УША́ЦКІ БОЙ 1942,

бой па разгроме фаш. гарнізона ў г.п. Ўшачы партыз. атрадаў брыгады Чашніцкай «Дубава» (кіраўнік Ф.​Ф.​Дуброўскі) і атрада М.​М.​Нікіціна 28 вер. ў Вял. Айч. вайну. За тыдзень да аперацыі партызаны правялі разведку боем і ў ноч на 28 вер. нанеслі першы ўдар, увечары пачалі штурм умацаваных пазіцый гарнізона, авалодалі будынкам камендатуры. паліцэйскай управы, разграмілі турму. выратавалі вязняў, спалілі склад з фуражом; цяжкія баі для партызан адбыліся пры авалоданні будынкам школы і з прыбыўшым з Лепеля падмацаваннем гітлераўцам. У выніку баёў ням. гарнізон панёс вял. страты, таму ў нач. кастр. яго рэшткі пад аховай матарызаваных падраздзяленняў вермахта эвакуіраваны ў г. Лепель, а Ушачы занялі партызаны, якія пакінулі ў пасёлку гарнізон на чале з У.​С.​Максімовічам.

У.​С.​Пасэ.

т. 16, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ЗВІНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада «Мсцівец» (камандзір М.​А.​Сакмаркін) Сіроцінскай брыгады па разгроме ням.-фаш. гарнізона (каля 70 гітлераўцаў) на чыг. ст. Язвіна Сіроцінскага р-на на лініі Полацк—Віцебск 29.7.1942 у Вял. Айч. вайну. Пад прыкрыццем вайск. эшалона, які рухаўся на У. партызаны наблізіліся да вакзала і адкрылі агонь па будынку станцыі, закідалі гранатамі інтэрнат аховы, штурмам захапілі вакзал, абстралялі эшалон, які неўзабаве падарваўся на міне, пастаўленай партызанамі. Засада перашкодзіла паліцэйскім размешчанага непадалёку гарнізона (25 чал.) аказаць дапамогу ахове станцыі; падмацаванне гарнізону на бронедрызіне з боку ст. Сіроціна не змагло падысці з-за ўзарванага пуці. Партызаны разбурылі ўсю станцыйную гаспадарку, апаратуру, знішчылі каля 100 м чыг. палатна, пашкодзілі 300 м тэлеф. сувязі. У выніку аперацыі рух паяздоў па чыг. лініі быў спынены на 2 сутак.

т. 18, кн. 1, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

наско́чыць, -ко́чу, -ко́чыш, -ко́чыць; зак.

1. на каго-што. З ходу, з разгону наткнуцца на каго-, што-н.

Н. на плот.

2. на каго (што). Раптоўна накінуцца, напасці на каго-н.

Мядзведзь наскочыў на чалавека.

3. Нечакана з’явіцца (прыехаць, прыйсці і пад.).

Партызаны наскочылі з лесу.

4. перан. Раптоўна ўзнікнуць, пачацца і г.д. (пра вецер, мяцеліцу і пад.).

Наскочыў мароз.

5. Пра час, пару года: хутка надысці, настаць (разм.).

А тут і жніво наскочыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГО́РВАЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

разгром партызанамі часцей ням.-фаш. арміі ў в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. 18 ліст. ў Вял. Айч. вайну. Праведзена партыз. брыгадамі «Жалязняк» (камандзір В.​І.​Шаруда), імя Панамарэнкі (І.​І.​Бандарэнка) і 108-м партыз. атрадам імя Катоўскага (М.​А.​Трусноў) у ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. Задача аперацыі — перакрыўшы дарогу з Рэчыцы на Горваль і Шацілкі, не прапусціць часці гітлераўцаў, якія адступалі ў напрамку Бабруйска. У ходзе аперацыі партызаны пад кіраўніцтвам камісара партыз. брыгады імя Панамарэнкі Я.​Р.​Садовага імклівай атакай уварваліся ў Горваль і разграмілі праціўніка, захапілі танкі, бронемашыны, артылерыю, 110 аўтамашын з боепрыпасамі, прадуктамі і абмундзіраваннем. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі захапіць Горваль, але партызаны моцна ўтрымлівалі свае пазіцыі на працягу 5 сутак да падыходу часцей Чырв. Арміі. У гонар баявых дзеянняў партызан у Горвалі ў 1977 пастаўлены абеліск.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст. — снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІБО́ЦКІЯ БАІ́ 1942, 1943,

