МЕХА́НІКА [ад грэч. mēchanikē (technē) пабудовы машын (майстэрства)],

навука пра механічны рух матэрыяльных цел і ўзаемадзеянні, што пры гэтым адбываюцца паміж імі. Разглядае рухі матэрыяльных пунктаў, іх дыскрэтных сістэм і суцэльных асяроддзяў. Класічная М. (ці проста М.), у аснове якой ляжаць Ньютана законы механікі, падзяляецца на статыку (вывучае раўнавагу цел), кінематыку (геам. ўласцівасці руху без уліку мас і сіл) і дынаміку (рух з улікам дзеяння сіл). Складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы з вял. колькасцю часціц), рух якіх абмежаваны мех. сувязямі, вывучаюцца аналітычнай механікай. У класічнай М. разглядаюцца рухі макраскапічных цел са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла (рухі з калясветлавымі скарасцямі вывучае рэлятывісцкая механіка, а рух мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей — квантавая механіка). Законы М. выкарыстоўваюцца для разліку машын і механізмаў (тэарэтычная механіка, механізмаў і машын тэорыя, дэталі машын і інш.), збудаванняў (будаўнічая механіка, механіка грунтоў), трансп. сродкаў (гідрааэрамеханіка, балістыка), руху нябесных цел (нябесная механіка), для вывучэння мех. працэсаў у зямной кары (геамеханіка), у жывых арганізмах (біямеханіка). На аснове нелінейнай аналіт. М. развіваецца сінергетыка, якая даследуе ўмовы самаарганізацыі сістэм у дыяпазоне ад дэтэрмінаванага хаосу да рэгулярных станаў.

У залежнасці ад стану рэчыва, якое даследуецца, вылучаюць М.: цвёрдага цела; механіку суцэльных асяроддзяў (вадкасці і газу); плазмы; механіку сыпкіх асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы. У апошні час з’явіліся новыя раздзелы М.: фізіка-хім. М. (улічвае працяканне фіз. і хім. працэсаў пры мех. рухах і ўзаемадзеяннях). біяробатамеханіка і інш. У М. выкарыстоўваюць 2 спосабы апісання з’яў: фенаменалагічны, заснаваны на фенаменалагічнай тэрмадынаміцы, і статыстычны (структурны), заснаваны на стат. тэрмадынаміцы. Навук. аснову М. складаюць варыяцыйныя прынцыпы механікі, з дапамогай якіх апісваюцца мех. станы і сувязі механічныя сістэмы.

Звесткі з М. (напр., пра раўнавагу цел) вядомы з глыбокай старажытнасці (некалькі тыс. гадоў да н.э.). Антычныя веды М. абагульніў Арыстоцель, які ўвёў тэрмін «М.» (4 ст. да н.э.). Архімед дакладна сфармуляваў закон раўнавагі (на ім заснавана будова машын і законы раўнавагі плаваючых цел). Г.​Галілей даследаваў асн. заканамернасці руху цел, на базе якіх І.​Ньютан сфармуляваў вядомыя законы М. і надаў М. строгую форму. Далейшае развіццё М. звязана з імёнамі Л.​Эйлера, Д.​Бернулі, Ж.​Д’Аламбера (асн. працы па М. вадкасці і газу), Ж.​Лагранжа (варыяцыйнае вылічэнне, аналіт. М.). 3 прац А.​Эйнштэйна пачаўся этап развіцця рэлятывісцкай, Л.​Больцмана і Дж.​Гібса — статыстычнай, М.​Планка і Н.​Бора — квантавай М. Аэрамеханіка значнае развіццё атрымала ў працах М.​Я.​Жукоўскага, О.​Ліліенталя, К.​Э.​Цыялкоўскага, С.​А.​Чаплыгіна і інш.; газавая дынаміка — у працах Л.​Прандтля, Дж.​І.​Тэйлара, Чаплыгіна, Л.​І.​Сядова, С.А Хрысціяновіча, М.​У.​Келдыша і інш. Значны ўклад у развіццё розных галін М. ў 19—20 ст. зрабілі Л.М.​А.​Наўе, Дж.​Стокс, Ш.​А.​Кулон, Г.​Р.​Кірхгоф, А.​Пуанкарэ, М.​В.​Астраградскі, А.​М.​Ляпуноў, А.​М.​Крылоў, І.​У.​Мяшчэрскі, Г.​П.​Чарапанаў, Дз.​Д.​Іўлеў і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне М. пачаліся ў 1920—30-я г. і вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, надзейнасці машын Нац. АН, у БДУ, БПА, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Выкананы даследаванні па пластычнасці і трываласці металаў (С.​І.​Губкін, В.​П.​Севярдэнка, Я.​М.​Макушок і інш.), іх апрацоўцы (В.​М.​Чачын, А.​У.​Белы, А.​В.​Сцепаненка, П.​І.​Яшчарыцын), М. металапалімерных сістэм (Белы, А.​І.​Свірыдзёнак, Ю.​М.​Плескачэўскі), М. кампазіцыйных матэрыялаў на метал. аснове (А.​У.​Роман, П.​А.​Віцязь, Н.​М.​Дарожкін), М. дэфармаванага цела (М.​Дз.​Мартыненка, І.​А.​Прусаў, А.​У.​Чыгараў і інш.), тэорыях дыслакацыі і пластычнасці, М. разбурэння (М.​С.​Акулаў, Севярдэнка, Губкін і інш.), М. дэталей машын, тэорыі надзейнасці (І.​С.​Цітовіч, А.​В.​Бераснеў), М. мабільных машын (М.​С.​Высоцкі, Л.​Р.​Краснеўскі), М. вадкасці і газу, тэрмамеханіцы (А.​В.​Лыкаў, Р.​І.​Салаухін, А.​Р.​Мартыненка, З.​П.​Шульман, Б.​А.​Калавандзін і інш.).

