бел. рытуальнае печыва. Пяклі з нагоды прылёту буслоў, дзень сустрэчы якіх прыпадаў на Дабравешчанне. Выпякалі галёпы з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы; маглі імітаваць фігурку бусла, бусліную лапу, мець форму сахі, бараны і інш. Выяву часам выціскалі на печыве зверху. Пяклі галёпы напярэдадні або ў дзень Дабравешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне галёпаў — сустрэча ці кліканне буслоў. Вядомы на Зах.Палессі, Гродзеншчыне, Піншчыне, на Навагрудчыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,
масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел.Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКЕ́ВІЧ (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 5.5.1934, в. Дулебы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Творы вылучаюцца багаццем і насычанасцю колеравай гамы: «Возера» (1962), «Па родных прасторах» (1963), «Свята песні» (1969), «Азёрныя далі» (1970), «Юнацтва» (1971), «Вясна на Гомельшчыне» (1972), «На Палессі» (1976), «Пасля дажджу» (1977), «На Прыпяці» (1978), «Блакітны красавік», «Над роднымі прасторамі» (абодва 1980), «Лета» (1982), «Свята на нашай вуліцы» (1984), «Рэквіем» (1987) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НТУХ (Columna oenas),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі пералётны від; сустракаецца ўсюды, найб. на Палессі. Жыве пераважна ў старых лісцевых і мяшаных увільготненых лясах; чароды трапляюцца на лугах, палях, выганах.
Даўж. да 33 см, маса да 340 г. Апярэнне шаравата-шызае, шыя і валлё з метал. бляскам, дзюба белая або жаўтаватая. Корміцца насеннем травяністых раслін. Гняздуецца ў дуплах, зрэдку на галінах асіны, вольхі, дуба, ліпы, хвоі. Нясе 2 яйцы (двойчы за год).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТА́ЎКА,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада ў выглядзе адкрытага зверху і знізу ўсечанага конуса. Архаічны тып — плеценая з дубцоў, пазнейшы — сеткавая на драўляным каркасе (рабіўся з двух злучаных прутамі абручоў). Каркас абцягвалі адной густой і адной або дзвюма рэдкімі сеткамі. Н. рыбачылі ў зарослых травой і зеллем вадаёмах; невял. Н. лавілі ў брод, вял. — з лодкі. Н. вертыкальна апускалі на дно і як бы абгароджвалі ім рыбу. якую заганялі шастом або вяслом у сетку. Была пашырана на Палессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч.Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ ШЭ́РАЯ (Anser anser),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.
Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА,
1) у беларусаў традыц. прылада для зімовай лоўлі рыбы. Пасудзіна з конусападобна ўвагнутым дном з адтулінай (горлам) пасярэдзіне. Выраблялі з драніцы, лубу, выпляталі з дубцоў; часта выкарыстоўвалі старыя рашоты, дно якіх замянялі мешкавінай, горла падтрымлівалася вяровачкамі, прымацаванымі да верхняга краю рашот. Устанаўлівалі ў палонках, якія разам з К. закрывалі галінкамі, каб вада не замярзала. Рыба, якая імкнулася да свежай вады, заплывала ў К. Пашырана на Палессі.
2) Ёмістасць для ручной сяўбы; тое, што сявенька.
3) Ёмістасць для захоўвання і пераноскі зерня, круп і інш. сыпучых рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ (Фелікс) (1802, Мазыршчына — 1863),
удзельнік паўстання 1830—31. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У маі 1831 узначаліў паўстанне ў Мазырскім пав. У створаны ім паўстанцкі атрад уваходзілі сяляне, шляхта, чыноўнікі. У чэрв. 1831 пасля няўдалай спробы захапіць Мазыр, атрад вымушаны быў перанесці дзеянні ў Рэчыцкі пав. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Галіцыю. У 1833 у Францыі. Удзельнічаў у паліт. жыцці польскай эміграцыі. Паводле некат. звестак у 1835—39, 1844—46 быў эмісарам на Палессі, у Галіцыі, на Валыні, у Коўне. У 1857, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СКА (Mustela nivalis),
млекакормячая жывёла сям. куніцавых атр. драпежных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі падвід Л. сярэдняруская (M.n. nivalis), трапляецца на Палессі. Жыве на ўзлесках, у зарасніках па берагах вадаёмаў, каля жылля.
Даўж. цела да 28 см, хваста да 9 см, маса да 250 г. Цела тонкае, гнуткае, галава невял., вушы кароткія, шырокія. Поўсць кароткая, густая, пушыстая, зімой белая, летам на спіне светла-бурая, знізу жаўтавата-белая. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, радзей земнаводнымі, паўзунамі, птушкамі і іх яйцамі. Гнёзды ў норах. У прыплодзе 3—10 дзіцянят.