БЛАГАВЕ́ШЧАНСКІ (Аляксей Сяргеевіч) (18.10.1909, г. Брэст — 25.5.1994),

савецкі ваенны дзеяч. Герой Сав. Саюза (1938), ген.-лейт. авіяцыі (1943). Скончыў Курскі прамысл.-эканам. тэхнікум, Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1928), Барысаглебскую школу лётчыкаў (1929), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі Генштаба (1939). У Сав. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. барацьбы Кітая супраць японскіх захопнікаў у 1937, у час якой камандаваў авіяц. групай знішчальнікаў, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Далёкаўсх., Ленінградскім, Калінінскім, 1-м Прыбалтыйскім, 1-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір знішчальнага авіякорпуса. Удзельнічаў у вызваленні Оршы, Віцебска, Мінска, Маладзечна, Ліды. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНУКА́ЛАЎ (Аляксей Фёдаравіч) (29.2.1916, с. Новарасляеўка Саратаўскай вобл., Расія — 27.4.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Віцебскай і Смаленскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі (1936), Іркуцкае ваен. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Лепеля, Оршы, Смаленска. Трапіўшы ў акружэнне, у жн. 1941 арганізаваў партыз. атрад «Радзіма», які ў крас. 1942 рэарганізаваны ў брыгаду «Аляксей», камандзірам якой быў Д. (пазней партыз. брыгада яго імя). Падпалкоўнік Д. загінуў у баі ў час выхаду з блакады. У Лепелі на яго магіле помнік, у в. Кавалі Лёзненскага р-на мемар. музей Д., устаноўлены яго бюст.

т. 6, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-т грамадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.​Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДЗІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1905,

паўстанне рабочых Лодзі 22—24.6.1905 у рэв. 1905—07. 18 чэрв. царскія войскі абстралялі рабочых, якія вярталіся з нелегальнага сходу (забілі 10, паранілі 40 чал.). Пахаванне вылілася ў паліт. дэманстрацыю (больш за 50 тыс. чал.). 21 чэрв. расстраляна дэманстрацыя пратэсту (удзельнічала 70 тыс. чал., забіты 21, паранена больш за 100 чал.). Лодзінскі к-т Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы заклікаў працоўных да ўсеаг. забастоўкі, якая 22 чэрв. перарасла ва ўзбр. паўстанне. Рабочыя ўзвялі каля 50 барыкад. Да 24 чэрв. паўстанне задушана. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Лодзі, дэманстрацыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Беларусі (Гродне, Ваўкавыску, Слоніме, Оршы, Копысі).

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУТКО́Ў (Сцяпан Дзмітрыевіч) (1.1.1911, г. Апочна Лодзінскага ваяв., Польшча — 10.4.1978),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. авіяцыі (1955). Скончыў Арэнбургскую ваен. школу лётчыкаў (1936), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). У Чырв. Арміі з 1933. У Вял. Айч. вайну маёр П. да лютага 1943 зрабіў 43 баявыя вылеты. Знішчальная дывізія на чале з П. у чэрв.—ліп. 1944 наносіла ўдары па ворагу ў раёнах Оршы, Барысава, Мінска, Гродна; на чыг. участку Орша—Барысаў лётчыкі дывізіі паралізавалі рух у тыле праціўніка, нанеслі значныя страты ворагу ў мінскім «катле». Да 1971 у Сав. Арміі. Ганаровы грамадзянін г. Ліда Гродзенскай вобл.

т. 13, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ СТАДЫЯ́Л (ад г. Орша),

максімальны стадыял апошняга паазерскага зледзянення на Беларусі. Адбыўся 17,7—17 тыс. г. назад у час найб. развіцця ледавіковага покрыва, граніцы якога супадалі з паўд. мяжой Беларускага Паазер’я. Кліматычныя ўмовы былі самыя суровыя за ўсё зледзяненне. У краявой зоне сфарміраваліся марэнныя, водна-ледавіковыя, лёсападобныя і інш. адклады. Канцавыя марэнныя ўзвышшы (складзены пераважна з пясчана-жвіровага матэрыялу) цягнуцца ад Оршы на З да воз. Сялява, гарадоў Лепель, Докшыцы і воз. Нарач. На рэках бас. Дняпра і Нёмана ўтварыліся другія надпоймавыя тэрасы. Сфарміраваліся асн. рысы сучаснага рэльефу паўд. Паазер’я. На Пд ад мяжы Аршанскага стадыяла намнажаліся покрыўныя лёсападобныя адклады (на Аршанска-Магілёўскай раўніне, Навагрудскім узв. і Мазырскай градзе).

