КАРЛЬСТА́ДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1905.

Падпісаны паміж Швецыяй і Нарвегіяй 26 кастр. ў г. Карльстад (Швецыя) пасля папярэдніх двухбаковых перагавораў (праходзілі 31.8—23.9.1905) і ўхвалення парламентамі абедзвюх краін. Аформілі скасаванне швед.-нарв. уніі 1814—1905, вызначылі цэласнасць тэр. Нарвегіі, стварэнне нейтральнай пагран. зоны, умовы бяспошліннага транзіту тавараў для Швецыі праз тэр. Нарвегіі, пацвердзілі правы качавання шведскіх саамаў на нарв. землях і інш.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВІК,

археалагічны помнік у правінцыі Сконе на Пд Швецыі, месца размяшчэння аднаго з буйнейшых пахавальных насыпаў у Скандынавіі. Меў 64 м у дыяметры, насыпаны над цыстай (каменная скрыня для пахавання), пліты якой упрыгожаны малюнкамі з выявамі працэсій, чалавечых фігур, калясніцы з вознікам, караблёў, коней, сякер, сонечных дыскаў. На час адкрыцця (1748) быў поўнасцю разрабаваны. Паводле стылю малюнкаў датуецца 10 ст. да н.э.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАРЭН (Mälaren),

возера ў сярэдняй ч. Швецыі. Пл. 1163 км², глыб. больш за 60 м, даўж. каля 120 км. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання (0,3—0,6 м над узр. м). Берагі моцна парэзаныя, шматлікія залівы, бухты, мысы, каля 1200 астравоў. Злучана пратокамі і каналамі з Балтыйскім м. і воз. Ельмарэн. Суднаходства, водны турызм. На берагах рэзерваты Энгсё і Ельставікен. Каля ўсх. берага — г. Стакгольм.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЛЬСКАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

пастаянныя жыхары сельскіх паселішчаў катэгорыя насельніцтва. У большасці эканамічна развітых краін С.н. складае 15—25% (напр., у Канадзе, ЗША, Францыі, Швецыі, Японіі), да 15% (напр., у Вялікабрытаніі, Ізраілі, Нідэрландах), у Расіі — 27%. На Беларусі паводле перапісу насельніцтва 1999 С.н. складае 31% (3084 тыс. чал.). Колькасць насельніцтва, маладзейшага за працаздольны ўзрост — 20%, пенсіённага ўзросту — 34%. Гл. таксама Перапіс насельніцтва.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 14, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ітэ́рбій

(н.-лац. ytterbium, ад Ytterby = назва мясцовасці ў Швецыі)

хімічны элемент сям. лантаноідаў, серабрыста-шэры метал; выкарыстоўваецца як газапаглынальнік у электравакуумных прыборах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДЭЛАГА́РДЗІ (De la Gardie),

сям’я шведскіх ваен. і паліт. дзеячаў. Понтус (1520—5.11.1585). Француз па паходжанні. Барон, маршал (1582). Служыў у дацкім войску. У 1565 трапіў у шведскі палон і перайшоў на службу да караля Эрыка XIV, потым — Юхана III Вазы. З 1580 удзельнічаў у вайне з Расіяй, вёў мірныя перагаворы. Якаб Понтус (20.6.1585, Талін — 12.8.1652), сын Понтуса. Граф (1615), маршал (1620). Удзельнік польск. і швед. інтэрвенцыі ў пач. 17 ст. ў Расію, заключэння Сталбоўскага міру 1617, вайны Швецыі з Рэччу Паспалітай 1617—29. З 1619 швед. намесніку Рэвелі (цяпер Талін), з 1622 ген.-губернатар Ліфляндыі. У 1632—44 чл. рэгенцкага савета пры непаўналетняй каралеве Крысціне. Магнус Габрыэль (15.10.1622—26.4.1686), сын Якаба Понтуса. Граф, швагер (брат жонкі) Карла X Густава. Маршал і вял. канцлер (1660). Фаварыт каралевы Крысціны. У 1654—60 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 узначальваў швед. армію ў Інфлянтах, Літве і Беларусі. Вёў перагаворы пра заключэнне Аліўскага міру 1660. Садзейнічаў развязванню вайны з Прусіяй, якая скончылася ў 1675 паражэннем Швецыі. За няўмелае кіраўніцтва арміяй адхілены ад пасады.

т. 6, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД ((Asplund) Эрык Гунар) (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАЭЛЕКТРАРАЗВЕ́ДКА,

адзін з кірункаў аэрагеафізічнай разведкі, заснаваны на даследаванні прыродных або штучна створаных электрамагнітных палёў пры дапамозе апаратуры, устаноўленай на самалёце або верталёце. Выкарыстоўваецца пры пошуках рудных целаў, лінзаў прэсных водаў, карціраванні карэнных адкладаў на глыб. да некалькіх дзесяткаў метраў. Дае магчымасць хутка абследаваць вял. плошчы, часта ў цяжкадаступных для наземнай разведкі раёнах. Упершыню выкарыстана для пошукаў карысных выкапняў у пач. 1950-х г. у Швецыі.

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТНІ́ЧНЫ ЗАЛІ́Ў (швед. Bottniska viken, фін. Pohjanlahti),

паўночная частка Балтыйскага м., паміж Швецыяй і Фінляндыяй. Злучаецца з адкрытым морам пралівам Сёдра-Кваркен паміж Аландскімі а-вамі і берагам Швецыі. Пл. 117 тыс. км². Даўж. 668 км, шыр. да 240 км. Найб. глыб. 290 м. Шэраг невял. астравоў — шхераў. Зімой замярзае. Прылівы мяшаныя, на Пн сутачныя (да 0,1 м). Гал. парты: Васа, Оўлу, Поры (Фінляндыя), Лулео, Умее (Швецыя).

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТА-КАНА́Л, Ёта-канал (Göta kanal),

водны шлях у Швецыі. Злучае Паўночнае і Балтыйскае моры. Агульная працягласць 420 км (ад г. Гётэбарг да г. Сёдэрчэпінг), глыб. 3—5 м. Пабудаваны ў 1810—30. Уключае р. Гёта-Эльв, азёры Венерн, Ветэрн і інш. і ўласна канал (даўж. 200 км). Выкарыстанне канала ў 2 разы скарачае шлях у параўнанні са шляхам па пралівах Катэгат, Скагерак, Эрэсун (паўд. край Скандынавіі).

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)