ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў для розных галін вытворчасці і сацыяльна-культурнай сферы; састаўная частка сістэмы адукацыі. Уключае дапрафес. этап (прафесійная арыентацыя, прафес. адбор), прафесійна-тэхнічную адукацыю, сярэднюю спецыяльную адукацыю, вышэйшую адукацыю. Накіравана на авалоданне асобай пэўнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, садзейнічае прафес. станаўленню і развіццю асобы. Забяспечвае кваліфікацыйную структуру эканамічна актыўнага насельніцтва (гл. Кваліфікацыя), фарміруе рынак працы, уздзейнічае на гасп. працэсы, стан культуры і навукі. З 1990-х г. развіваецца дыстанцыйная форма П.а. з выкарыстаннем інфарм. тэхналогій.

Э.​М.​Каліцкі.

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жывадзёр ’жорсткі, бязлітасны, скупы чалавек’ (ТСБМ). Рус. живодер ’асоба, што прафесійна займаецца забоем жывёл, здзіраннем з іх скуры, скуралуп’, ’жорскі, бязлітасны, скупы чалавек’, славац. (< рус.) živoder ’жывадзёр’, славен. živodèr ’скуралуп’, серб.-харв. живо̀дер ’скуралуп’, балг. дыял. живодерец, живодѐрник ’ліхвяр’. Ст.-рус. живодеръ (1646 г.) ’скура-луп’. Захаванне ў бел. толькі пераноснага значэння ўказвае на магчымасць запазычання яго з рус. (як і славац.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

спецыялі́ст

(лац. specialis = асаблівы)

асоба, якая валодае прафесійна спецыяльнымі ведамі і навыкамі ў якой-н. галіне навукі, тэхнікі, вытворчасці, мастацтва; майстар сваёй справы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГАРНА́К Анатоль Міхайлавіч (н. 2.1.1936, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Канд. эканам. н. (1971), праф. (1992). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1959). З 1984 нам. старшыні Дзярж. к-та БССР па прафтэхадукацыі, з 1988 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. Даследуе сац.-эканам. праблемы падрыхтоўкі кадраў, арг-цыі навучальна-выхаваўчага працэсу ў сістэме прафтэхадукацыі. Аўтар манаграфіі «Эканамічныя пытанні падрыхтоўкі механізатарскіх кадраў» (1973), падручнікаў «Экскватары» (2-е выд. 1978), «Меліярацыйныя машыны» (1991), «Арганізацыя і тэхналогія меліярацыйных работ» (1992, усе з Я.​Я.​Шостакам), дапаможнікаў па методыцы навучання ў сістэме прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спец. адукацыі.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМЕ́СНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

прафесійна-тэхнічныя навуч. ўстановы ў СССР для падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых. Існавалі ў 1940—59. Створаны замест школ фабрычна-заводскага вучнёўства адначасова са школамі фабрычна-заводскага навучання. Рыхтавалі металургаў, гарнякоў, нафтавікоў, работнікаў марскога і рачнога транспарту, прадпрыемстваў сувязі і інш. Прымаліся асобы ва ўзросце 14—15 гадоў з 7-гадовай адукацыяй, пераважна гарадская моладзь. Тэрмін навучання 2 гады. Падлеткі знаходзіліся на дзярж. забеспячэнні. З 1943 дзейнічалі спец. Р.в. з 4-гадовым тэрмінам навучання для сірот, дзяцей воінаў, якія загінулі на фронце, і партызан. На Беларусі ў 1940 было 15 Р.в. Пераўтвораны ў прафес.-тэхн. вучылішчы.

т. 13, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУБЛІКА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т ПРАФЕСІ́ЙНАЙ АДУКА́ЦЫІ.