М.​Я.​Камароўскі.

т. 1, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВО́ЧКА, сапа (Abramis sapa),

рыба роду ляшчоў сям. карпавых. Водзіцца ў рэках бас. Чорнага, Азоўскага, Каспійскага мораў, у р. Волхаў бас. Балтыйскага м. На Беларусі — у Дняпры (да Оршы) і вял. яго прытоках. Мясц. назвы кляпец, глазач, лупар.

Даўж. да 35 см, маса да 1 кг. Вонкава падобная да ляшча, але мае больш выцягнутае цела, вял. вочы і доўгі анальны плаўнік. Афарбоўка цела серабрыстая, спіна цёмная, плаўнікі шэрыя, некаторыя з больш цьмянымі краямі. Радужына вока бела-серабрыстая (адсюль назва). Луска вялікая, шчыльная. Існуюць 2 формы: жылая і паўпрахадная. Нерастуе ў рэчышчах рэк у сак.—маі ва ўзросце 4—5 гадоў. Корміцца лічынкамі насякомых, малюскамі, расліннасцю. Мае прамысл. значэнне.

Белавочка.

т. 2, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРО́Ў (Георгій Лаўрэнцьевіч) (10.1. 1896, в. Балахнята Сафонаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 24.5.1967),

расійскі і бел. архітэктар. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1926). Працаваў у Маскве, у 1928—34 у Мінску. Работы на Беларусі: гал. корпус і карпусы ф-таў БДУ (1928—31), клінічны гарадок (1931), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Беларуская політэхнічная акадэмія, лабараторны корпус і друкарня імя Ф.​Скарыны Нац. АН Беларусі (1934) — усе ў Мінску, інтэрнат і навук. корпус Бел. с.-г. акадэміі ў г. Горкі Магілёўскай вобл. (1930—33), будынак кінатэатра ў Оршы (1932). Сярод інш. работ: кінастудыі ў г. Алматы, Ашгабаце, Бішкеку (1956—59, у сааўт.), кінатэатры ў Бухарэсце (1956), Сафіі (1958) і інш.

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДБА́ЙЛА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 28.1.1923, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., чэрв. 1945). Ген.-маёр авіяцыі (1970). Скончыў Варашылаўградскую ваенна-авіяц. школу пілотаў (1943), Ваенна-паветр. акадэмію (1951). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з сак. 1943 на Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах пілот, камандзір звяна, эскадрыллі штурмавога авіяц. палка. Зрабіў 219 баявых вылетаў. Вызначыўся ў баях за вызваленне Крыма, Беларусі (у чэрв.—ліп. 1944 наносіў паветр. ўдары па праціўніку каля Оршы, Талачына, у мінскім «катле»), Прыбалтыкі, Усх. Прусіі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваенна-навучальных установах ВПС. Аўтар кнігі «У гвардзейскай сям’і» (1975).

А.К.Нядбайла.

т. 11, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́ДАЎ КА́МЕНЬ,

манументальны помнік эпіграфікі 12 ст., каля в. Дзятлава Аршанскага р-на, за 18 км ад Оршы. Адкрыты і даследаваны ў 1792. Валун выш. да 3 м з высечаным 6-канцовым крыжам (выш. 160 см) і надпісам на стараж.-рус. мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову». Выш. літар. 15 см. Крыж і надпіс высечаны ў 1171 паводле загаду друцкага кн. Рагвалода Барысавіча пасля галоднай зімы 1170—71 у спадзяванні на ўраджай. Пазней над Р.к. была пабудавана капліца. Падобны да Барысавых камянёў. Не збярогся.

Рагвалодаў камень у капліцы. 1890-я г.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)