падабра́ць, падбяру, падбярэш, падбярэ; падбяром, падбераце; зак., каго-што.
1. Сабраць, падняць што‑н. з зямлі, падлогі. Падабраць рассыпаныя арэхі. □ Дзяўчынка борздзенька падабрала з зямлі букецік палявых кветак, жвава ўстала. Каршукоў. // Разм. Знайшоўшы, узяць з сабою. Падабраць раненых. □ Мы падабралі чалавека і занеслі ў партызанскі лагер. Сачанка. [Чарэнда:] — Жонку маю .. забіла асколкам, а дачка засталася жывая. Падабраў яе тады на шашы хтосьці з мясцовых. Чыгрынаў. // перан. Разм. Узяць да сябе (аб кім‑н. пакінутым). Падабраць бяздомнага ката. // Разм. Захапіўшы па дарозе, падвезці каго‑н. [Машына] падабрала Міколу і разам з іншымі раненымі перакінула ў клінічны гарадок. Якімовіч.
2. Схаваць пад што‑н. Падабраць валасы пад хустку. // Сагнуўшы, падцягнуць пад сябе (пра часткі цела). [Жанчына] зноў падабрала пад сябе ногі, зірнула на хлопца, які нават і не паварухнуўся, і ўздыхнула. Ракітны. Сабака падабраў хвост і кінуўся прэч пад павець. Лупсякоў.
3. Падмяць пад сябе, апынуўшыся наверсе. — Калясом пакаціліся — то я яго пад сябе падбяру, то .. [Сенька] наверх выкарабкаецца... Краўчанка.
4. Прыўзняць уверх. Падабраць спадніцу. □ Франя агледзелася, ці бачыць хто яе, падабрала ў руку падол сарафана. Лось.
5. Адабраць, стварыць шляхам падбору. Падабраць брыгаду. □ З мясцовай моладзі .. [Палякаў і Любімаў] падабралі сабе добрых памочнікаў і пачалі праходку ствалоў. Кулакоўскі. // Адбіраючы, выбраць нешта патрэбнае, адпаведнае. Падабраць ключ. Падабраць пасаду. □ Бяроза доўга не магла падабраць слоў, каб дайсці да галоўнага, да таго, што здарылася з імі ў дарозе. Няхай. Ужо трэба было ісці, а Ніна плацця не магла падабраць. Лобан. [Каціны] лыжы .. [старшына] забракаваў. Падабраў другія, лёгкія, праверыў мацаванне. Алешка. // Размясціць у пэўным парадку па якой‑н. агульнай прыкмеце. Падабраць карты па масці. Падабраць ніткі па ўзору. // Адбіраючы для пэўнай мэты, сабраць неабходнае. Падабраць цытаты. □ Аляксей разам з Верай схадзіў у бібліятэку, памог ёй падабраць кнігі і з ёй пайшоў на Зарадзвінне. Гаўрылкін. // Выбраць зручны момант, час. Размова ішла так, што самы раз было сказаць тое, што .. [Андрэй] павінен быў сказаць.. Лепшага выпадку не падбярэш. Арабей. [Стары:] — Я табе, Тамаш, скажу ў вочы, — не мог ты, ліха табе, падабраць іншага якога, святочнага, скажам, дня, а то напалі моду адрываць людзей ад работы. Чорны.
6. Падшукаць, знайсці правільнае або патрэбнае музычнае выражэнне. [Лена:] — От зайграла я на баяне. А Барыска пачуў песню і просіць: «Дай, мамачка, зайграць...» І што ж вы думаеце?.. Падабраў адразу мелодыю. Кірэенка. Поля, у якой быў магнітафон, прапанавала падабраць музыку і зрабіць тэкст да кінафільма. Шыловіч.
7. Разм. Сабраць усё, усіх; сабраць усе рэшткі. [Шутаў] падабраў усе рэзервы, усе дапаможныя падраздзяленні і ўмацаваў батальёны. Мележ. Бульбу ў калгасе пакапалі, лён і каноплі падабралі і во-во пачнуць вазіць на завод. Лупсякоў.
8. перан. Разм. Узяць пад сваю ўладу; захапіць. [Сідаровіч:] — Вядома, ёсць за каго [Данілу] заступацца. Гэтакую гаспадарку пад сябе падабраў... Чарнышэвіч.
•••
І крошкі падабраць — быць вельмі падобным на каго‑н. з бацькоў або родных.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутка, скора, шпарка, быстра, спешна, паспешна, паспешліва, спехам, спяшаючыся, торапка, таропка, тарапліва, жвава, мігам, уміг, імкліва, імпэтна, імгненна, вокамгненна, увачавідкі, ураз, умомант, бегла, маланкава, кулём, стрымгалоў, наўскач, бягом, бегма, лёцьма, улёт; наскора, духам (разм.); шыбка, моцна, борзда, борздка, хапатліва, хапліва, упохапкі, хапаючыся, вобмельгам, вомегам, вобцас, кумільгом, кумільгна, наўскапыта, учвалам, угрунь, сугрунём (абл.); ліхаманкава, шалёна, ашалела, птушкай, каменем, куляй, стралой, ветрам, віхрам, агнём, перуном, маланкай, безаглядна (перан.) □ у хуткім тэмпе, на скорую руку, спешным парадкам, наспех, у той жа час, у адзін момант, як адзін момант, у хвіліну, за адну хвіліну, у мінуту, у імгненне, у адно імгненне, у імгненне вока, у міг вока, у два мігі, у вачах, на вачах, як бачыш, як відзіш, як на дражджах, не па днях, а па гадзінах, на ўвесь дух, ва ўвесь дух, у адзін дух, адным духам, што ёсць духу, адным дыхам, колькі сілы, што сілы, на ўсю сілу, як дуж, як мага, на ўсе жылы, адным махам, у абгонкі, на хаду, на ўвесь ход, на поўны ход, на ўвесь скач, на адной назе, ва ўсе ногі, з усіх ног, з усіх чатырох ног, не чуючы ног, у два скокі, ва ўсе лапаткі, на злом галавы, на злом шыі, з усіх капытоў, без аглядкі, як на пажар, высалапіўшы язык, як куля, як корак з бутэлькі, як птушка, на крылах, на крыллях, як маланка, як страла, як вецер, як віхор, на ляту, раз-раз, раз-два
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)