Засн. ў 1993 у Мінску на базе Рэсп. ін-та павышэння кваліфікацыі работнікаў нар. адукацыі. У 2003/04 навуч. г. ў ін-це дзейнічаюць: ф-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў прафес. адукацыі; адукац. цэнтры «Індустрыяльна-педагагічны каледж» і «Прафесійна-тэхнічны каледж»; цэнтры развіцця прафес. адукацыі, выхаваўчай работы, інфарм.-аналітычны, вучэбнай кнігі прафес. адукацыі; упраўленні метадычнага забеспячэння прафес.-тэхн. адукацыі і сярэдняй спец. адукацыі; аддзел метадычнага забеспячэння агульнай сярэдняй адукацыі. Ф-т ажыццяўляе павышэнне кваліфікацыі кіруючых і пед. работнікаў навуч. устаноў прафес. адукацыі, а таксама перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі па спецыяльнасцях: прафес. навучанне, сац. педагогіка, практычная псіхалогія, менеджмент у сферы адукацыі; на базе сярэдняй спец. адукацыі рыхтуюць кадры па спецыяльнасці «прафесійнае навучанне» з кваліфікацыяй «майстар вытворчага навучання». Вядуцца навук. даследаванні па праблемах: развіццё прац. рэсурсаў у сістэме прафес. адукацыі краіны; удасканаленне якасці прафес. адукацыі; кіраўніцтва інавацыйнай дзейнасцю ўстаноў прафес.-тэхн. і сярэдняй спец. адукацыі; распрацоўваюцца канцэпцыі і праграмы развіцця прафес.-тэхн. і прафес.-пед. адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, макеты адукац. стандартаў па розных спецыяльнасцях і інш. Выдаецца час. «Майстэрства». Апублікаваны працы: «Педагагічная сістэма вытворчага навучання ва ўмовах бесперапыннай шматузроўневай падрыхтоўкі» А.​Х.​Шкляра (1997), «Трансфармацыя прафесійнай адукацыі ў сучасным грамадстве» Э.​М.​Каліцкага (1997), «Адукацыя на мяжы стагоддзяў» М.​І.​Латыша (2-е выд. 2000), «Спецыяліст, майстар, прафесіянал: тэорыя і практыка мадэліравання» (2000), «Культура прафесійна-педагагічнай дзейнасці» Л.​Л.​Молчана (2001), «Праектаванне зместу прафесійнай адукацыі: тэорыя і практыка» М.​В.​Ільіна (2002), «Асноўныя палажэнні тэорыі прафесійнай адукацыі» (2003) і інш. У ін-це працуюць д-ры пед. навук М.І.Латыш, А.Х.Шкляр, А.Х.Шкляр.

т. 18, кн. 1, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «ВЕ́ДЫ»,

грамадскае, навукова-асв. таварыства. Засн. 29.3.1948 у Мінску як рэсп. аддзяленне Усесаюзнага т-ва па пашырэнні паліт. і навук. ведаў; з 1963 т-ва «Веды» ў складзе Усесаюзнага т-ва «Веды». З 1991 сучасная назва. Чл. Міжнар. асацыяцыі «Веды» (з 1991). Аб’ядноўвае вучоных, выкладчыкаў, спецыялістаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі. Мэта: садзейнічанне прафесійна-эканам., прававой, паліт., экалагічнай адукацыі насельніцтва Беларусі, развіццю духоўнай культуры, інфармаванне па пытаннях дэмакр. пераўтварэнняў, дзейнасці цэнтр. і мясц. органаў улады і кіравання. Праводзіць лекцыі, канферэнцыі, праблемныя «круглыя» сталы і інш. Працуюць курсы, школы прафесійнай падрыхтоўкі, лекторыі. Дзейнічаюць рэсп., абл., гар. і раённыя арг-цыі т-ва.

К.​К.​Украінец.

т. 2, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЭ́Й (ад грэч. Lykeion),

сярэдняя агульнаадукацыйная навуч. ўстанова ў некаторых краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, Афрыкі. У Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. саслоўная прывілеяваная сярэдняя або вышэйшая навуч. ўстанова для дзяцей дваран, якая рыхтавала дзярж. чыноўнікаў для ведамстваў, гал. чынам для Мін-ва ўнутр. спраў. Найб. вядомыя Царскасельскі (1811—1917; з 1844 наз. Аляксандраўскі і пераведзены з Царскага Сяла ў Пецярбург), Дзямідаўскі ў Яраслаўлі (1803—1918), Рышэльеўскі ў Адэсе (1817—65), Крамянецкі (1819—34), Нежынскі (1820—75). Пасля 1917 ліквідаваны. У 1990 адроджаны. У Беларусі Л. — прафесійна арыентаваная ступень сярэдняй школы з тэрмінам навучання 2—4 гады, існуюць звычайна пры ВНУ (у 1998/99 навуч. г. 26 Л.). Гал. іх задача — мэтанакіраваная падрыхтоўка будучых студэнтаў.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Спецыяльная адукацыя, гл. Вышэйшая адукацыя, Сярэдняя спецыяльная адукацыя, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

liceum

н. ліцэй; тэхнікум; вучэльня; вучылішча;

liceum zawodowe — прафесійна-тэхнічная вучэльня;

liceum ogólnokształcące — агульнаадукацыйная школа

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)