ВЯЛІ́КАЯ ГІ́ЛЬДЫЯ,

прывілеяванае саслоўнае аб’яднанне буйных купцоў і ўладальнікаў нерухомасці (пераважна немцаў) у 14—19 ст. у прыбалтыйскіх гарадах. Узнікла ў сярэдзіне 14 ст. ў гарадах Лівоніі — Таліне, Рызе, Тарту і інш. на ўзор ням. гарадоў. Уплывала на дзейнасць гар. савета (рата або магістрата), які папаўняўся ў парадку кааптацыі толькі членамі Вялікай гільдыі. Праіснавала да ўвядзення агульнарас. гарадавога палажэння ў 1877 і часткова да суд. рэформы ў Прыбалтыцы ў 1889.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЦЫЯ́ЛЬНЫ ФОНД (European Social Fund),

фонд Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, накіраваны на павышэнне занятасці ў краінах — членах Супольнасці праз аказанне фін. дапамогі ў перападрыхтоўцы і перасяленні рабочых. Засн. ў 1959; у выніку рэформы 1971 больш дакладна вызначаны прыярытэты яго дзейнасці. Фонд дае субсідыі для развіцця прафес. адукацыі, фінансавання праграм павышэння занятасці, развіцця галін, якія перажываюць спад, дапамогі ў працаўладкаванні імігрантам. жанчынам. Вялікая ўвага аддаецца фінансаванню праграм па ўладкаванні моладзі.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЁННАЯ ПАЛА́ТА,

губернскі орган Мін-ва фінансаў па дэпартаменце дзярж. казначэйства Рас. імперыі ў 1775—1917. Складалася з кіраўніка (да 1845 ім быў віцэ-губернатар, пазней — прызначаны старшыня) і паўкалегіяльнай канцылярыі з назначаных дарадцаў, асэсараў, губ. казначэя. Мела аддзяленні: гаспадарчае, лясное, піцейных збораў, казначэйскае, кантрольнае. У выніку рэформы 1863 функцыі К.п. зведзены да вузка фінансавых пытанняў (размеркаванне прамых падаткаў, таргі на казённыя падрады, рэвізія казначэйстваў).

В.​В.​Швед.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІВЕ́ЙША (Алена Іванаўна) (н. 5.12.1932, хутар Львоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987), праф. (1988). Скончыла Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1954). З 1967 працуе ў Бел. дзярж. эканам. ун-це. Даследуе праблемы эканомікі кормавытворчасці і агр. рэформы ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі. Аўтар навуч. дапаможнікаў па эканоміцы АПК.

Тв.:

Повышение экономической эффективности кормопроизводства. Мн., 1980;

Организация отрасли кормопроизводства. Мн., 1984.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДААФГА́НЦЫ,

удзельнікі нац.-асв. руху ў Афганістане ў 1-й трэці 20 ст. Выступалі за нац. незалежнасць Афганістана, асвечаную манархію, пашырэнне свецкай адукацыі. Гал. ідэолагі М. — Махмуд Тарзі і Абдулгані. Іх падтрымліваў эмір Афганістана Аманулахан [1919—29]. М. займалі важныя пасады ва ўрадзе Аманулы, але крытыкавалі яго за паспешныя і непрадуманыя рэформы. Пасля падзення рэжыму Аманулы ў 1929 сышлі з паліт. арэны.

Літ.:

Очильдиев Д.Я. Младоафганское движение (1900—1929). Ташкент, 1985.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАСТА́ЎНІЦКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

выданне асветнікаў Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1945 у Мінску на бел. мове (да 1957—1 раз, з 1958—2 разы, з 1998—3 разы на тыдзень). Асвятляе праблемы адукацыі і выхавання, пытанні пед. навукі і практыкі, аналізуе развіццё пед. думкі ў Беларусі, інфармуе аб правядзенні рэформы агульнаадук. школы, пераўладкаванні прафесійнай і вышэйшай школы, пра сістэму адукацыі ў краінах замежжа. Адрасавана настаўнікам, выкладчыкам, навукоўцам, навучэнцам, студэнтам, а таксама бацькам.

т. 11, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЯ́ШСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ і Польшчы ў 16—18 ст. з цэнтрам у г. Драгічын-Надбужскі. Утворана ў 1520. Складалася з Бельскага, Берасцейскага, Драгічынскага, Камянецкага, Кобрынскага, Мельніцкага пав. Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 Берасцейскі, Камянецкі і Кобрынскі пав. ўвайшлі ў Брэсцкае ваяв. Напярэдадні Люблінскай уніі 1569 П.в. адышло да Польшчы. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) увайшло ў склад Прусіі. Гл. таксама Падляшша.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛЕТА́РЫІ (лац. proletarii ад proles патомства, г. зн. немаёмны, які мае толькі патомства) антычныя, у Старажытным Рыме паводле рэформы цара Сервія Тулія — найніжэйшы немаёмны слой грамадзян, якія не ўваходзілі ў склад 5 класаў (ці разрадаў) рым. абшчыны; выстаўлялі ў нар. апалчэнне адну цэнтурыю і мелі адзін голас (з 193) у каміцыях (нар. сход). З 1 ст. П. — дэкласаваныя слаі грамадства, якія жылі за кошт падачак дзяржавы і багацеяў.

т. 12, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН АНЬШЫ́, Ван Цзэфу (1021—86),

дзяржаўны дзеяч Кітая, вучоны, пісьменнік. У 1069 саветнік пры двары, у 1070—74 і 1075—76 — 1-ы міністр. Увёў новы кадастр з мэтай упарадкавання падатковай сістэмы, дзярж. крэдытавання сялян пад ураджай, рэкруцкі набор, спрабаваў рэгуляваць рыначныя цэны. Рэформы адпавядалі інтарэсам дробных і сярэдніх памешчыкаў, часткова сялян. У выніку супрацьстаяння буйных феадалаў большая ч. рэформаў Ван Аньшы ў 1085 была скасавана. Аўтар прац па тэалогіі, гісторыі кіт. літаратуры.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАН МАН (45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),

старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплю-продаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.

т. 3, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)