СІЛЬВІНІ́Т,

саляная асадкавая горная парода, якая ўяўляе сабой шчыльную агрэгатную сумесь крышталяў сільвіну (15—60%) і галіту (25—85%), а таксама растваральных карналіту (5—10% і болей), лангбейніту, кізерыту і інш. і нерастваральных — гліны, карбанатаў, ангідрыту і інш. прымесей. Афарбоўка чырвоная і стракатая. Чырванаколерныя С. маюць мікра-, дробна- і сярэднезярністую структуру, слаістую тэкстуру; страката-колерныя С. — сярэдне- і буйназярністую структуру, плямістую і масіўную тэкстуру і характэрныя для іх сінія крышталі галіту. Утвараецца пераважна хемагенным шляхам у выніку выпадзення хларыду калію (КСІ) і хларыду натрыю (NaCl) у асадак у басейнах павышанай салёнасці (прыбярэжнамарскога і лагуннага тыпу) ва ўмовах арыднага клімату пры выпарэнні або ахаладжэнні рапы. Радовішчы ў Канадзе, Расіі, Германіі, Казахстане, ЗША, на Украіне і інш. На Беларусі паклады С. ў Прыпяцкім саляносным басейне. Распрацоўваецца Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей, разведана Петрыкаўскае радовішча калійных солей.

Э.​А.​Высоцкі.

т. 14, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыспе́рсія

(лац. dispersio = рассейванне)

раскладанне, раздзяленне, рассейванне (напр. д. святла, д. мінеральных солей у глебе).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

віра́ж-фікса́ж

(ад віраж + фіксаж)

раствор солей, які надае стойкасць фотаадбітку і змяняе яго колер.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ДУГАВА́Я ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца святла, якое ўзнікае пры гарэнні электрычнай дугі паміж вугальнымі электродамі. Найб. пашыраны Д.л. высокай інтэнсіўнасці, дадатны электрод якіх мае кнот (пераважна з солей рэдказямельных элементаў). Яркасць лямпы да 2000 Мкд/м². Выкарыстоўваецца ў пражэктарах, кінапраекцыйных апаратах і інш. Вынайдзена П.​М.​Яблачкавым у 1876 («свечка Яблачкава»).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУРГІ́Я (ад гала... + грэч. ergon справа),

галіна хім. тэхналогіі, якая вывучае фарміраванне і будову саляных радовішчаў, фізіка-хім. ўласцівасці саляной сыравіны, метады здабычы і перапрацоўкі прыродных солей.

Асн. прадукты галургіі — кухонная соль, натрыю сульфат, калію хларыд, калію сульфат, солі магнію, літыю, злучэнні бору, брому, ёду. Атрымліваюць з прыродных руд і расолаў шляхам растварэння, выпарэння, крышталізацыі, флатацыі. Значную ролю ў развіцці навук. асноў галургіі адыгралі працы Я.Х. вант Гофа, М.С.Курнакова, У.​П.​Ільінскага, А.​Б.​Зданоўскага, У.​В.​Вязавова, А.​Дз.​Кашкарова і інш.

На Беларусі даследаванні па галургіі праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі АН, Бел. тэхнал. ун-це, Ін-це Белгорхімпрам. Знаходзяцца найбуйнейшыя ў Еўропе Старобінскае і Капаткевіцка-Петрыкаўскае радовішчы сільвініту і галіту з агульным запасам солей больш за 10 млрд. т. На базе Старобінскага радовішча працуе ВА «Беларуськалій», якое выпускае калійныя ўгнаенні.

Літ.:

Галургия: Теория и практика. Л., 1983.

М.​І.​Вараб’ёў.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНАКО́КІ,

парныя бобападобныя, нерухомыя, грамадмоўныя, гнаяродныя бактэрыі, якія не ўтвараюць спор; узбуджальнікі хвароб чалавека. Адкрыты ням. вучоным А.​Нейсерам (1879). Выклікаюць гнойныя захворванні слізістых абалонак мочапалавых органаў (ганарэя) і вачэй (бленарэя); могуць пашкоджваць суставы, залозы і эндакард. Ганакокі гінуць пры высушванні, награванні да 40—45 °C, пад уздзеяннем солей серабра, антыбіётыкаў і інш.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крапла́к

(ням. Krapplack)

сумесь алюмініевых і кальцыевых солей алізарыну, з якой вырабляюць паліграфічныя і акварэльныя фарбы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэкальцына́цыя

(ад дэ- + лац. calx, calcis = вапна)

знікненне солей кальцыю з касцявой тканкі пры некаторых захворваннях.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІЗА́ТАРЫ,

рэчывы, якія паскараюць хім. рэакцыі ці выклікаюць іх, але не ўваходзяць у састаў прадуктаў рэакцыі. Адрозніваюць К. гамагеннага і гетэрагеннага каталізу. Тыповыя К. для гамагеннага каталізу — пратонныя і апратонныя к-ты, асновы, некат. комплексы металаў, для гетэрагеннага — металы, аксіды металаў, сульфіды і інш. Біял. К. наз. ферментамі.

У прам-сці выкарыстоўваюць К., якія маюць высокую каталітычную актыўнасць і селектыўнасць, тэрмаўстойлівасць, мех. трываласць, лёгка рэгенерыруюцца, устойлівыя да ўздзеяння каталітычных ядаў — рэчываў, што часткова ці цалкам падаўляюць каталітычную актыўнасць, а таксама маюць працяглы тэрмін выкарыстання. Асн. ўласцівасці К. фарміруюцца ў працэсе іх сінтэзу, вызначаюцца хім. саставам ці ўплывам прамотараў — рэчываў, дабаўленне якіх у К. павялічвае яго актыўнасць, селектыўнасць і ўстойлівасць. Атрымліваюць К. асаджэннем з водных раствораў солей з наступным награваннем утвораных злучэнняў, тэрмічным раскладаннем цвёрдых солей, нанясеннем актыўнага кампанента на носьбіт, механахім. і інш. метадамі.

Літ.:

Мастерс К. Гомогенный катализ переходными металлами: Пер. с англ. М., 1983;

Технология катализаторов. 3 изд. Л., 1989.

У.​С.​Камароў.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)