баі паміж партыз. атрадамі брыгады імя Сталіна і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Налібакі Івянецкага р-на 9.6.1942 і 8.5.1943 у Вял. Айч. вайну. 9.6.1942 партыз. атрад 125-ы (камандзір С.​А.​Рыжак) пасля разгрому паліцэйскага ўчастка ў в. Налібакі ўступіў у бой з карнікамі, якія вярталіся з в. Рубяжэвічы. У выніку двухгадзіннага бою ў в. Налібакі партызаны спалілі валасную ўправу, магазін, паліцэйскія сталовую і пякарню, захапілі грузавую і легкавую аўтамашыны, шмат зброі і боепрыпасаў. У ноч на 8.5.1943 партыз. атрады імя Дзяржынскага, імя Суворава і «Бальшавік» пад кіраўніцтвам камандзіра брыгады П.​І.​Гулевіча разграмілі гарнізон (каля 250 гітлераўцаў) у в. Налібакі. Пасля артыл.-мінамётнага абстрэлу гарнізона партызаны перайшлі ў атаку. У выніку яны спалілі ўсе ўстановы акупантаў, у т. л. электрастанцыю, лесазавод, казарму, захапілі шмат зброі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДАЯ́ВАРСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,

баі партыз. атрадаў Ленінскай брыгады супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Руда Яварская Казлоўшчынскага р-на ў Вял. Айч. вайну. На працягу 1942—44 партызаны некалькі разоў грамілі гарнізон ворага ў вёсцы. У кастр. 1942 сюды прыбыў паліцэйскі батальён для арганізацыі гарнізона з мэтай паралізаваць дзеянні партызан у навакольных лясах. Ноччу 25 кастр. партыз. атрады 3649-ы (камандзір Б.​А.​Булат) і Арлянскі (М.​Р.​Вахонін) акружылі вёску і пасля артыл. падрыхтоўкі раніцай выбілі з яе праціўніка. Да сак. 1944 Рудаяварскі ням. гарнізон (130 чал.) быў умацаваны траншэямі з кулямётнымі гнёздамі, меў 5 бункераў. 19.3.1944 партызаны атрада «Ленінскі» (камандзір В.​С.​Біцько) з дапамогай мясц. жыхароў праніклі ў размяшчэнне праціўніка і без бою захапілі 4 бункеры. Жорсткі бой каля 5-га бункера і ў будынку школы вымусіў партызан адысці.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

аперацыя партыз. злучэнняў Віцебскай вобл. па разгроме буйных фаш. гарнізонаў у тыле ням. 3-й танк. арміі з мэтай дэзарганізацыі кіравання і абароны праціўніка, адцягвання часткі яго сіл з віцебскага ўчастка Калінінскага (з 20 кастр. 1-ы Прыбалтыйскі) фронту 19—22 кастр. ў Вял. Айч. вайну. У аперацыі ўдзельнічала больш за 20 партыз. брыгад і палкоў Віцебскай і Мінскай абл. пад агульным камандаваннем ген.-маёра Ф.Ф.Дуброўскага. Партызаны правялі цяжкія баі за г. Лепель (гл. Лепельскі бой 1943), Чашнікі (гл. Чашніцкія баі 1943), в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943), поўнасцю разграмілі 9 гарнізонаў ворага ў вёсках. Ім дапамагалі мясц. жыхары, якія капалі процітанк. равы, разбуралі дарогі, рабілі на іх завалы. Выканаўшы задачу, партызаны адышлі з раёнаў баявога сутыкнення з праціўнікам і распачалі ўдары па яго камунікацыях. У выніку Л.а. таксама сарвана буйная карная аперацыя захопнікаў.

У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну.

Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс. км². Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп. газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.

т. 7, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

назапа́сіцца, ‑пашуся, ‑пасішся, ‑пасіцца; зак.

Запасціся чым‑н. у вялікай колькасці. Назапасіцца дрывамі. □ Не хапала зброі, і партызаны вырашылі напасці на нямецкі гарнізон, каб назапасіцца гранатамі, патронамі. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)