сукупнасць тэхнал. абсталявання, прамысловых робатаў і сродкаў іх аснашчэння, якая функцыянуе аўтаномна. Структура РТК залежыць ад прызначэння, выбару абсталявання і робатаў, характару вытв-сці. Паводле віду тэхнал. працэсу адрозніваюць РТК для мех. апрацоўкі вырабаў, халоднай штампоўкі, коўкі, ліцця, прасавання пластмас, тэрмічнай апрацоўкі, зваркі, зборкі, кантролю і г.д. РТК для работы ў складзе гібкіх вытв. сістэм (напр., гібкі вытворчы модуль, дапоўнены прамысл. робатам) павінны аўтаматызавана пераналаджвацца.
Асн. крытэрый адбору тэхнал. абсталявання пры арганізацыі РТК — ступень яго аўтаматызацыі: яна павінна быць дастатковай, каб без значных канструкцыйных пераробак забяспечыць работу ў аўтам. рэжыме, а прамысл. робат — у макс. ступені змяншаць удзел чалавека ў выкананні аперацый. У сістэмах кіравання звычайна выкарыстоўваюць многапрацэсарныя прыстасаванні лічбавага праграмнага кіравання, якія даюць магчымасць лёгка і хутка прыстасоўваць РТК да змены ўмоў работы. Работа РТК характарызуецца аб’ёмам партый прадукцыі, якія могуць выпускацца без пераналадкі комплексу, і наменклатурай (пералікам) выпускаемых відаў прадукцыі.
Літ.:
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Белянин П.Н., Идзон М.Ф., Жогин А.С. Гибкие производственные системы. М., 1988;
Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;
Робототехника и гибкие автоматизированные производства. Кн. 1—9. М., 1986.
А.В.Самойленка.
Схемы рабатызаваных тэхналагічных комплексаў з прамысловым робатам: а — убудаваным у станок (1, 3 — сістэмы кіравання робата 4 і станка 2; 5 — тактавы стол); б — убудаваным у гібкі вытворчы модуль (1 — станок, 2 — робат, 3 — стэлаж з загатоўкамі і апрацаванымі дэталямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЗЬ (лац. Cuprum),
Cu, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 29, ат. м. 63,546. Прыродная М. складаецца з 2 стабільных ізатопаў 63Cu (69,09%) і 65Cu. У зямной кары 4,7∙10−3% па масе. Трапляецца пераважна ў выглядзе злучэнняў з серай, а таксама самародная М. (гл.Медныя руды). Іоны М. ўдзельнічаюць у шматлікіх фізіял. працэсах; сярэдняя колькасць М. ў жывых арганізмах 2 10−4% па масе, у крыві чалавека 10−3мг/л. Вядомая чалавецтву з глыбокай старажытнасці; лац. назва паходзіць ад назвы в-ва Кіпр, славянская — ад назвы краіны Мідыя, дзе ў старажытнасці здабывалі медную руду.
Мяккі, пластычны і коўкі метал ружова-чырвонага колеру, 1083,4 °C, шчыльн. 8920 кг/м³. Найб. важныя фіз. ўласцівасці М. — высокая цеплаправоднасць і малое эл. супраціўленне (саступае толькі серабру). Хімічна мала актыўная. У сухім паветры не акісляецца, у вільготным (у прысутнасці дыаксіду вугляроду) пакрываецца зеленаватай плёнкай асноўнага карбанату CuCO3 Cu(OH)2. Раствараецца ў азотнай і канцэнтраванай сернай к-тах. Пры награванні на паветры акісляецца з утварэннем медзі аксідаў. Узаемадзейнічае з галагенамі, серай, селенам (гл.Медзі злучэнні). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, крэмніем. Утварае комплексныя злучэнні з аміякам. цыянідамі і інш.Асн. колькасць М. атрымліваюць з сульфідных руд піраметалургічным метадам. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу правадоў, кабеляў, токавядучых частак эл. установак, як кампанент сплаваў (гл.Медныя сплавы).
Літ.:
Онаев И.А., Жакибаев Б.К. Медь в истории цивилизации. Алма-Ата, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,
розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял.Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).
А.С.Сардараў.
Да арт.Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Медзь, міедь, мідь ’вязкі і коўкі метал чырванаватага колеру’, ’выраб з медзі’, ’медныя грошы’ (ТСБМ; драг., КЭС; Бес.). Укр.мідь, рус.медь, польск.miedź ’медзь’, н.-луж.měź ’тс’, ’бронза’, ’латунь’, в.-луж.mjedź ’руда’, а значэнне ’медзь’ — з чэш. мовы (Шустар-Шэўц, 12, 920); чэш.měď, славац.meď ’медзь’, славен.mẹ̑d ’медзь’, ’латунь’, серб.-харв.mjȅd, макед., балг.мед, ст.-слав.мѣдь ’медзь’. Прасл.mědь не мае генетычна блізкіх і.-е. адпаведнікаў. Яе збліжаюць са ст.-ісл.smiðr, ст.-в.-ням.smid ’каваль’, з ірл.mēin(n) ’метал руды’, ст.-грэч.σμίλα ’нож для вырэзвання’ (Міклашыч, 194; Аткупшчыкоў, Из истории, 157). Бернекер (2, 46) параўноўваў яе з ц.-слав.смѣдь ’цёмны, шэры’. Больш падрабязна літаратуру гл. Фасмер (2, 591), Покарны (697). Абаеў (Зб. Младэнаву, 321) выводзіць лексему mědь з назвы краіны Мідзія са ст.-іран.Māda‑ праз ст.-грэч.іян.Μηδία, з якой медзь іянійцы прывозілі ў свае калоніі на Чорным моры (Ольвія і інш.). Аналагічна лац.cuprum ’медзь’ < ст.-грэч.Κύπρος ’Кіпр’. Сюды ж медзякі ’медныя грошы’ (Яруш., ТСБМ) (відаць, з разм. рус.медяки), ме́дны, медзя́ны, медзяні́сты ’які мае адносіны да медзі: зроблены з медзі, падобны колерам на медзь або да іншых каляровых металаў’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), ме́дзень ’медны кацёл’ (паўд.-усх., КЭС).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян.арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.
Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст.коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал.арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».