ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РЫ ((Cori) Карл Фердынанд) (5.12. 1896, Прага — 19.10.1984) і Коры Герці Тэрэза (15.8.1896, Прага — 26.10.1957),
амерыканскія біяхімікі. Муж і жонка. Чл.Нац.АН ЗША. Скончылі Пражскі ун-т (1920). З 1922 ва ун-тах ЗША. Навук. працы па абмене вугляводаў, вывучэнні ферментаў. Адкрылі працэс рэсінтэзу глікагену з малочнай кіслаты (цыкл К.), выдзелілі глюкоза-1-фасфат («эфір К.») і ўстанавілі яго ролю ў абмене вугляводаў, раскрылі біяхім. механізмы дзеяння інсуліну. Нобелеўская прэмія 1947 (разам з Б.Усаем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДАкоз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.
Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕФІ́РНЫЯ «ГРЫБКІ́»,
закваска для атрымання кефіру з каровінага малака. Уключае казеін і мікраарганізмы: малочна-кіслы стрэптакок (Streptococcus lactis), які зброджвае лактозу з утварэннем малочнай кіслаты; малочна-кіслая палачка (Streptobacterium plantarum), што надае кефіру неабходную кансістэнцыю і смак; малочныя дрожджы (Torulopsis kefir), якія зброджваюць лактозу з утварэннем этылавага спірту і вуглякіслага газу. У высушаным стане К.«г.» — залаціста-жоўтыя зярняты велічынёй з лясны арэх, у малацэ павялічваюць аб’ём у 2—5 разоў. Радзіма К.«г.» — Каўказ, дзе ў стараж. час была адабрана закваска з натуральна складзеным згуртаваннем мікраарганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЎЦАЎ (Мікіта Фёдаравіч) (26.9.1895, в. Воздрама Шчокінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 1987),
расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1956). Герой Сац. Працы (1975). Скончыў Маскоўскі зоатэхн. ін-т (1935). У 1956—72 акад.-сакратар Аддз. жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Навук. працы па малочнай і мясной жывёлагадоўлі і яе пароднай перабудове, развіцці плем. службы, вывядзенні новых парод буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Межпородное скрещивание крупного рогатого скота. М., 1951;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕНО́ЛІЗ (ад глікаген + ...ліз),
працэс анаэробнага ферментатыўнага распаду глікагену ў тканках. Ажыццяўляецца гідралітычна (пры ўздзеянні амілаз) і фасфаралітычна (галоўны шлях) — пад уздзеяннем глікагенфасфарылазы ў прысутнасці неарган. фасфату ад глікагену аддзяляецца глюкоза-1-фасфат, які ператвараецца фосфаглюкамутазамі ў глюкоза-6-фасфат. У клетках печані пазваночных гэтае злучэнне гідралізуецца глюкоза-6-фасфатазай з утварэннем свабоднай глюкозы, якая паступае ў кроў. У клетках шкілетных мышцаў усе наступныя пераўтварэнні глюкоза-6-фасфату аналагічныя гліколізу. Энергетычны выхад ад фосфаралітычнага распаду глікагену да малочнай к-ты выражаецца ў сінтэзе 2 малекул АТФ у разліку на адно звяно глюкозы малекулы глікагену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́АНЕНСКАЯ ПАРО́ДАкоз.
Малочнага кірунку. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Швейцарыі, у даліне р. Зане (Сарын). Найб. пашыраная ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. Гадуюць у Расіі з 1905, на Беларусі — аматары. Выкарыстоўваюць для паляпшэння малочнай прадукцыйнасці мясц. коз.
Козы буйныя, моцнай сухой канстытуцыі, з добра выразным малочным тыпам целаскладу, пераважна камолыя. Вымя развітае, з вял. саскамі. Скура тонкая, эластычная. Масць пераважна белая. Жывая маса казлоў 70—80 кг, матак 50—60 кг. Воўна кароткая, восць тонкая. Сярэдняя малочнасць 600—700 кг, найб. — 1000 кг. Тлустасць малака 3,5—4,5%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАЧЫ́ЦКІ (Фёдар Уладзіміравіч) (н. 6.9.1936, в. Баяры Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Засл. работнік сельскай гаспадаркі Беларусі (1983). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1962). У 1969—94 нам., першы нам. міністра сельскай гаспадаркі, нам. старшыні Дзяржплана, першы нам. старшыні Дзяржаграпрама, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі. Навук. працы па кормавытворчасці, свінагадоўлі, малочнай жывёлагадоўлі, племягадоўлі, эканоміцы і арганізацыі с.-г. вытворчасці.
Ф.У.Мірачыцкі.
Тв.:
Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1980 (у сааўт.);
Пути развития кормопроизводства // Весці АНБССР. Сер. с.-г.навук. 1982. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЮШЭ́НКА (Ціхан Антонавіч) (н. 20.8.1921, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне анкалогіі, пісьменнік. Д-рмед.н. (1975), праф. (1982). Скончыў Харкаўскі мед.ін-т (1952). У 1966—75 і з 1978 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1969 заг. аддзялення). Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні дысгарманальных гіперплазій і раку малочнай залозы, комплекснай тэрапіі раку страўніка і тоўстай кішкі. Аўтар раманаў “Мужчыны не плачуць” (1986), “Галоўны ўрач” (1990) і інш.
Тв.:
Неотложная хирургия при раке толстой кишки. Мн., 1980 (у сааўт.);
Дисгормональные гиперплазии и рак молочной железы. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРГА́,
пылок кветак, сабраны пчалой меданоснай, змочаны нектарам, пакладзены ёй у ячэйкі сотаў і заліты мёдам. У анаэробных умовах, пад уздзеяннем ферментаў, бактэрый і дражджавых грыбкоў павялічваецца колькасць малочнай к-ты, якая кансервуе сумесь і ператварае яе ў П. У склад П. ўваходзяць бялкі 13—40%, тлушчы 0,3—12%, вугляводы 24—70%, ферменты, мінер. солі, вітаміны, гармоны. П. — каштоўны пратэінавы корм, неабходны для выкормлівання пчалінага расплоду вясной, яе адсутнасць затрымлівае развіццё пчалінай сям’і і зніжае медазбор. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. П. пры лячэнні неўрозаў, неўрастэніі, цукр. дыябету, анеміі, гепатыту і інш.