бяро́завік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Бярозавы сок. Нахіліўшыся да нязграбнага асінавага карытца, .. [дзяўчына] чэрпае насатым кубкам халодны бярозавік, маленькімі глыткамі п’е салодкі сок. Стаховіч. Помню: ледзь канчаліся марозы, З выраю вярталіся шпакі, Мы гурбою беглі да бярозы Ставіць пад бярозавік латкі. Гаўрусёў.

2. ‑а. Тое, што і падбярозавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпары́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; заг. адпарыруй; зак.

1. Адбіць удар праціўніка (звычайна пры фехтаванні). Чарапіцкі з месца кінуўся да Барвіны.., але той ужо стаяў на нагах, гатовы адпарыраваць удары. Пестрак.

2. перан. Абвергнуць, адхіліць чые‑н. довады, папрокі. Калі ж дакладчык прабаваў адпарыраваць рэпліку, у пакоі ўспыхваў гучны рогат. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рацыён, ‑у, м.

Норма харчовага забеспячэння для людзей і корму для жывёл. Сутачны рацыён. Уключыць у рацыён. □ [Зося:] — Кармавы рацыён мы разам з заатэхнікам складаеш у залежнасці ад узросту, вагі і прадукцыйнасці каровы. Стаховіч. [Лукаш:] — Цяпер саўгас, усё ўзята пад строгі ўлік. Фуражыр адважыць табе па рацыёну, і ні фунта лішняга. Ермаловіч.

[Ад лац. ratio, rationis — мера, разлік.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),

бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.​Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.​Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.​Ф.​Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.​І.​Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.​С.​Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.​Ц.​Гуляева, П.​З.​Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.​Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.​Купалы, А.​Блока, І.​Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.​Бембеля.

Літ.:

Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.

Н.​В.​Шаранговіч.

А.А.Бембель.
А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.​Ф.​Гастэла. 1943.

т. 3, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эсе́нцыя, ‑і, ж.

1. Канцэнтраваны раствор або моцны настой якога‑н. лятучага рэчыва, які ўжываецца ў харчовай, фармацэўтычнай і парфумернай прамысловасці. Воцатная эсенцыя. □ У будцы прыемна пахне грушавай эсенцыяй; на паліцах.. ляжаць каробкі з часткамі карціны, якую толькі паўгадзіны таму назад прывезлі ў калгас. Стаховіч.

2. перан. Сутнасць чаго‑н.; квінтэсенцыя. Эсенцыя пытанняў. Эсенцыя фактаў.

[Ад лац. essentia — сутнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мату́з, ‑а, м.

Разм.

1. Скручаная вузкая палоска тканіны, шнурочак для завязкі. Суконным тугім матузом Кустам завязалі галовы, Каб вецер дрыготкі і гром З іх цвет не атрэслі ліловы. Калачынскі.

2. пераважна мн. (матузы́, ‑оў). Завязкі ў фартуху, шапцы-вушанцы і пад. Зося спрабавала завязаць непакорлівыя матузы халата, але рукі дрыжалі, матузы выслізгвалі з пальцаў. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сігна́льшчык, ‑а, ж.

1. Той, хто падае і прымае якія‑н. сігналы. Партызаны-сігнальшчыкі.. спецыяльна былі выстаўлены ўсцяж усёй седлавіны дарогі. М. Ткачоў. Пакуль калгаснікі запаўнялі бак рассявальнага апарата, лётчык праводзіў інструктаж сігнальшчыкаў. Стаховіч.

2. Матрос ці старшына, які вядзе назіранне за морам і паветранай прасторай і прымае і перадае сігналы. Дакладна працуе сігнальшчык — У мора выходзіць тральшчык. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкала́, ‑ы, ж.

1. Лінейка або табліца з дзяленнямі ў розных прыборах. Музыка абарвалася, і збянтэжаны Валерый пачаў ганяць стрэлку па асветленай шкале прыёмніка. Стаховіч. Я зазірнула на шкалу [тэрмометра], чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.

2. Сістэма лікаў, пераменных велічынь ва ўзыходным і сыходным парадку, прынятых для вымярэння, вызначэння, ацэнкі і пад. Шкала тэмпературы. Шкала заработнай платы.

[Ад лац. scala — лесвіца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валэ́ндацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Доўга важдацца з кім‑, чым‑н. [Юстын:] — Ну, сам падумай: толькі і ведай, што цягай з крыніцы ваду, ды з харчамі валэндайся. Стаховіч.

2. Хадзіць, пераходзіць з месца на месца без асаблівай патрэбы, прычыны; бадзяцца, валачыцца. [Антось:] — Запрагай, і каб мне.. тут ніхто лішні не валэндаўся. Бажко. Адны [людзі] працуюць, другія валэндаюцца па вуліцы без работы. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тамлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які выклікае тамленне, прымушае таміцца (у 2 знач.). Тамлівы дзень. Тамлівае маўчанне. □ Луг, на якім два дні таму назад панавала тамлівая цішыня, расквітнеў зараз стракатымі плаццямі жанчын, напоўніўся тарахценнем касілак, рытмічным шчоўканнем конных грабляў. Стаховіч. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. Колас. Міканор .. прыглядаўся да падрослых куранёўскіх дзяўчат — прыглядаўся з цікавасцю, з тамлівым прадчуваннем нязнанага шчасця. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)