Літ.:

Арнольд В.И. Математические методы классической механики. 3 изд. М., 1989;

Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;

Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978;

Черепанов Г.П. Механика хрупкого разрушения. М., 1974;

Ивлев Д.Д. Теория идеальной пластичности. М., 1966.

А.​У.​Чыгараў.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ЭКАНАМІЧНАЙ ТЭОРЫІ

Тэарэтычная эканам. навука ў БССР пачала развівацца ў 1920-я г. з заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і яго пераўтварэннем у Бел. АН (1929). У 1931 у складзе Акадэміі створаны Ін-т эканомікі. У ВНУ рэспублікі выкладаўся курс паліт. эканоміі, у БДУ — асобныя курсы: «Гісторыя гаспадаркі Беларусі», «Тэорыя савецкай гаспадаркі», «Эканоміка пераходнага перыяду» і інш. Асн даследаванні бел. вучоных былі прысвечаны стварэнню матэрыяльна-тэхн. базы сацыялізму, індустрыялізацыі і каапераванню, праблемам станаўлення сацыяліст. маёмасці (Я.​А.​Адамовіч, Ф.​М.​Аўчыннікаў, Г.​П.​Бондар, М.​М.​Галадзед, Р.​Каршакевіч, П.​М.​Рачыцкі і інш.), узнаўленню кваліфікаванай прац. сілы (П.​Я.​Панкевіч, С.​П.​Такмачоў). У пасляваенныя гады вывучаліся характар эканам. законаў сацыялізму (З.​З.​Дудзіч, У.​П.​Локцеў, І.​Дз.​Прахарэнка і інш.), павышэнне прадукцыйнасці працы і рост дабрабыту працоўных (Ц.​А.​Базылеў, Г.​Ц.​Кавалеўскі, С.​М.​Малінін, А.​П.​Скуман), рост эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (С.​М.​Малінін), размеркавальныя і рэнтавыя адносіны (Г.Ц Кавалеўскі, Я.​Г.​Ракаў).

