ЛЕ́ШЧАНСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў 1832—64 у в. Лешчанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло. У 1864 мела 2 драўляныя карпусы, 3 свірны, 5 інш. памяшканняў, 3 печы для выплаўкі шкла; працавала 87 чал., выраблена 1500 скрынак шкла.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Уведзены ў эксплуатацыю ў 1933. Размешчаны за 9 км ад Гомеля ў р.п. Касцюкоўка. У Вял. Айч. вайну часткова эвакуіраваны ў Башкірыю. Адноўлены ў 1943—45. Пазней рэканструяваны. З 1994 Гомельскае акц. т-ва «Гомельшкло». Адно з буйнейшых прадпрыемстваў па выпуску аконнага паліраванага шкла, пенашкла, шкляных тэрмаўстойлівых труб, загартаванага шкла для аўтатрактарнай прам-сці і інш. 75% паліраванага шкла ідзе на экспарт у Галандыю, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, краіны СНД. Працуе цэх прамысл. перапрацоўкі і вытв-сці бутэлек еўрап. стандарту.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сферо́метр, ‑а, м.

Прылада для вымярэння крывізны сферычных паверхняў (лінзаў, шкла ў акулярах і пад.), якая ўжываецца ў аптычнай прамысловасці.

[Ад грэч. sphaira — шар і metréo — вымяраю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АКУЛЯ́РЫ,

найбольш простае аптычнае прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца для карэкцыі недахопаў аптычнай сістэмы вока або засцерагае яго ад мех. пашкоджанняў, уздзеяння агрэсіўных вадкіх і газападобных асяроддзяў, прамянёў святла. Складаюцца з дзвюх акулярных лінзаў (карэгавальныя акуляры) або спец. шкла (засцерагальныя акуляры) і аправы, якая забяспечвае неабходнае становішча лінзаў або шкла адносна вачэй. Разнавіднасцю акуляраў можна лічыць кантактныя лінзы. Робяць іх з гнуткага празрыстага шкла і прыкладаюць непасрэдна да рагавіцы або склеры вока. Найб. пашырэнне маюць акуляры, прызначаныя для паляпшэння зроку пры блізарукасці (міяпіі) і дальназоркасці (гіперметрапіі).

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБЕНШЧЫКО́Ў (Ілья Васілевіч) (24.6.1887, С.-Пецярбург — 8.2.1953),

савецкі хімік і тэхнолаг, адзін з заснавальнікаў вытв-сці аптычнага шкла. Акад. АН СССР (1932). Скончыў Пецярб. ун-т (1910). З 1912 выкладаў у Петраградскім электратэхн. ін-це (з 1922 праф.). У 1933 заснаваў лабараторыю хіміі сілікатаў, рэарганізаваную ў Ін-т хіміі сілікатаў, у 1948—53 яго дырэктар. Навук. працы па хіміі сілікатаў, фізіка-хім. уласцівасцях празрыстых матэрыялаў. Распрацаваў спосаб атрымання сітаватага шкла з высокімі адсарбцыйнымі ўласцівасцямі, метад паверхневай апрацоўкі аптычнага шкла (прасвятленне оптыкі). Дзярж. прэміі СССР 1942 і 1952.

І.В.Грабеншчыкоў.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ШКЛО,

мастацкія вырабы Барысаўскага хрусталёвага завода імя Дзяржынскага з каляровага і бясколернага шкла і хрусталю.

На пач. 20 ст. выраблялі гутным, прасаваным і ціхавыдзімальным спосабам разнастайны посуд, вазы, фужэры, бакалы, кухлі, кілішкі, сухарніцы, лямпы ў стылі мадэрн, дэкарыраваныя траўленнем, алмазнай гранню, размалёўкай золатам і эмалямі, маціраваннем, рыфленнем, а таксама суцэльнацягнутыя стромкія вазы і арміраваныя нікеляваным металам цукарніцы з хрусталю і каляровага шкла. Вырабы вызначаліся выразнасцю формаў, прапорцый і разнастайнасцю дэкору, славіліся чысцінёю колеру хрусталю і бясколернага шкла. Іх вывозілі ва ўсе губерні Расіі; з 1929 экспартавалі ў Егіпет, Турцыю, Афганістан, з 1933 — у Англію, Францыю, Германію. У 1910 барысаўскі хрусталь адзначаны залатым медалём на выстаўцы ў Парыжы. У 1939 тут выраблены вял. хрусталёвыя вазы і плафоны з накладнога шкла для Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве. У 1930-я г. прасаваныя вырабы з-да лічыліся лепшымі ў СССР.

З канца 1950-х г. барысаўскае шкло вырабляецца па эскізах мастакоў з-да. З 1960-х г. узбагацілася колеравая гама шкламасы і каляровага хрусталю, асабліва сіне-зялёных, серабрыста-дымчатых, жоўтых і бэзавых адценняў, што пашырыла маст. дыяпазон таўстасценнага шкла і хрусталю, прызначаных для унікальных і маласерыйных вырабаў, аздобленых шырокай і глыбокай гранню. Вырабы з накладнога шкла дэкарыраваліся пескаструменным метадам, глыбокім траўленнем, гравіраваннем медным колцам, алмазнай гранню. Для бясколернага танкасценнага шкла пачалі выкарыстоўваць люстраное пакрыццё, увялі дэкарыраванне вырабаў метадам штампа. Больш разнастайны стаў дэкор алмазнай грані, пашыраліся тэматычныя выяўл. матывы. Арыгінальнасцю маст. вырашэння вылучаюцца творы, выкананыя ў гутнай тэхніцы. З 1970-х г. асвоена тэхналогія варкі шкла, афарбаванага вокісламі рэдказямельных элементаў, якія надаюць ружовыя, бэзавыя, сінія, зялёныя, жоўтыя адценні танкасценным вырабам. Вобразнасць у вырабах з такога шкла дасягаецца дасканаласцю формаў і прапорцый і мінімумам дэкар. сродкаў. Дэкор хрусталёвых вырабаў — буйнамаштабны, з выкарыстаннем глыбокай грані і аптычных ямак пераважна геам. кампазіцыі, з уключэннем у арнамент маціраванай паверхні, якая падкрэслівае бляск алмазнай грані. Барысаўскае шкло адзначана дыпломамі ВДНГ СССР (1960, 1963), на 1-й Усесаюзнай выстаўцы «Мастацтва ў быт» (1961); экспартуецца ў многія краіны свету.

Літ.:

Яницкая М.М. Художественное стекло Советской Белоруссии. Мн., 1989.

М.​М.​Яніцкая.

Да арт. Барысаўскае шкло. Т.​Арцёмава. Дэкаратыўны набор «Яблыні цвітуць». 1977.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

абразі́вы, ‑аў (адз. абразіў, ‑ва), мн.

Дробназярністыя ці парашкападобныя рэчывы вялікай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца пры механічнай апрацоўцы металаў, шкла і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

така́й, ‑ю, м.

Сорт дэсертнага венгерскага віна. Яно [возера Балатон] гарыць па небакрай, Як светлы, малады такай У чарцы з сонечнага шкла. Танк.

[Ад геагр. назвы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкло... (а таксама шкла...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: шкло, шкляны, напрыклад: шкловытворчасць, шклозавод, шклоліцейны, шкловыдзімальшчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкля́рус, ‑у, м., зб.

Род буйнога бісеру ў выглядзе рознакаляровых кароценькіх трубачак са шкла, якія нанізваюцца на нітку. Упрыгожыць сукенку шклярусам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)