пакаўзну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Не ўстаяць, не ўтрымацца на коўзкім месцы; паслізнуцца. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка.
2. перан. Разм. Дапусціць памылку ў паводзінах, якіх‑н. дзеяннях. [Бацька:] — Глядзі толькі не пакаўзніся, справа гэта не такая простая. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успрыня́ць, ‑прыму, ‑прымеш, ‑прыме; пр. успрыняў, ‑няла, ‑ло; заг. успрымі; зак., што.
Зразумець, засвоіць. Успрыняць новы метад. □ Бацька зноў закульгаў па кабінеце, прыстукваючы кіем аб падлогу, і не мог ніяк успрыняць, асвоіць адказ сына. Пестрак. // Прарэагаваць пэўным чынам на што‑н. Раёк успрыняў вестку аб звальненні яго з пасады начальніка лесаўчастка знешне спакойна. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папаўне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць поўным; патаўсцець. Шчочкі папаўнелі. □ Ніна ў адзін момант акінула Веру позіркам і з прыемнасцю заўважыла, што тая папаўнела. Сіўцоў. — Люблю піва, — нібыта апраўдваючыся, сказала Лілія Віктараўна і наліла сабе ў фужэр. — Кажуць, ад яго паўнеюць. Вось і я хачу трошкі папаўнець. Васілёнак.
2. Стаць паўнейшым, павялічыцца ад дабаўлення чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распара́дак, ‑дку, м.
Устаноўлены парадак якіх-небудзь спраў, заняткаў і пад. дзе‑н. або на працягу якога‑н. перыяду. — Які распарадак дня сёння? — пытаецца Іларыён Кузьміч. Даніленка. Інтэрнат перайшоў на летні лагерны распарадак. Радкевіч. Праўда, былі нарады, педсаветы, але гэта мала чым парушала той распарадак, да якога Ніна прывыкла з першых дзён работы ў школе. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скланя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.
1. Змяняць па склонах.
2. перан. Разм. Часта ўспамінаць, многа гаварыць пра каго‑, што‑н. (звычайна непрыхільна). Хлопцы нявесела жартавалі і ціха скланялі дырэктара, які не дазволіў нікому з іх весці машыну. Шамякін. [Дубовік:] — Там і цябе скланялі! Не хвалюйся! Сіўцоў.
•••
Скланяць на ўсе лады — тое, што і скланяць (у 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насцеражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; ‑ражым, ‑ражыце, ‑рагуць і насцяро́жыць, ‑рожу, ‑рожыш, ‑рожыць; заг. насцеражы; зак., каго-што.
Выклікаць насцярожанасць, напружаную ўвагу, трывогу. Патруль, каб не насцеражыць нас, увесь час ішоў за намі на адной дыстанцыі, не рызыкуючы аднак затрымаць. Карпюк. — Праходзьце, бацюхна, праходзьце, — сказаў фельчар, як звычайна, але позірк ягоных вачэй насцеражыў Сяргея. Сіўцоў. Маша зноў змаўчала. Гэта насцярожыла Васіля. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацалу́нак, ‑нка, м.
Дакрананне вуснамі да каго‑, чаго‑н. як праяўленне любві, ласкі і пад. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў .. [Лабановіча] шчасцем. Колас. [Міхась] зноў прытуліў .. [Тамару] да сябе, і іх вусны, гарачыя і сухія, зліліся ў доўгім пацалунку. Сіўцоў. Пасля першых пацалункаў і прывітальных слоў, сын.. сказаў: — А ты памаладзела, мама. Шамякін.
•••
Пацалунак Юды — здрадніцкі ўчынак пад маскай добразычлівасці, дружбы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што, чаго і без дап.
Пасеяць у дадатак да ўжо пасеянага. Прысеяць яшчэ грэчкі. □ — Сеяў я, вунь колькі працы ўклаў. Гектары з чатыры жыта на полі стаіць. А што за жыта — каласок у каласок! .. Ну, там і ў лесе прысеяў... Сіўцоў. // Разм. Засеяць. Сяргей з дня ў дзень хадзіў на працадні, «соткі» прысеяў — трохі абжыліся. Кухараў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́жа, ‑ы, ж.
1. Прадукт няпоўнага згарання паліва, які чорным налётам асядае ў комінах, дымаходах і пад. Наталля стаяла ля печы, выцірала фартухом запэцканы сажаю нос і была нейкая безуважная. Сіўцоў.
2. Абл. Хвароба хлебных злакаў. Шаманскі крануўся абвугленага коласа рукою і на пальцах асталася ліпкая тлустая сажа. Дуброўскі.
•••
Галандская сажа — чорная фарба, якая выкарыстоўваецца ў жывапісе, паліграфіі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уко́с, ‑у, м.
1. Касьба, кашэнне. [Дубовік:] — Як мы ні стараліся, так і не маглі дабіцца, каб першы ўкос да жніва скончыць... Сіўцоў. Пасля ўкосу канюшыны суседскія хлапчукі пускалі на свае загоны коней. Кулакоўскі.
2. Колькасць пакошанага сена. [Прыгуменне] было .. зарослае густою травой — няйначай з яго здымалі тры ці чатыры ўкосы сена. Дамашэвіч. Укос Янукоў не вазіць на вазах — Карова адна панясе на рагах. Муравейка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)