ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.
т. 5, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАЎ (Ермалай Максімавіч) (ліп. 1892, в. Кайкава Мінскага р-на — 1942),
удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцыі, патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1914 у арміі. З вясны 1918 старшыня Кайкаўскага падп. падрайкома РКП(б), нач. партыз. атрадаў. У Айч. вайну ўдзельнічаў у стварэнні Мінскага патрыятычнага падполля, наладжваў сувязь з партызанамі. Летам 1942 нам. нач. зоны Варашылаўскага падп. РК КП(б)Б, узначальваў падп. арг-цыю ў Пушкінскім пасёлку Мінска. 7.10.1942 схоплены фашыстамі і закатаваны.
т. 2, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́МБЕРГ,
расійскія кінарэжысёры, мастакі, сцэнарысты, сёстры.
Валянціна Сямёнаўна (2.8.1899—28.11.1975) і Зінаіда Сямёнаўна (2.8.1900—9.2.1983). Засл. дз. маст. Расіі (абедзве 1968). Скончылі ВХУТЭМАС (1925). Удзельнічалі ў стварэнні першых сав. мультфільмаў, з 1937 на кінастудыі «Саюзмультфільм». Знялі фільмы-казкі для дзяцей: «Чырвоная шапачка» (1937), «Кот у ботах» (1938), «Казка пра цара Салтана» (1943), «Сіндбад-мараход» (1944), «Федзя Зайцаў» (1948), «Дзяўчынка ў цырку» (1950), «Тры таўстуны» (1963), «Агонь» (1971), сатыр. фільмы «Вялікія непрыемнасці» (1961), «Новыя вялікія непрыемнасці» (1973) і інш.
т. 3, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Эдуард Ігнатавіч) (н. 13.9.1939, в. Верацеі Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хім. тэхналогіі і тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1968). З 1978 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні працэсаў раздзялення газавадкасных плыняў, стварэнні новых канструкцый цэнтрабежных апаратаў і сепаратараў для ачышчэння і перапрацоўкі збожжа. Дзярж. прэмія БССР 1976.
Тв.:
Расчет промышленных установок для сушки сыпучих и кусковых материалов. Мн., 1992.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 9, с. 433
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙРАКАМП’Ю́ТЭР,
вылічальная сістэма, у аснову якой закладзены нейрасеткавыя прынцыпы функцыянавання. Асн. элемент Н. — нейронная сетка. Спалучае якасці біял. сістэм (напр., навучанне, у т.л. саманавучанне, самаарганізацыя, прыстасавальнасць) з перавагамі выліч. тэхнікі (высокая скорасць апрацоўкі інфармацыі, вял. аб’ём памяці). Работы па стварэнні універсальных Н. вядуцца ў ЗША, Японіі, Расіі. На Беларусі даследаванні па праблемах Н. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Брэсцкім політэхн. ін-це і інш.
У.А.Галаўко, Р.Х.Садыхаў.
т. 11, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЧНІКАЎ (Леў Ільіч) (30.5.1838, С.-Пецярбург — 30.6.1888),
расійскі географ і сацыёлаг. Брат І.І.Мечнікава. Адзін з аўтараў працы «Землеапісанне для народу» (Жэнева, 1868). У 1874—76 чытаў лекцыі па рус. мове ў Такійскім ун-це і вывучаў Японію. З 1876 быў памочнікам Э.Рэклю па стварэнні працы «Усеагульная геаграфія. Зямля і людзі». У 1881 апублікаваў даследаванне пра Японію, у 1889 — працу «Цывілізацыя і вялікія гістарычныя рэкі» (абодва на франц. мове), дзе выказаў тэорыю развіцця цывілізацый пад уплывам спрыяльных прыродных фактараў.
т. 10, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІСАРЫЯ́Т, Белнацком, Белнаком,
аддзел Нар. камісарыята па справах нацыянальнасцяў РСФСР. Існаваў з лют. 1918 да сак. 1919. Распачаў дзейнасць у Петраградзе паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 13.2.1918. З сак. 1918 знаходзіўся ў Маскве. Меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Складаўся з агітацыйна-паліт., культ.-асв., бежанскага, выдавецкага аддзелаў. Працаваў сумесна з беларускімі секцыямі РКП(б). Камісар А.Р.Чарвякоў (да мая 1918). Вёў паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў час 1-й сусв. вайны, адкрываў бел. школы, клубы, выдаваў л-ру на бел. і рус. мовах. Заснаваў у Маскве Беларускі народны універсітэт, удзельнічаў у стварэнні Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве і Беларускага вольна-эканамічнага таварыства ў Петраградзе. Друкаваны орган — газ. «Дзянніца». Прымаў удзел у падрыхтоўцы абвяшчэння БССР, у стварэнні Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Літ.:
Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;
Калубовіч А. «Айцы» БССР і іхны лёс // Калубовіч А. Крокі гісторыі. Беласток;
Вільня. Мн., 1993;
Скалабан В.В. Издательская деятельность Белорусского национального комиссариата (1918—1920 гг.) // История книги, книжного дела и библиографии в Белоруссии: (Сб. науч. тр.). Мн., 1986.
В.У.Скалабан.
т. 2, с. 452
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),
аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.
т. 1, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНІ́ХІН (Андрэй Нічыпаравіч) (28.10.1759, с. Новае Усолле Пермскай вобл., Расія — 5.3.1814),
рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Да 1785 прыгонны графа А.С.Строганава. З 1777 вучыўся ў Маскве жывапісу, а таксама архітэктуры ў В.Бажэнава і М.Казакова. З 1779 у Пецярбургу. Праф. Пецярбургскай АМ (1811—14). Асн. работы ў Пецярбургу: Казанскі сабор (1801—11) і Горны ін-т (1806—11). Прымаў удзел у стварэнні арх. ансамбляў у Паўлаўску і Пецяргофе (цяпер Петрадварэц). Выкарыстоўваў аблегчаныя канструкцыі, натуральныя буд. матэрыялы. Майстар інтэр’ера і малых арх. формаў.
т. 4, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Герасім) (Гераська),
разьбяр па дрэве 17 ст. Нарадзіўся ў г. Дуброўна Віцебскай вобл. Майстэрству разьбы вучыўся ў Куцеінскім Богаяўленскім манастыры пад Оршай. З 1654 працаваў у Іверскім (пад Ноўгарадам), з 1658 у Нова-Іерусалімскім (пад Масквой) манастырах. У 1666 пераведзены ў Аружэйную палату Маскоўскага Крамля. У 1667—68 удзельнічаў у аздабленні царскага Каломенскага палаца. Адзін са стваральнікаў разьбяных іканастасаў 3 цэркваў у Ізмайлаўскай сядзібе цара Аляксея Міхайлавіча. У 1686 удзельнічаў у стварэнні іканастаса царквы Пятра і Паўла ў Маскве.
т. 1, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)