РО́ЧЭСТЭР (Rochester),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Нью-Йорк. Засн. ў 1854. 216,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 1 млн. ж. (1998). Трансп. вузел, порт на воз. Антарыо і канале Эры. Вядучы цэнтр краіны па вытв-сці фота- і кінатэхнікі. Прам-сць оптыка-мех., радыёэлектронная і прыладабуд., у т. л. вытв-сць капіравальнага і паліграф. абсталявання, мед. інструменту, ЭВМ, электронна-аптычных і аптычных прылад, кантрольна-вымяральнай апаратуры; паліграф., харч., швейная. Развіты таксама станкабудаванне, вытв-сць прамысл. абсталявання, аўтамаб. дэталяў і вузлоў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Малера, А.​Брукнера, І.​Брамса, Л.​Бетховена і інш.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙЧО́РАЎ (Аляксандр Мухтаравіч) (н. 4.10.1948, г. Гродна),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БДУ (1971), дзе выкладаў з 1974. У 1980—87 у Сакратарыяце ААН (Нью-Йорк). З 1987 у Ін-це кіравання і паліталогіі, БДУ. З 1993 нач. упраўлення міжнар. бяспекі і раззбраення МУС Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы знешняй палітыкі ЗША, еўрап. бяспекі і міжнар. кантролю над узбраеннем.

Тв.:

США 70-х: социальные проблемы и противоречия. Мн., 1979;

От «разбитого» поколения к контркультуре. Мн., 1982;

Неоколониализм и международный терроризм. Мн., 1985;

Введение в политологию. Мн., 1991.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОЎТ ((Blout) Элкан Роджэр) (н. 2.7.1919, Нью-Йорк),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1969) і Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Замежны чл. АН СССР (1976). Скончыў акадэмію Філіпс эксэтэр (1935), Прынстанскі ун-т (1939). З 1943 узначальваў карпарацыю «Паляроід компані». У 1960—69 (з 1962 праф.) у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па біяхіміі пратэалітычных ферментаў і бялкоў, якія ёсць у мембранах эрытрацытаў, будове і метадах даследаванняў біяпалімераў з выкарыстаннем фіз. метадаў даследавання (дысперсія аптычнага вярчэння, кругавы дыхрамізм, ядз. магн. рэзананс і інш.).

т. 3, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГАРТ ((Bogart) Хэмфры) (25.12.1899, Нью-Йорк — 14.1.1957),

амерыканскі акцёр. З 1920 выступаў у тэатры, з 1930 у кіно. Выконваў ролі т.зв. моцных мужчын са складаным унутраным светам у гангстэрскіх і дэтэктыўных фільмах, вестэрнах: «Акамянелы лес» (1936), «Высокая Сьера» і «Мальтыйскі сокал» (1941), «Афрыканская каралева» (1951, прэмія «Оскар»), «Тым цяжэй будзе падзенне» (1956) і інш., што зрабіла яго культавым героем амер. кінематографа. Раптоўная смерць акцёра садзейнічала пэўнай міфалагізацыі яго вобраза.

Літ.:

Базен А. Смерть Хэмфри Богарта // Базен А. Что такое кино? : Пер. с фр. М., 1972.

т. 3, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́МЛІНЫ (англ. drumlin, адз.л.),

прадаўгавата-авальныя ўзгоркі, выцягнутыя па падоўжнай восі ў напрамку руху б. ледавіка. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да 2—3 км, шыр. ад 100 да 400 м, выш. ад 5 да 45 м. Складзены пераважна з асн. марэны, часта маюць ядро з флювіягляцыяльных пяскоў ці карэнных парод. Паходжанне Д. найчасцей звязваюць з працэсамі падлёднай акумуляцыі і ледавіковай эрозіі. Месцамі Д. ўтвараюць т.зв. друмлінавыя палі, у самым вял. з іх (штат Нью-Йорк, ЗША) каля 10 тыс. Д. На Беларусі Д. трапляюцца ў Паазер’і.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВІ ((Garvey) Маркус) (17.8.1887, г. Сент-Анс-Бей, Ямайка — 10.6.1940),

дзеяч негрыцянскага руху ў ЗША. У 1914 заснаваў на Ямайцы Сусветную асацыяцыю паляпшэння становішча неграў (САПСН). У 1916 пераехаў у Нью-Йорк, перавёў туды штаб-кватэру САПСН, дамогся яе ператварэння ў масавую арг-цыю. Заклікаў вырашыць негрыцянскае пытанне шляхам перасялення амер. неграў у Афрыку і стварэння там негрыцянскай дзяржавы (т.зв. гарвізм). Для здзяйснення гэтай мэты ўвайшоў у кантакт з ку-клукс-кланам і атрымаў субсідыі ад улад. Пасля арышту Гарві (1925) САПСН распалася. У 1927 сасланы на Ямайку.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЭ́ШАЎ ((Glaschow) Шэлдан Лі) (н. 5.12.1932, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Бацькі Глэшава паходзяць з Беларусі. Скончыў Корнелскі (1954) і Гарвардскі (1955) ун-ты. З 1966 праф. Гарвардскага ун-та. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і тэорыі элементарных часціц. Выказаў гіпотэзу пра існаванне новага квантавага ліку — чароўнасці (1964). Мадыфікаваў тэорыю слабага і электрамагнітнага ўзаемадзеяння Вайнберга—Салама і ўключыў у разгляд зачараваныя кваркі (1970). Прапанаваў тэорыю, якая аб’ядноўвае слабыя, эл.-магн. і моцныя ўзаемадзеянні (гл. «Вялікае аб’яднанне»). Нобелеўская прэмія 1979.

Ш.Глэшаў.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛ-МАН ((Gell-Mann) Мюрэй) (н. 15.9.1929, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1960). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1951). У 1952—54 у Чыкагскім ун-це, з 1954 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1956 праф.). Навук. працы па квантавай тэорыі поля і фізіцы элементарных часціц. Увёў паняцце дзіўнасці (1953) і адкрыў закон яе захавання (незалежна ад К.​Нішыджыма). Разам з Р.​Фейнманам распрацаваў тэорыю слабых узаемадзеянняў (1958), прапанаваў сістэматыку элементарных часціц (1961), выказаў гіпотэзы аб кварках (1964) і глюонах (1973). Нобелеўская прэмія 1969.

М.Гел-Ман.

т. 5, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІНТЭРНЭ́ШАНАЛ БІ́ЗНЕС МЭШЫ́НС КАРПАРЭ́ЙШЭН»

(International Business Machines Corporation),

электронная кампанія ЗША. Засн. ў 1911. Штаб-кватэра размешчана ў г. Арманк (штат Нью-Йорк). Адна з найб. у свеце прамысл. кампаній па вытв-сці офіснага абсталявання, выліч. тэхнікі, камп’ютэраў, размнажальных машын, дыктафонаў і інш. У сярэдзіне 1980-х г. кантралявала каля 60% сусв. вытв-сці ЭВМ, у кампаніі было занята 387 тыс. чал. Абарот складаў 59,7 млрд. дол., чысты прыбытак — 5,8 млрд. долараў. Сярод распрацовак кампаніі — жорсткі магнітны дыск (т.зв. вінчэстэр), найб. папулярная мадэль персанальнага камп’ютэра.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)