У 1960—70-я г. даследаваліся праблемы цэнаўтварэння (М.​М.​Балбуцкі, М.​І.​Вядута, М.​І.​Гарачка, Г.​Ц.​Кавалеўскі, Т.​А.​Мярэцкая, І.​Т.​Савельеў і інш.), вытворчых адносін пры сацыялізме і заканамернасцей іх развіцця, законаў і катэгорый паліт. эканоміі (З.​З.​Дудзіч, М.​С.​Куняўскі, І.​Дз.​Прахарэнка, І.​І.​Самадзееў, С.​Я.​Янчанка і інш.). Праводзіліся даследаванні па пытаннях развіцця агр. адносін (А.​Я.​Бураўскі, Г.​Ц.​Кавалеўскі, І.​М.​Максімаў, Ф.​С.​Марцінкевіч, Ф.​Р.​Міхалап), эканам. палітыкі (Ф.​В.​Баравік, А.​І.​Мальцаў, В.​І.​Мазур, М.​І.​Платніцкі), таварна-грашовых адносін (Г.​Ц.​Кавалеўскі, Э.​А.​Лутохіна, А.​П.​Скуман і інш.), заработнай платы і грамадскіх фондаў спажывання (М.​В.​Герасімаў, Э.​А.​Лутохіна), эканам. развіцця капіталіст. краін (У.​П.​Васін, В.​В.​Гаўрылюк, В.​А.​Драздоў, І.​Ц.​Рагоўскі, С.​Я.​Янчанка і інш.). У 1980-я г. вывучаліся праблемы функцыянавання і заканамернасцей развіцця эканам. сістэм (Н.​В.​Герасімаў), удасканалення адносін уласнасці (М.​І.​Базалеў), дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін (Л.​М.​Давыдзенка). Даследаваліся пытанні эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (П.​А.​Капітула, М.​С.​Куняўскі, П.​Г.​Нікіценка), эканам. росту і аптымізацыі структуры грамадскага прадукту (М.​І.​Платніцкі), укаранення дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (М.​А.​Лахманенка, В.​С.​Серада). Распрацоўваўся комплекс праблем, звязаных з удасканаленнем гасп. механізма (М.​С.​Куняўскі, І.​М.​Лемяшэўскі, М.​Г.​Муталімаў), у т. л. ў сістэме АПК (В.​А.​Кулажанка).

У 1-й пал. 1990-х г. ва ўмовах глыбокіх сац.-эканам. трансфармацый у грамадстве актыўна распрацоўваліся тэарэт. асновы рыначных пераўтварэнняў у нац. эканоміцы, адбываўся працэс фарсіраванага асваення і крытычнага асэнсавання зах. эканам. тэорый (А.​В.​Данільчанка, І.​В.​Новікава, Л.​М.​Пятроўская, А.​М.​Тур), вывучаліся праблемы інтэлектуальнай уласнасці і развіцця малога бізнесу (Г.​І.​Аляхновіч). Вучонымі вядучых ВНУ Беларусі выдадзены новыя навучальныя дапаможнікі і курсы лекцый па эканам. тэорыі. З 2-й пал. 1990-х г. пачаліся комплексныя даследаванні актуальных праблем развіцця айч. эканомікі, месца Беларусі ў сістэме сусветна-гасп. сувязей. Вывучаюцца палітыка-эканам. заканамернасці цывілізацыйнага працэсу (П.​Г.​Нікіценка), адносіны ўласнасці (В.​В.​Гаўрылюк, Я.​К.​Мядзведзеў, Г.​А.​Прымачонак), праблемы глабалізацыі, эканам. інтэграцыі і эканам. бяспекі краіны (В.​У.​Казлоўскі, І.​В.​Новікава), інавацыйныя працэсы ў эканоміцы (М.​У.​Мясніковіч, П.​Г.​Нікіценка), праблемы інвестыцый (С.​Р.​Голубеў), пытанні манапалізму і антыманапольнага рэгулявання (Г.​Р.​Санько), падатковага рэгулявання ў знешнеэканам. дзейнасці (Г.​А.​Шмарлоўская), прац. адносін і сац. палітыкі (С.​Р.​Голубеў, А.​П.​Марозава), агр. адносін і развіцця агр.-прамысл. комплексу краіны (В.​А.​Вараб’ёў, У.​Л.​Клюня, П.​В.​Лешчылоўскі).

Літ.:

Адамович И.А. Статьи и речи. Мн., 1927;

Мальцев А.И. Воспроизводство и накопление при социализме. Мн., 1967;

Янченко С.Е. Переходные формы производственных отношений. Мн., 1974;

Плотницкий М.И. Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;

Голубев С.Г. Эволюция и перспективы развития ассоциативных форм собственности. Мн., 1993;

Абрамов И.М., Булко В.С., Колесникова И.В. Инвестиционная политика Беларуси: (Анализ, проблемы, предложения). Мн., 1996;

Санько Г.Г. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;

Медведев Е.К. Категории теории собственности (очерки методологии). Мн., 2000;

Никитенко П.Г. Императивы инновационного развития Беларуси: теория, методология, практика. Мн., 2003;

Петровская Л.М. Модели открытой экономики и стабилизационная политика. Мн., 2000;

Примаченок Г.А. Эволюция отношений собственности в экономической системе. Мн., 2000;

Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. Мн., 2001;

Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспектива. Мн., 2003.

