РАДЫЁЛА,

бытавы радыётэхн. апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны радыёпрыёмнік і электрафон. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік нізкай частаты і акустычную сістэму. Р., сумешчаная з магнітафонам, наз. магнітарадыёла, з тэлевіз. прыёмнікам — тэлерадыёла.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кардыятахо́метр

(ад кардыя- + тахаметр)

прыбор для вымярэння частаты пульсавання і работы сэрца.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЫ́МУШАНЫЯ ВАГА́ННІ,

ваганні, якія ўзнікаюць у сістэме пад дзеяннем пераменнай знешняй сілы. Напр., ваганні мех. канструкцый пад дзеяннем пераменнай нагрузкі, мембраны тэлефона пад дзеяннем магн. поля і інш. Уласцівасці вымушаных ваганняў залежаць ад характару знешняй сілы і ўласцівасцей самой сістэмы.

Пад дзеяннем знешняй сілы ў сістэме адначасова ўзнікаюць уласныя ваганні і вымушаныя ваганні. Праз пэўны час уласныя ваганні затухаюць і ў сістэме ўсталёўваюцца вымушаныя ваганні. Амплітуда іх большае з павелічэннем амплітуды знешняй сілы і з памяншэннем трэння (супраціўлення) у сістэме пры мех. (электрычных) ваганнях і рознасці паміж частатой змены знешняй сілы і частатой уласных ваганняў. Пры супадзенні частаты знешняй сілы і частаты ўласных ваганняў настае рэзананс.

Графік усталявання вымушаных ваганняў.

т. 4, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНЫ ГЕНЕРА́ТАР,

квантавы генератар, у якім незатухальныя ваганні падтрымліваюцца вымушаным выпрамяненнем пучка ўзбуджаных малекул або атамаў; разнавіднасць мазера. Выкарыстоўваецца як актыўны квантавы стандарт частаты ў службе часу (гл. Квантавы гадзіннік), у касм. навігацыі, геадэзіі, картаграфіі, як радыёспектраскоп высокага раздзялення пры даследаваннях малекул аміяку, атамаў азоту і вадароду, а таксама іх ядраў.

Першы М.г. на малекулах аміяку створаны ў 1955 М.Г.Басавым і А.М.Прохаравым і незалежна амер. фізікам Ч.​Таўнсам. Пучок малекул аміяку накіроўваўся ў сартавальнае прыстасаванне, праз якое ў аб’ёмны рэзанатар праходзілі толькі ўзбуджаныя часціцы. Пучок, які пралятае праз настроены на частату малекулярнага пераходу рэзанатар, выпрамяняе лішак сваёй энергіі. Вызначаецца высокімі стабільнасцю частаты генерацыі і монахраматычнасцю.

Л.​М.​Арлоў.

Схема малекулярнага генератара.

т. 10, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКУ́НДА (ад лац. secunda divisio другое дзяленне — спачатку градуса, а потым і гадзіны),

1) адзінка часу, адна з асноўных адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Абазначаецца с. Адрозніваюць атамную (эталонную) і эфемерыдную (астранамічную) С. Атамная С. роўная 9 192 631 770 перыядам эл.магн. выпрамянення, якое адпавядае пераходу паміж двума звыштонкімі ўзроўнямі асн. стану атама цэзію-133. Узнаўляецца з дапамогай цэзіевых эталонаў частаты і часу (гл. Квантавыя стандарты частаты). Эфемерыдная С. роўная ​1/31 556 925, 9747 долі трапічнага года (1900-га, які пачаўся ў 12 гадз 31.12.1899; гл. Эфемерыдны час).

2) Вуглавая С. — пазасістэмная адзінка плоскага вугла. Абазначаецца ″. Роўная 1/60 мінуты, або ​1/3600 градуса, або ​π/64800 рад (гл. Радыян).

т. 14, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,

змяненне частаты (ці даўжыні хвалі) эл.-магн. выпрамянення пры яго распаўсюджванні ў гравітацыйным полі, абумоўленае гравітацыйным запавольваннем часу. Прадказана А.Эйнштэйнам у 1907. Адзін з эксперыментальна пацверджаных эфектаў агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Чырвонае зрушэнне.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІНАТРО́Н [ад грэч. platynō раблю шырэй, пашыраю + (элек)трон],

электравакуумная прылада магнетроннага тыпу (прылада адваротнай хвалі) для шырокапалоснага ўзмацнення і генерыравання электрамагнітных хваль звышвысокай частаты. Выкарыстоўваецца ў перадавальных прыстасаваннях радыёлакацыйных станцый, сістэм сувязі, навігацыі, тэлеметрыі і інш.

т. 12, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬС (ад лац. pulsus удар, штуршок),

перыядычнае, падобнае на штуршок расшырэнне сценак артэрый, сінхроннае са скарачэннямі сэрца. Частата П. залежыць ад полу, узросту чалавека (жывёлы), масы цела, эмацыянальнага стану, фіз. нагрузкі, т-ры цела і навакольнага асяроддзя. Напр., у слана (маса 3000 кг) частата П. каля 25 удараў за мінуту, у землярыйкі (маса 3 г) — болей за 600. У дарослага чалавека частата П. ў сярэднім 70—80 удараў за мінуту, пры фіз. нагрузцы — 150—200. Памяншэнне частаты П. ніжэй за норму наз. брадыкардыяй, пачашчэнне — тахікардыяй. Брадыкардыя — абавязковая фізіял. рэакцыя сэрца ў жывёл, што ныраюць (напр., у некат. цюленяў пры ныранні частата П. памяншаецца ад 140 да 10 удараў за мінуту). Акрамя сярэдняй частаты П. адзначаецца шэраг інш. характарыстык: рытмічнасць, напаўненне і інш.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

герц

[ням. H. Hertz = прозвішча ням. фізіка (1857—1894)]

адзінка вымярэння частаты ваганняў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фарадыза́цыя

(ад фарада)

прымяненне пераменнага току нізкай частаты ў лячэбных і дыягнастычных мэтах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)