру гісторыі ісп. права ў г. Аўеда, пазней праф. Мадрыдскага ун-та. У асноўнай працы «Гісторыя Іспаніі і іспанская цывілізацыя» (т. 1—4, 1900—11) даследаваў эканам. і сац. гісторыю краіны, падкрэсліў узаемасувязь эканам. і паліт. заняпаду Іспаніі ў 16—17 ст. Пасля ўстанаўлення фаш. дыктатуры Ф.Франка (1939) у эміграцыі.
т. 1, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ (Георгій Віктаравіч) (19.4.1894, Масква — 21.2.1972),
рус. паэт і літаратурны крытык. Скончыў Петраградскі ун-т (1917). Прыхільнік акмеізму, у пач. 1920-х г. уваходзіў у «Цэх паэтаў». З 1923 у эміграцыі, у Парыжы. Вядучы літаратурнага аддзела газ. «Последние новости» (1920—30-я г.). Аўтар зб-каў вершаў «Воблакі» (1916), «Чысцілішча» (1922), «Адзінства» (1967) і інш. Камернай лірыцы Адамовіча ўласцівыя матывы адзіноцтва, тугі, асуджанасці. У кн. «Адзінота і воля» (1955) артыкулы пра рус. пісьменнікаў 20 ст., у зб. «Каментарыі» (1967) эсэ пра літ. з’явы.
т. 1, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)