Я.​К.​Мядзведзеў.

т. 18, кн. 2, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫКА

Першыя генетычна-селекцыйныя працы на Беларусі праводзіліся М.​В.​Рытавым у Горы-Горацкім земляробчым ін-це з сярэдзіны 19 ст. У самастойную навук. дысцыпліну генетыка сфарміравалася ў пач. 20 ст. У 1920—30-я г. навук. цэнтрам па генетыцы і селекцыі была БСГА, дзе даследавалі селекцыю агароднінных і пладовых (М.​В.​Рытаў), сельскагаспадарчых (У.​У.​Вінер) і бабовых сідэральных культур (Я.​К.​Аляксееў), дробныя расавыя прыкметы сельскагаспадарчых і дэкаратыўных раслін, міжвідавую і міжродавую гібрыдызацыю (А.​І.​Лапо, К.​Р.​Рэнард), развіццё маладняку буйной рагатай жывёлы і значэнне экстэр’еру ў селекцыі сельскагаспадарчай жывёлы (М.​В.​Найдзёнаў), распрацоўвалі матэм. падыходы (П.​Р.​Лепер). Найб. актыўна генетыка і селекцыя развіваліся ў сярэдзіне 20 ст. (працы А.​Р.​Жэбрака і яго школы, у якіх даследавалася эксперыментальная поліплаідыя сельскагаспадарчых раслін). Жэбрак абгрунтаваў магчымасць утварэння новых відавых форм у межах роду трыцікум, што спрыяла перспектыўнаму развіццю селекцыі пшаніцы. Далейшы этап генетычных даследаванняў звязаны з імем М.​В.​Турбіна і ўтварэннем аддзела, а потым Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (1965). З 1955 вяліся даследаванні па генетыцы гетэрозісу, эксперыментальным мутагенезе, антымутагенезе, нехрамасомнай спадчыннасці, радыяцыйнай генетыцы, генетыцы паліплоідных папуляцый. М.​В.​Турбін сфарміраваў генетычную канцэпцыю гетэрозісу, заснаваную на тэорыі генетычнага балансу, Л.​У.​Хатылёва з супрацоўнікамі — тэорыю і метады генетычна збалансаваных гетэрозісных папуляцый раслін, навукова абгрунтавала генетычныя прынцыпы біяэнергетычнай канцэпцыі гетэрозісу. Даследаванні ў галіне эксперыментальнай поліплаідыі і гетэрозісу ў цукровых буракоў спрыялі ўтварэнню першай у СССР калекцыі тэтраплоідных форм, эксперыментальнаму вырошчванню паліплоідных гібрыдаў (У.​Я.​Борматаў, М.​В.​Турбін і інш.). За працы па статыстычнай генетыцы і выкарыстанні матэматычна-статыстычных метадаў у біялогіі П.​Ф.​Ракіцкаму ў 1974 прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі. За цыкл прац «Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін» у 1984 Дзярж. прэмія Беларусі прысуджана супрацоўнікам Ін-та генетыкі і цыталогіі АН Беларусі У.​Я.​Борматаву, Я.​А.​Бычко, Л.​М.​Камінскай, А.​А.​Кедраву-Зіхману, Б.​Ф.​Матросаву, А.​І.​Палілаву, У.​К.​Саўчанку, Л.​А.​Таруцінай, М.​В.​Турбіну, Л.​У.​Хатылёвай. Тэарэтычныя распрацоўкі па гетэрозісе сталі асновай стварэння (сумесна з БелНДІ агародніцтва) шэрагу новых сартоў памідораў (Старт і інш.) і перцаў (Залацісты і інш.). Шэраг высокаўрадлівых і высокацукрыстых сартоў цукровых буракоў (Беларускі ПГ-31, МС-27, Белдан, Данібел, Кавебел) створаны разам з супрацоўнікамі Ганусаўскай занальнай доследнай станцыі. У 1970—80-я г. актыўна развіваліся малекулярная генетыка і генетычная інжынерыя. Даследаванні па структурна-функцыянальнай арганізацыі геномаў раслін, малекулярна-генетычным картаванні, генетычнай трансфармацыі праводзяць у Інстытутах генетыкі і цыталогіі (М.​А.​Картэль), лесу (Р.​Р.​Ганчарэнка, У.​Я.​Падутаў), Цэнтр. батанічным садзе АН Беларусі (У.​М.​Рашэтнікаў), БДУ (А.​М.​Еўтушэнкаў). Бел. генетыкі А.​Г.​Давыдзенка, Г.​М.​Палілава зрабілі ўклад у даследаванні праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм раслін. Створана тэарэтычная мадэль узаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры фарміраванні цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. У сельскагаспадарчых культур выяўлена роля ўстойлівасці чужародных цытаплазмаў да біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя. За цыкл прац «Распрацоўка фундаментальных і прыкладных праблем узаемадзеяння ядзернай і цытаплазматычнай генетычных сістэм у раслін» супрацоўнікі Ін-та генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі П.​А.​Арлоў, А.​А.​Валуевіч, Г.​М.​Палілава ў 2002 адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі.

У Ін-це генетыкі і цыталогіі і Ін-це земляробства і кармоў Нац. АН Беларусі праведзены цыкл даследаванняў па ўтварэнні і генетычным вывучэнні новых форм трыцікале. Створаны і вывучаецца новы тып пшанічна-аржаных гібрыдаў — секалатрыцікум (І.​А.​Гардзей). Выкананы фундаментальныя даследаванні па праблемах мутацыйнага працэсу, радыяцыйнай генетыцы, генетычных наступствах Чарнобыльскай катастрофы. Сфарміравана канцэпцыя антымутагенезу (Р.​І.​Ганчарова), выяўлены і вывучаны (І.​Б.​Масэ) некат. радыеахоўныя злучэнні (меланін). Выкананы даследаванні па генетыцы азотфіксавальных бактэрый і створаны штамы, на аснове якіх распрацавана бактэрыяльнае ўгнаенне (М.​А.​Троіцкі). Вядуцца даследаванні па механізмах ракавай анергіі (Г.​В.​Краскоўскі), шэрагу храмасомных і нехрамасомных сіндромаў прыроджаных заган развіцця (Г.​І.​Лазюк), ролі спадчыннасці ў патагенезе спантанных абортаў і анамалій развіцця (Ю.​В.​Гулькевіч, В.​П.​Кулажанка), псіхічных хвароб (Т.​Ц.​Сарокіна), лейкозаў (А.​І.​Свірноўскі) і інш. Наладжана сістэма медыка-генетычнага кансультавання насельніцтва на базе рэсп. медыка-генетычнага цэнтра ў Мінску, адпаведных кансультацый і кабінетаў у абласных гарадах. Фундаментальныя і прыкладныя даследаванні па генетыцы мікраарганізмаў вядуцца ў БДУ (Н.​П.​Максімава, У.​А.​Пракулевіч, Ю.​К.​Фамічоў і інш.), па экалагічнай генетыцы (узаемадзеянне генатыпу раслін з асяроддзем) — у БСГА (А.​У.​Кільчэўскі), па генетыцы збожжавых і зернебабовых — у Ін-це земляробства і кармоў Нац. АН Беларусі, БСГА і БДУ (В.​С.​Анохіна, А.​З.​Латыпаў, М.​П.​Шышлоў і інш.). Даследаванні па розных праблемах генетыкі вядуцца таксама ў НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб Мін-ва аховы здароўя, НДІ жывёлагадоўлі Нац. АН Беларусі, Віцебскім і Мінскім медыцынскіх, Брэсцкім пед. ун-тах, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і інш.

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение и развитие генетики. М., 1988;

Картель Н.А., Макеева Е.Н., Мезенко А.М. Генетика: Энцикл. слов. Мн., 1999;

Хотылева Л.В., Картель Н.А. Генетика // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

М.​А.​Картэль.

т. 18, кн. 2, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×10​15 т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл. Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс. км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.

Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.

Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.

У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс. км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.

Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.

Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.

Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;

Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ. М., 1988.

Г.​В.​Валабуева.

Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)